Псалтыр 9 псалом

Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Кіраўніку хору: на лад песьні: Памры за сына. Псальм Давідавы.
 
Кіраўніку хору. На мелодыю «Мут лабэн». Псальм Давідаў.

Выслаўляціму Госпада ад усяго сэрца; усе цуды Твае абвяшчаць буду.
 
АЛЕФ. Буду славіць Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім, распавядаць пра ўсе цуды Твае.

Буду радавацца й весяліцца дзеля Цябе, буду выслаўляць імя Тваё, о, Найвышэйшы,
 
Буду цешыцца і радавацца ў Табе, буду спяваць псальмы імю Твайму, Найвышэйшы!

бо ворагі мае, уцякаючы, спаткнуліся й пагінулі перад абліччам Тваім.
 
БЭТ. Калі ворагі мае паварочваюць назад, знясільваюцца яны і гінуць перад абліччам Тваім.

Ты правёў суд мой і завяршыў справу маю; як справядлівы Судзьдзя, Ты сеў на пасадзе.
 
Бо ўчыніў Ты суд мой і справу маю; сеў Ты на пасадзе, Суддзя справядлівы.

Ты ўзбурыўся на паганаў, вынішчыў бязбожнікаў, імя іхняе на вечныя вякі загладзіў
 
ГІМЭЛЬ. Ты ўгнявіўся на паганаў, знішчыў бязбожнага; імя іх зруйнаваў назаўсёды і на векі вечныя.

Ворагі зьнішчаны — руіна навекі! І месты разбурыў Ты, памяць аб іх счэзла.
 
Ворагі знішчаны, сталася спусташэнне вечнае, і гарады зруйнаваў Ты: згінула памяць пра іх з імі разам.

Але Госпад існуе навекі; Ён паставіў пасад Свой, каб чыніці суд,
 
ГЭ. Госпад жа вечна трывае, прыгатаваў Ён на суд пасад Свой.

і будзе судзіць увесь сьвет па праўдзе і чыніць суд над народамі паводле справядлівасьці.
 
І Сам будзе судзіць увесь свет па праўдзе, судзіць будзе народы паводле справядлівасці.

І будзе Госпад прыпынкам для прыгнечаных, апорай у час тугі.
 
ВАЎ. І будзе Госпад прыстанішчам для прыгнеценага, прыстанішчам у час тугі, у трывозе.

На Цябе спадзявацца будуць тыя, што ведаюць імя Тваё, бо Ты не пакідаеш тых, хто шукае Цябе, Госпадзе!
 
І будуць спадзявацца на Цябе тыя, што спазналі імя Тваё, бо Ты не пакінуў тых, што шукаюць Цябе, Госпадзе.

Хваліце Госпада, што сядзіць на Сыоне, апавядайце між народамі ўчынкі Яго!
 
ДЗАЙН. Спявайце псальмы Госпаду, Які жыве на Сіёне, абвяшчайце пра дзейнасць Яго між паганаў.

Бо Ён, што зыскуе за кроў, прыпомніў аб іх: Ён не забыўся аб плачу ўцісканых.
 
Бо Той, Хто спаганяе за кроў, успомніў пра іх, не забыўся на плач убогіх.

Зьлітуйся нада мною, Госпадзе! Глянь на муку маю ад тых, што ненавідзяць мяне, — Ты, што падыймаеш мяне ад брамы сьмерці,
 
ГЭТ. Злітуйся нада мной, Госпадзе, паглядзі на прыгнёт мой ад ворагаў маіх, — Ты ўзносіш мяне ад брамы смерці,

каб я абвяшчаў усю хвалу Тваю, у брамах дачкі Сыонавае радаваўся з збаўленьня Твайго.
 
ТЭТ. каб абвясціў я ўсю хвалу Тваю пры браме дачкі Сіёна, каб радаваўся з дапамогі Тваёй.

Паўваліваліся пагане ў яму, што самі выкапалі; у сеці, што ўкрадкам панастаўлялі, ублуталася нага іхняя.
 
Уваліліся пагане ў яму, якую зрабілі, у пастцы, што схавалі, заблыталася нага іх саміх.

Госпад даў пазнаць Сябе, учыніўшы суд; у ўчынках рук сваіх заблутаўся бязбожнік. (Зэля)
 
Госпад даў спазнаць Сябе, учыніўшы суд; у справах рук сваіх заблытаўся грэшнік.

Зыйдуць бязбожнікі ў пекла — усе народы ў пекла, што Бога забылі.
 
ЁД. Няхай сыдуць грэшнікі ў пекла, усе пагане, што на Бога забываюцца.

Бо не навекі забыты будзе ўбогі, надзея нешчасьлівых ня згіне назаўсёды.
 
КАФ. Бо не да канца будзе забыты ўбогі; спадзяванне ўбогага не згіне ў вечнасці.

Паўстань, Госпадзе, ня дай людзям здабыць перавагу; пагане мусяць быць суджаны перад абліччам Тваім.
 
Уздыміся, Госпадзе, хай не ўзвышаецца чалавек; хай будуць суджаны пагане перад абліччам Тваім.

Напусьці жах на іх, Госпадзе! Няхай пазнаюць пагане, што яны людзі! (Зэля)
 
Пастаў, Госпадзе, жах над імі, хай ведаюць пагане, што яны — людзі.