Псалтыр 90 псалом
Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна
Малітва Майсея, мужа Божага.Госпадзе, Ты нам прыпынак з роду ды ў род!
Малітва Майсея, мужа Божага. Госпадзе, Ты быў для нас сялібаю з пакаленьня ў пакаленьне!
Перш, чымся горы паўсталі, і Ты даў кшталт зямлі і сусьвету, ад веку й да веку ёсьць Ты, о Божа!
Перш, чым горы нарадзіліся, і Ты даў кшталт зямлі і сусьвету, ад веку і на вякі Ты ёсьць Бог.
Ты йзноў вяртаеш у пыл чалавека ды кажаш: вярнецеся, сыны чалавечыя!
Ты вяртаеш у друз чалавека і кажаш: «Вярніцеся, сыны Адама!»
Бо тысяча лет прад вачыма Тваімі — як учорашні дзень, што мінуў, і варта начная.
Бо тысяча гадоў перад вачыма Тваімі — як учорашні дзень, што мінуў, і варта начная.
Ты іх зносіш разводзьдзем; яны — як сон зраньня, як трава, што гібее.
Ты іх зносіш [разводзьдзем]; яны — як сон і як трава, якая раніцаю зелянее.
Наранку красуе яна й зелянее, а ўвечары вяне ды сохне.
Раніцаю квітнее яна і зелянее, а ўвечары зрэжуць яе, і яна сохне.
Вось гэтак праз гнеў Твоій мы нікнем, ад ярасьці Тваёй мы ўстрывожаны.
Бо мы зьнікаем ад гневу Твайго, ад ярасьці Тваёй мы спалоханыя.
Ты праступкі нашы прад Табою паклаў, грахі нашы ўкрытыя прад сьветласьцяй аблічча Твайго.
Ты паклаў беззаконьні нашыя перад Сабою, нашыя схаваныя [грахі] — перад сьветласьцю аблічча Твайго.
Бо ўсе дні нашы зьніклі ад гневу Твайго, гады нашы мінулі, быццам той уздох.
Бо ўсе дні нашыя прападаюць ад абурэньня Твайго, гады нашы сканчваюцца, быццам той уздых.
Дзён веку нашага гадоў семдзесят, а як пры сіле — гадоў восемдзесят; а пара ў іх найлепшая — толькі праца ды марнасьць, бо плывуць яны шыбка, і мы адлятаем.
Дзён гадоў нашых — гадоў семдзясят, а як пры сіле — гадоў восемдзясят; і найлепшае ў іх — гарапашнасьць і ліхоцьце, бо прамінаюць яны шпарка, і мы адлятаем.
Каму ведама сіла гневу Твайго ды ярасьць Твая, што да страху прад Табой адпаведная?
Хто ведае моц гневу Твайго і абурэньне Тваё, што як страх перад Табою?
Лічыць нашы дні — навучы Ты нас гэтага, каб прыдбаці нам мудрае сэрца.
Лічыць дні нашыя навучы Ты нас, каб прыдбаць нам мудрае сэрца.
Абярніся, о Госпадзе! Дакуль Ты? Над рабамі Тваімі зьлітуйся!
Павярніся, ГОСПАДЗЕ! Дакуль Ты? Пашкадуй слугаў Тваіх!
Зраньня нас ласкай Тваёй насычай, каб мы радаваліся й весяліліся ў-ва ўсе нашы дні.
Насыць нас раніцаю міласэрнасьцю Тваёй, каб мы весяліліся і радаваліся ў-ва ўсе дні нашыя.
Пацеш Ты нас на гэтулькі дзён, колькі Ты гнуў нас, ды на столькі гадоў, колькі жылі ў нядолі.
Узрадуй Ты нас паводле дзён, у якія Ты прыгнятаў нас, і паводле гадоў, у якія мы бачылі ліхое.
Хай над рабамі Тваімі зьявіцца дзела Тваё, і над сынамі іх — слава Твая.
Няхай зьявіцца над слугамі Тваімі справа Твая, і веліч Твая — над сынамі іхнімі.
Няхай ласка Госпада, Бога нашага, будзе над намі і ўмацуе дзела рук нашых. Замацуй Ты дзела рук нашых!
Няхай хараство Госпада, Бога нашага, будзе над намі і ўмацуе справы рук нашых. Умацуй Ты справы рук нашых!