Псалтыр 18 псалом
Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2017
Кіраўніку хору: ад раба Гасподняга Давіда, які высказаў словы песьні гэтае да Госпада, калі Госпад вызваліў яго із рук усіх ворагаў ягоных і із рукі Саўлавае. І ён казаў:
Кіраўніку хору. Давіда, слугі Госпада, які прамовіў Госпаду словы гэтай песні, калі Госпад яго вызваліў ад моцы ўсіх ворагаў яго
Узьвялічваць буду Цябе, Госпадзе, сіла мая! Госпад ёсьць скала мая ў тузе маёй, мой Збавіцель!
і з-пад рукі Саўла. Сказаў ён так: «Люблю Цябе, Госпадзе, магутнасць мая.
Мой Бог — апора мая, у Яго я шукаю прытулішча; Ён шчыт мой, рог збаўленьня майго і замчышча маё!
Госпад — апірышча маё, і прыстанішча маё. Выратавальнік мой; Бог мой — памочнік мой, і я на Яго спадзяюся; абаронца мой і рог збаўлення майго і апякун мой.
Паклічу я Госпада, Дастойнага хвалы, і ад усіх ворагаў маіх вызвалены буду.
Паклічу я Госпада, вартага хвалы, і буду збаўлены ад ворагаў маіх.
Бо абступілі мяне хвалі вадзяныя, і патокі пагібелі спалохалі мяне;
Агарнулі мяне хвалі смерці, і віры Бэліяла ўстрывожылі мяне.
путы пякельныя абнялі мяне, і сеці сьмерці аблуталі мяне.
Путы пякельныя аплялі мяне, смяротныя петлі душаць мяне.
Спалохаўшыся, паклікаў я Госпада і загаласіў да Бога майго. З хораму Свайго Ён пачуў голас мой, і лямант мой дайшоў да вушэй Ягоных.
У роспачы маёй клічу я Госпада, і Бога майго прызываю; пачуў Ён кліч мой з храма Свайго, і прызыў мой перад позіркам вачэй Яго ўвайшоў.
Ён глянуў сюды, — і задрыжэла зямля, і затрэсьліся падвалівы гор ды захісталіся, бо ўгнявіўся Ён.
Здрыганулася і затрымцела зямля; зрушыліся і здрыгануліся падваліны гор, бо Ён запалаў гневам.
Узьняўся дым ад гневу Ягонага і з вуснаў Ягоных агонь пажараў; вугальле распаленае сыпалася ад Яго.
Узняўся дым з ноздраў Яго і агонь знішчальны з вуснаў Яго выйшаў; вуголле [агністае] пачало расцякацца з Яго.
Нахіліў Ён нябёсы й зыйшоў, і цемра была пад нагамі Ягонымі.
Нахіліў Ён нябёсы, і сышоў, і змрок пад нагамі Яго.
Ён сеў на Хэрувіма й паляцеў ды на ветравых крыльлях насіўся.
І ўзняўся на херубіна, і паляцеў, нёсся на крылах вятроў.
Цемру зрабіў Ён заслонай Сабе; цёмнымі водамі, густымі хмарамі ахутаў Сябе, бы шатром.
І ахінуўся цемрай, як заслонай, пасярод яе — палатка Яго: цёмная вада, паветраныя хмары.
Ад зьзяньня прад Ім цераз хмары Ягоныя прарываліся град і вугальле вагністае.
Перад бляскам позірку Яго праплывалі хмары, град і агністае вуголле.
Тады загрымеў на небе Госпад. Найвышэйшы падаў голас Свой — град і вугальле вагністае.
І загрымеў на нябёсах Госпад, і Найвышэйшы даў пачуць голас Свой: град і агністае вуголле.
Пусьціў стрэлы Сваё і раскінуў іх — множства маланак, ды ўскаламуціў іх.
І пусціў Ён стрэлы Свае і рассыпаў іх, насыпаў маланак і ўстрывожыў іх.
Тады расчыніліся глыбіні марскія, і адкрыліся падваліны сусьвету на страшны голас Твой, Госпадзе; ды пад подыхам ноздраў Тваіх.
І адкрыліся крыніцы вод, і адчыніліся падмуркі сусвету ад ушчування Твайго, Госпадзе, ад подыху гневу Твайго.
З вышыні працяг Ён руку, схапіў мяне й выцягнуў із водаў вялікіх,
Даслаў Ён нарэшце [руку], і прыняў мяне, і выцягнуў мяне з водаў многіх;
вырваў мяне ў ворага майго сільнага дый у тых, што мяне ненавідзяць, бо яны былі дужэйшыя за мяне.
