Псалтыр 36 псалом
Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна
Кіраўніку хору: ад раба Гасподняга, Давіда.
Кіраўніку хору. Слугі ГОСПАДА Давіда.
У сэрцы бязбожніка паўстае думка грэшная: у вачох яго страху Божага няма.
Правіна бязбожніка засьведчана ў сэрцы маім: няма страху Божага перад вачыма ягонымі,
Бо ў уласных вачох падлыгвае сабе, нібы шукае беззаконьня свайго, каб зьненавідзець яго.
бо ён ашуквае сябе ў вачах сваіх, нібы шукае беззаконьня свайго, каб узьненавідзець яго.
Словы вуснаў ягоных — няпраўда й мана: ён ня хоча ў думку ўзяці, каб чыніці дабро.
Словы вуснаў ягоных — злачынства і падступнасьць, ён не захацеў разумець, каб рабіць добрае.
На ложку сваім беззаконнае ён абдумляе; на благую дарогу ўзыходзе і ня брыдзіцца злом.
Ён злачынства надумляе на ложку сваім, ён стаіць на шляху нядобрым і ня грэбуе злом.
Госпадзе! Ласка Твая да нябёсаў, а праўда да аблокаў сягае!
ГОСПАДЗЕ! Да нябёсаў міласэрнасьць Твая, а вернасьць Твая — аж да аблокаў!
Справядлівасьць Твая — быццам Божыя горы, суды Тваі — як вялізны патоп! Людзей і скаціну Ты, Госпад, хаваеш.
Праведнасьць Твая — быццам Божыя горы, суды Твае — як вялізнае бяздоньне! Людзей і скаціну Ты збаўляеш, ГОСПАДЗЕ.
Як дорага, Божа, ласкавасьць Твая! Сыны чалавечыя супачынак маюць у цяню Тваіх крыльляў;
Якая каштоўная, Божа, міласэрнасьць Твая! Сыны чалавечыя ў ценю крылаў Тваіх маюць надзею.
ад туку дому Твайго насычаюцца, з патоку раскошаў Тваіх ты іх поіш;
Яны насычаюцца ад тлустасьці Дому Твайго, і са струмяня асалодаў Тваіх Ты іх поіш,
бо крыніца жыцьця — у Табе; у сьвятле Тваім бачым мы сьветласьць.
бо крыніца жыцьця — у Табе, у сьвятле Тваім мы бачым сьвятло.
Ласку Сваю тым дай заўсёды, што знаюць Цябе; справядлівасьць Тваю — людзям справядлівага сэрца,
Расьцягні міласэрнасьць Тваю над тымі, што ведаюць Цябе, і праведнасьць Тваю — над [людзьмі] са шчырым сэрцам.
каб нага гордасьці на мяне ня ступіла, каб рука грэшнікаў не дасягла мяне.
Няхай не наступіць на мяне нага пыхлівых, і рука бязбожніка няхай ня зрушыць мяне.
Паваліліся кіненыя злачынцы і ня здолелі падняцца.
Там упадуць злачынцы, паваляцца і ня здолеюць паўстаць.