Псалтыр 65 псалом

Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Кіраўніку хору: псальм Давідавы. Дзеля пяяньня.
 
Кіраўніку хору. Псальм Давіда. Сьпеў.

На Цябе надзея, Табе, о Божа, хвала на Сыоне; няхай споўнены будуць Табе абяцаньні.
 
Табе, Божа, прыналежыць хвала на Сыёне; і Табе будуць споўненыя абяцаньні.

Ты, што чуеш малітву, — да Цябе ўсё жывое імкнецца.
 
Ты чуеш малітву, да Цябе ўсякае цела імкнецца.

Віны мае перамаглі мяне; але Ты пакрываеш праступкі нашы.
 
Справы беззаконныя перамаглі мяне, але Ты дараваў нам правіны нашыя.

Шчасьце таму, каго выбраў Ты і прыблізіў, каб жыў ён у сенях Тваіх; насычаціся будзем дабром Твайго дому, сьвятога храму Твайго.
 
Шчасьлівы той, каго Ты выбраў і наблізіў, каб жыў ён на панадворках Тваіх; мы будзем насычацца даброцьцем Дому Твайго, сьвятой сьвятыні Тваёй.

Страшнымі ўчынкамі даеш нам адказ паводле Тваёй справядлівасьці, Божа, — Ты, што ёсьць наша спасеньне, усіх канцоў сьвету й далёкага мора надзея!
 
Страшнымі [ўчынкамі] ў праведнасьці Ты адказваеш нам, Божа збаўленьня нашага, пэўнасьць усіх канцоў зямлі і далёкага мора,

Што ўгрунтаваў Сваёй сілаю горы і моцаю падперазаўся.
 
Які ўгрунтаваў горы сілаю Сваёй, Які падперазаны магутнасьцю,

Што ўсьцішаеш шум мора, шум хваляў ягоных і хваляваньне народаў.
 
Які суцішае шум мора, шум хваляў ягоных і мноства народу.

Дык жыхары канцоў сьвету далёкіх баяцца знаменьняў Тваіх: землі на ўсходзе й на захадзе Ты славіць Цябе пабуджаеш.
 
І будуць баяцца знакаў Тваіх жыхары канцоў сьвету, землі на ўсходзе і на захадзе Ты разьвесяляеш.

Ты адведаў зямлю й напаіў яе; Ты яе ўзбагачаеш мнагаводным Божым патокам. Ты прыгатоўваеш хлеб для яе, бо гэтак спасобіш зямлю.
 
Ты наведаў зямлю і напаіў яе, Ты ўзбагаціў яе Божым струмянём, напоўненым водамі. Ты прыгатаваў збожжа на ёй, бо гэтак угрунтаваў яе.

Ты навадняеш разоры яе і скібы яе разрыхляеш, дажджовымі кроплямі яе разьмякчаеш, багаславіш яе ўраджаі.
 
Ты насычаеш разоры яе і разраўноўваеш скібы яе, кроплямі дажджу разьмякчаеш яе, парастак яе дабраслаўляеш.

Ты год завяршаеш дабратою Тваёй, і тукам сьцежкі Твае аплываюць.
 
Ты ўкаранаваў год дабром Тваім, і сьцежкі Твае разьліваюць тлустасьць,

Парастаюць буйна пожні і стэпы, і ўзгоркі радасьцяй падпяразваюцца.
 
разьліваюць на пашы ў пустыні, і ўзгоркі падпярэзваюцца радасьцю,

Пасьвішчы стадамі авец апранаюцца, і даліны атулены жытам: і радасна міжы сабой гукаюць, і песьні пяюць.
 
апранаюцца ў чароды авечак, і даліны атуляюцца збожжам, радасна гукаюць і сьпяваюць.