Псалтыр 30 псалом

Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Псальм Давідавы. Песьня пры абнаўленьні храму.
 
Псальм. Сьпеў пры пасьвячэньні дома Давіда.

Аддам хвалу Табе, Госпадзе, што Ты вырваў мяне і ня даў маім ворагам пацяшацца нада мною.
 
Вывышаю Цябе, ГОСПАДЗЕ, бо Ты выцягнуў мяне і ня даў ворагам маім радавацца нада мною.

Госпадзе Божа мой! Я крычэў да Цябе, і Ты вылячыў мяне.
 
ГОСПАДЗЕ, Божа мой! Я галасіў да Цябе, і Ты вылячыў мяне.

Госпадзе, Ты вывеў душу маю з пекла дый ад тых, што зыйшлі ў магілу, увёў мяне йзноў у жыцьцё.
 
ГОСПАДЗЕ, Ты вывеў душу маю з пекла, Ты даў мне жыць, каб ня быў я сярод тых, што зыйшлі ў магілу.

Хвалеце Госпада, вы, сьвятыя Ягоныя, дзякуйце іменьню Яго сьвятому!
 
Выслаўляйце ГОСПАДА, вы, багабойныя Ягоныя, і слаўце на ўспамін сьвятасьці Ягонай!

Бо гнеў Ягоны трывае імгненьне, ласка-ж Яго — усё жыцьцё: увечары плач, а нараніцы — радасьць!
 
Бо на імгненьне гнеў Ягоны, на [ўсё] жыцьцё ўпадабаньне Ягонае; увечары можа быць плач, а раніцаю — радасьць.

А я думаў у бясьпечнасьці сваёй: Не пахіснуся навекі!
 
А я сказаў у дабрадзенстве сваім: «Не пахіснуся на вякі!»

Праз ласку Тваю Ты паставіў мяне на горах непарушных; Ты аблічча Тваё адвярнуў, і я устрывожыўся.
 
ГОСПАДЗЕ, праз ласку Тваю Ты паставіў горы мае непарушна; але Ты схаваў аблічча Тваё, і я спалохаўся.

Да Цябе, Госпадзе, клікаў я, і Госпада я маліў:
 
Да Цябе, ГОСПАДЗЕ, я клікаў, і Госпада майго я маліў:

Што за карысьць у крыві ў маёй, у тым, што зыйду я ў магілу? Ці пыл можа хваліці Цябе? Ці можа праўду Тваю абвяшчаць?
 
«Які прыбытак з крыві маёй, з таго, што я зыйду ў парахненьне? Ці пыл будзе славіць Цябе? Ці будзе апавядаць праўду Тваю?»

Пачуй, Госпадзе, зьлітуйся нада мной! Госпадзе, будзь мне ўспамогай!
 
Пачуй, ГОСПАДЗЕ, і зьлітуйся нада мною! ГОСПАДЗЕ, будзь дапамогай маёй!

У радасьць зьмяніў Ты нараканьне маё; Ты скінуў з мяне жалобны лахман і радасьцяй мяне падперазаў,
 
Ты перамяніў лямант мой у танец, Ты скінуў з мяне зрэбніцу і падперазаў мяне радасьцю.

каб душа мая выслаўляла Цябе й не маўчала. Госпадзе Божа мой, навекі я буду хваліці Цябе!
 
Дзеля гэтага будзе выслаўляць Цябе слава [мая] і ня будзе маўчаць. ГОСПАДЗЕ, Божа мой, на вякі я буду славіць Цябе!