Псалтыр 96 псалом
Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна
Сьпявайце Гоепаду новую песьню, сьпявайце Госпаду, усенька зямля!
Сьпявайце ГОСПАДУ новы сьпеў, сьпявайце ГОСПАДУ, уся зямля!
Сьпявайце Госпаду, багаслаўце імя Яго! З дня на дзень абвяшчайце спасеньне Ягонае!
Сьпявайце ГОСПАДУ, дабраслаўляйце імя Ягонае! З дня на дзень дабравесьціце пра збаўленьне Ягонае!
Апавядайце між паганамі славу Яго, між усімі народамі цуды Ягоныя.
Абвяшчайце між народамі славу Ягоную, між усімі людзьмі — цуды Ягоныя.
Бо вялікі ёсьць Госпад і годны хвалы, страшней за ўсіх чыста багоў!
Бо вялікі ГОСПАД і годны [ўсялякай] хвалы, годны страху больш за ўсіх багоў!
Бо ўсе богі народаў — нішто, а Госпад нябёсы стварыў.
Бо ўсе богі народаў — ідалы, а ГОСПАД нябёсы стварыў.
Веліч і краса прад абліччам Яго, сіла й вялікасьць у сьвятыні Ягонай.
Годнасьць і велічнасьць перад абліччам Ягоным, моц і краса — у сьвятыні Ягонай.
Аддайце Госпаду, плямёны народаў, аддайце Госпаду хвалу і чэсьць!
Аддайце ГОСПАДУ, плямёны народаў, аддайце ГОСПАДУ славу і моц!
Аддайце Госпаду славу, што іменьню Яго прыналежыць, нясеце дары ды йдзеце ў падворкі Ягоныя.
Аддайце ГОСПАДУ славу імя Ягонага, нясіце дары і ідзіце ў панадворкі Ягоныя.
Кіньцеся ніцма прад Госпадам у велічы сьвятыні; дрыжыце прад абліччам Яго, усе землі!
Пакланіцеся ГОСПАДУ ў велічы сьвятыні; дрыжыце перад абліччам Яго, усе землі!
Кажэце паганам: царуе Госпад! Ён сусьвет умацаваў, каб не пахіснуўся. І будзе судзіць Ён народы па праўдзе.
Скажыце народам: «ГОСПАД валадарыць! Ён сусьвет умацаваў, каб не пахіснуўся. І Ён будзе судзіць народы паводле справядлівасьці».
Хай узьвесяляцца нябёсы і ўзрадуецца зямля; хай мора ўзварухнецца і ўсё, што ў ім.
Няхай узьвесяляцца нябёсы і ўзрадуецца зямля; няхай мора гудзе, і ўсё, што ў ім.
Хай усьцешыцца ральля і ўсё, што на ёй; і ўзьвесяляцца тады ўсе дрэвы лясныя,
Няхай усьцешыцца поле і ўсё, што на ім; і будуць усклікаць тады ўсе дрэвы лясныя
перад Богам, Які йдзе, Які йдзе судзіці зямлю. Судзіць Ён будзе сусьвет па справядлівасьці і народы паводле праўды Сваёй.
перад абліччам ГОСПАДА, бо Ён ідзе, бо Ён ідзе судзіць зямлю. Судзіць Ён будзе сусьвет паводле праведнасьці і народы — паводле вернасьці Сваёй.