Псалтыр 10 псалом
Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна
Чаму стаіш воддаль, Госпадзе, хаваешся ў часе напасьці?
Чаму стаіш здалёк, ГОСПАДЗЕ, хаваешся ў часе трывогі?
Праз сваволю бязбожнікаў мусіць палохацца ўбогі; пападаецца на хітрыках, што яны павыдумлялі.
Бязбожнік у пыхлівасьці сваёй перасьледуе ўбогага. Няхай будзе ён схоплены ў зламыснасьці, якую надумаў.
Бо выхваляе бязбожнік, што яму жадаецца, грабежца пахваляе і разам зьняважае Госпада.
Бо хваліцца бязбожнік у пажаданьнях душы сваёй, і дабраслаўляе хціўца, і грэбуе ГОСПАДАМ.
Бязбожнік у пысе сваёй пагарджае Госпадам: Ня ўзышча! Няма Бога! — вось усе думкі ў яго.
Бязбожнік у ганарыстасьці гневу свайго не шукае [Бога]. «Няма Бога!» — усе думкі ў яго.
Што ён пачынае, усё ручыць яму; суды Твае высака ад яго аддалёныя; на ўсіх сваіх ворагаў грэбліва дзьмухае ён.
Шляхі ягоныя пасьпяховыя ў-ва ўсякі час; суды Твае высока аддаленыя ад яго; на ўсіх ворагаў сваіх [грэбліва] дзьмухае ён.
Ён гаворыць у думцы сваёй: Ніколі я не пахіснуся, з роду ў род у бяду не пападуся.
Ён гаворыць у сэрцы сваім: «Я не пахіснуся, з пакаленьня ў пакаленьне ліха ня будзе [ў мяне]».
Вусны ягоныя поўны праклёнаў, крывадушнасьці й зьдзеку; пад языком у яго — мука й пагібель.
Вусны ягоныя поўныя праклёнаў, ашуканства і здрады; пад языком ягоным — ліхота і злачынства.
Ён сядзіць у засадзе на пазадворках, украдня забівае нявінных; вочы ягоныя сочаць за нешчасьлівым,
Ён сядзіць у засадзе на загуменьнях, у таемным месцы забівае нявіннага; вочы ягоныя сочаць за нешчасьлівым.
ён падпілноўвуе ў засадзе, быццам леў у гушчары сваім; сочыць, каб улавіць убогага; хапае гаротніка, уцягваючы яго ў свае сеці;
Ён пільнуе ў засадзе, быццам леў у схове сваім; пільнуе, каб схапіць убогага; хапае ўбогага, уцягваючы яго ў сетку сваю.
ён туліцца к зямлі, падкрадаецца, і ад моцы ягонае гіне многа нешчасьлівых.
Ён згінаецца, туліцца [да зямлі], і ад моцы ягонай гіне шмат нешчасьлівых.
Ён кажа ў сэрцы сваім: Бог забыўся, закрыў аблічча Сваё, ня ўбачыць ніколі!
Ён кажа ў сэрцы сваім: «Бог забыўся, схаваў аблічча Сваё, ня ўбачыць ніколі!»
Паўстань, Госпадзе Божа! Узьнімі руку Тваю, не забывайся аб прыгнечаных!
Паўстань, ГОСПАДЗЕ, Божа! Узьнімі руку Тваю, не забывайся пра ўцісканых!
Чаму бязбожнік зьняважае Бога, кажучы ў сэрцы сваім: Ты ня ўзышчаш!?
Чаму бязбожнік пагарджае Богам, кажучы ў сэрцы сваім: «Ты ня будзеш шукаць [гэтага]»?
Ты-ж бачыў гэта! Бо Ты пазіраеш на муку й гора, каб узяць у руку Сваю. Табе пакідае іх нешчасьлівы; Ты — помач сіраце.
Але Ты бачыш, Ты глядзіш на ліхоту і гора, каб даць [аднагароду] рукою Тваёй. Табе пакідае [свой лёс] нешчасьлівы; Ты быў дапамогай сіраце.
Зламай руку бязбожніку, прыпомні нягодніку беззаконьне ягонае, каб болей яго не знайсьці!
Зламай рамяно бязбожніку і ліхотніку, шукай беззаконьне ягонае, каб больш яго нельга было знайсьці.
Госпад — Цар навекі, назаўсёды; пагане счэзнуць із зямлі Яго.
ГОСПАД — Валадар на вякі вечныя; пагане счэзнуць з зямлі Ягонай.
Ты чуеш пажаданьні пакорных, Госпадзе! Ты ўмацняеш сэрцы ім, Ты схіляеш вуха Тваё,
Ты пачуў жаданьне ўцісканых, ГОСПАДЗЕ! Ты ўмацуеш сэрцы іхнія, Ты прыхіліш вуха Тваё,
каб даць справядлівасьць сіраце і прыгнечанаму. Няхай людзі сьмяротныя адгэтуль не палохаюцца больш на зямлі!
каб даць суд сіраце і пакрыўджанаму, каб больш не палохаў іх чалавек на зямлі!