Псалтыр 48 псалом

Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Песьня: псальм сыноў Карэявых.
 
Сьпеў. Псальм сыноў Караха.

Вялік Госпад і вельмі хвалёны ў месьце нашага Бога, на сьвятой гарэ Яго.
 
Вялікі ГОСПАД і вельмі хвалёны ў горадзе Бога нашага, на гары сьвятасьці Сваёй.

Як аздоба для ўсенькай зямлі, узьнімаецца гара Сыонская; на краю паўночным места вялікага Цара.
 
Прыгожае ўзьнясеньне, аздоба ўсёй зямлі, гара Сыён на схілах паўночных, горад вялікага Валадара.

Бог у харомах ягоных вядомы, як крэпасьць яго.
 
Бог у палацах ягоных вядомы як умацаваны замак [яго].

Бо вось сабраліся цары і грамадай падходзілі разам,
 
Бо вось, валадары сабраліся, падыйшлі грамадою,

ды, паглядзеўшы, здумеліся; спалохаўшысь, у жаху ўцяклі.
 
але, угледзеўшы, аслупянелі, спалохаліся, зьбянтэжыліся.

Напаў на іх жах, трапятаньне, як-бы ў жанкі, што раджае.
 
Дрыжаньне ахапіла іх, болі, як у жанчыны, што нараджае.

Ты ветрам усходнім крышыш караблі Тырсыйскія.
 
Ты ветрам усходнім скрышыў караблі з Таршышу.

І чулі мы гэта, і бачылі ў месьце Госпада сілаў нябесных, у месьце нашага Бога: Бог навекі яго ўмацаваў. (Зэля)
 
Як чулі мы гэта, гэтак і бачылі ў горадзе ГОСПАДА Магуцьцяў, у горадзе Бога нашага. Бог умацаваў яго на вякі. (Сэлях)

Аб міласэрнасьці Тваёй разважаем, о Божа, пасярод сьвятыні Тваёй.
 
Мы разважаем, Божа, пра міласэрнасьць Тваю пасярод сьвятыні Тваёй.

Як імя Тваё, Божа, так і слава Твая разьляглася да ўзьмежкаў зямлі; правіца Твая справядлівасьцяй поўніцца.
 
Як імя Тваё, Божа, так і хвала Твая — аж да ўзьмежкаў зямлі; правіца Твая напоўнена праведнасьцю.

Дзеля судоў Тваіх, Госпадзе, гара Сыонская радуецца, весяляцца дачкі Юдэйскія.
 
Весяліцца гара Сыён, радуюцца дочкі Юды дзеля судоў Тваіх.

Пайдзеце наўкола Сыону, абайдзеце яго і вежы яго палічыце,
 
Станьце наўкола Сыёну, абыйдзіце вакол яго, палічыце вежы ягоныя,

прыгледзьцеся к валам ягоным, агледзьце харомы яго, каб наказаць пакаленьням, што будуць;
 
прылажыце сэрца сваё да валоў ягоных, агледзьце палацы ягоныя, каб абвясьціць пакаленьням, якія будуць,

бо гэты Бог ёсьць наш Бог навекі. Ён будзе нам павадыром аж да сьмерці.
 
што гэты Бог ёсьць Бог наш на вякі вечныя, і Ён будзе весьці нас аж да сьмерці.