Псалтыр 36 псалом
Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2017
Кіраўніку хору: ад раба Гасподняга, Давіда.
Кіраўніку хору. Давіда, слугі Госпада.
У сэрцы бязбожніка паўстае думка грэшная: у вачох яго страху Божага няма.
Нашэптвае несправядлівасць бязбожніку ў самым сэрцы яго; няма страху Божага перад вачамі яго.
Бо ў уласных вачох падлыгвае сабе, нібы шукае беззаконьня свайго, каб зьненавідзець яго.
Бо ён патурае сам сабе перад сабою, каб не шукаць несправядлівасці сваёй і каб не ненавідзець.
Словы вуснаў ягоных — няпраўда й мана: ён ня хоча ў думку ўзяці, каб чыніці дабро.
Словы вуснаў яго — несправядлівасць і хітрасць, перастаў ён разумець, як чыніць дабро.
На ложку сваім беззаконнае ён абдумляе; на благую дарогу ўзыходзе і ня брыдзіцца злом.
Задумаў ён несправядлівасць у пасцелі сваёй, узыходзіць на любую благую дарогу, да ліхога не адчувае нянавісці.
Госпадзе! Ласка Твая да нябёсаў, а праўда да аблокаў сягае!
Госпадзе, да неба міласэрнасць Твая і праўда Твая — да аблокаў;
Справядлівасьць Твая — быццам Божыя горы, суды Тваі — як вялізны патоп! Людзей і скаціну Ты, Госпад, хаваеш.
Справядлівасць Твая, быццам горы Божыя, суды Твае — вялізная бездань: людзей і жывёл Ты збавіш, Госпадзе.
Як дорага, Божа, ласкавасьць Твая! Сыны чалавечыя супачынак маюць у цяню Тваіх крыльляў;
Як жа незлічона міласэрнасць Твая, Божа! Сыны ж чалавечыя будуць мець надзею пад покрывам крылаў Тваіх;
ад туку дому Твайго насычаюцца, з патоку раскошаў Тваіх ты іх поіш;
нап’юцца яны дастаткам дому Твайго і поіш Ты іх струменем асалоды Тваёй.
бо крыніца жыцьця — у Табе; у сьвятле Тваім бачым мы сьветласьць.
Бо ў Цябе крыніца жыцця, ды ў Тваім святле ўбачым мы святло.
Ласку Сваю тым дай заўсёды, што знаюць Цябе; справядлівасьць Тваю — людзям справядлівага сэрца,
Пашыр міласэрнасць Тваю на тых, што ведаюць Цябе, і справядлівасць Тваю — на тых, што простыя сэрцам.
каб нага гордасьці на мяне ня ступіла, каб рука грэшнікаў не дасягла мяне.
Хай не топча мяне нага пыхлівага і рука грэшніка хай не дакранаецца мяне.
Паваліліся кіненыя злачынцы і ня здолелі падняцца.
Вось жа паваліліся тыя, што чыняць несправядлівасць, — выгналі іх, і не змогуць яны падняцца.