Псалтыр 77 псалом

Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Кіраўніку хору: паводле Ядутуна. Псальм Асапавы.
 
Кіраўніку хору. Едутуну. Псальм Асафа.

Голас мой да Бога, і буду галасіці; голас мой да Бога, каб пачуў мяне.
 
Голас мой да Бога, і буду крычаць; голас мой да Бога, і Ён пачуў мяне.

У дзень тугі маёй шукаю я Госпада; уначы рука мая працягнулася і ня спускаецца; душа не дала пацешыць сябе.
 
У дзень трывогі маёй шукаю я Госпада; уначы рука мая працягнутая і не зьнемагаецца; адмаўляецца ад пацяшэньня душа мая.

Бога ўспамінаю і стогну; разважаю, а душа ўстрывожана. (Зэля)
 
Узгадваю пра Бога і стогну; енчу і зьнемагае дух мой. (Сэлях)

Ты не даеш мне заплюшчыць павекі мае; трывога прыйшла на мяне, і не магу гаварыць.
 
Ты затрымаў павекі вачэй маіх; я ўстрывожаны, і не магу гаварыць.

Разважаю аб днях даўных, аб гадох вякоў мінулых.
 
Разважаю пра дні старадаўнія, пра гады спрадвечныя.

Уначы ўспамінаю песьні мае, разважаю ў сэрцы маім, і дух мой дапытываецца:
 
Уначы ўзгадваю песьні мае, енчу ў сэрцы маім, і дапытваецца дух мой:

Няўжо-ж адцураўся Госпад навекі і ня будзе больш спагадаць?
 
«Няўжо Госпад на вякі адкінуў мяне і ня будзе больш спагадаць?

Няўжо-ж назаўсёды канец ласцы Ягонай, і вернасьць з роду ды ў род прыпынілася?
 
Няўжо назаўсёды канец міласэрнасьці Ягонай, і вестка з пакаленьня ў пакаленьне счэзла?

Няўжо-ж Бог забыў міласэрнасьць Сваю і ў гневе Сваім літасьць Сваю?
 
Няўжо Бог забыўся пра літасьцівасьць Сваю і спыніў у гневе Сваім літасьць Сваю?» (Сэлях)

І сказаў я: Гэта-ж мука мая, што правіца Ўсявышняга зьмянілася.
 
І я сказаў: «Гэта боль мой, што зьмянілася правіца Найвышэйшага.

Успамяну я дзеяньні Госпада; але, успамінаці буду дзіўныя дзеяньні Твае спрад вякоў.
 
Буду ўзгадваць дзеяньні ГОСПАДА; бо хачу ўзгадваць цуды Твае старадаўнія.

Буду разважаці аб усіх учынках Тваіх і аб вялікіх дзеяньнях Тваіх апавядаціму.
 
І буду разважаць пра ўсе справы Твае, і пра вялікія ўчынкі Твае буду апавядаць».

У сьвятасьці, Божа, Твой шлях; хто-ж гэткі вялікі, як наш Госпад Бог?
 
У сьвятасьці, Божа, шлях Твой. Які Бог гэтакі вялікі, як Бог?

Ты Бог, што цуды робіць. Ты выявіў магутнасьць Тваю пасярод народаў.
 
Ты — Бог, Які цуды робіць. Ты даў спазнаць народам моц Тваю.

Рукой Тваёй Ты народ Твой вызваліў, сыноў Якуба й Язэпа. (Зэля)
 
Ты бараніў рамяном Тваім народ Твой, сыноў Якуба і Язэпа. (Сэлях)

Убачыўшы Цябе, о Божа, убачыўшы Цябе, воды задрыжэлі, і глыбіні бяздонныя зварухнуліся.
 
Убачылі Цябе воды, Божа, убачылі Цябе воды і задрыжэлі, і затрэсьліся бяздоньні.

Патокамі воднымі люнулі хмары густыя; грымелі аблокі, і лёталі стрэлы Твае.
 
Лінулі з хмараў воды; выдалі голас аблокі, і лёталі стрэлы Твае.

У віхры голас грымоту Твайго разнасіўся; маланкі ўвесь сьвет асьвятлялі; зямля дрыжэла й гудзела.
 
Голас грымотаў Тваіх у віхуры; маланкі сусьвет асьвятлялі; зямля трэслася і дрыжэла.

Праз мора йшоў шлях Твой, і праз воды вялікія сьцежка Твая, і сьлядоў Тваіх нельга пазнаці.
 
Праз мора ішоў шлях Твой, і сьцяжына Твая — праз воды вялікія, і сьлядоў Тваіх нельга пазнаць.

Ты вёў Твой народ, як авечкі, рукой Маісея й Аарона.
 
Ты вёў народ Твой, як авечкі, рукой Майсея і Аарона.