вырваў мяне ў ворагаў маіх вельмі моцных і ў тых, што ненавідзяць мяне, бо яны ўзмацніліся лепш за мяне.
Яны напалі на мяне ў дзень няшчасьця майго, ды Госпад быў мне падпорай.
Яны напалі на мяне ў дзень смутку майго, і зрабіўся Госпад апораю маёю.
Ён вывеў мяне на вольны прастор, Ён вырваў мяне, бо мне спагадае.
І вывеў мяне на прастор, збавіў мяне, бо пажадаў мяне.
Ён мне даў нагароду за справядлівасьць маю, за чыстасьць рук маіх мне аддзячыў.
І адплаці мне, Госпад, паводле праўды маёй і паводле чысціні рук маіх аддай мне.
Бо дзяржаўся я шляху Гасподняга ды не грашыў проці Бога майго;
Бо я пільнаваў шляхі Госпада і не адступаўся нягодна ад Бога майго.
бо ўсе запаведзі Яго былі перада мною, і ад загадаў Ягоных я ня ўхіляўся.
Бо ўсе прысуды Яго перада мной, і ўсю праўду Яго не адрынуў я ад сябе.
Я быў шчыры перад Ім і высьцерагаўся, каб не саграшыць.
І стаў я беззаганны з Ім і высцерагаўся злачыннасці.
Дык аддзячыў мне Госпад за справядлівасьць маю, за чыстасьць рук маіх перад вачыма Ягонымі.
І адплаціў мне Госпад паводле праўды маёй, і паводле чысціні рук маіх перад позіркам вачэй Яго.
З міласэрным паступаеш Ты міласьціва, з шчырым паступаеш па шчырасьці,
Са святым Ты святы будзеш, і з чалавекам беззаганным беззаганны будзеш,
для чыстага сэрцам і Ты чысты сэрцам, і для крывадушнага паказуеш Сябе паводле хітрасьці ягонае;
і з абраным абраным будзеш, і з заганным падступным будзеш.
бо людзей прыгнечаных ратуеш, а гордыя вочы паніжаеш.
Бо народ пакорлівы Ты збаўляеш, а вочы пыхлівых прынізіш.
Ты запаліш сьветач мой; Госпад Бог мой асьвеціць цемру маю.
Бо Ты, Госпадзе, запальваеш светач мой; Бог мой прасвятляе цемру маю.
Бо праз Цябе я скрышу муры і з Богам маім пераскочу праз акопы.
Бо з Табою я пайду ў наступ на варожыя войскі і з Богам маім пераскочу праз мур.
Шлях Божы дасканалы; слова Госпада чыстае; Ён — шчыт для ўсіх, хто на Яго спадзяецца.
Бог, бязгрэшны шлях Яго, словы Госпада выпрабаваны агнём; шчыт Ён усім тым, хто спадзяецца на Яго.
Бо хто-ж Бог, апрача Госпада, і хто абарона, апрача Бога нашага?
Бо хто ёсць Бог, апрача Госпада? Або якая крэпасць, апрача Бога нашага?
Бог падпяразывае мяне сілай і прастуе дарогу маю;
Бог, Які падперазаў мяне мужнасцю і ўладкаваў беззаганным шлях мой;
Ён робіць ногі мае падобнымі да ног лані і на высачыні стаўляе мяне,
Які зрабіў ногі мае, як у аленя, і на вышыні паставіў мяне.
і рукі мае навучае бароцца, і мускулы мае нацягіваюць лук зялезны.
Які навучае рукі мае барацьбе, і нацягваюць медны лук плечы мае.
І даў Ты мне шчыт збаўленьня Твайго, і правіца Твая падтрымлівала мяне, а ласкавасьць Твая ўзвышала мяне.
І даў Ты мне шчыт збаўлення Твайго, і правіца Твая падтрымала мяне, і Тваё выслухванне ўзвялічвае мяне.
Ты стварыў шырокі прастор для кроку майго, і ня хісталіся ногі мае.
Ты пашырыў крокі мае пада мною, і не знясілена ступня мая.
Я гнаўся за ворагамі маімі і даганяў іх ды не варочаўся назад, пакуль ня зьніштожыў іх.
Я пераследаваў ворагаў маіх і хапаў іх, і не вяртаўся, пакуль яны не прападалі.
Я гэтак скрышыў іх, што больш не маглі паўставаць і валіліся пад стопы мае.
Я сцінаў іх, каб не маглі падняцца; яны падалі пад ногі мае.
Ты падперазаў мяне сілай дзеля барацьбы, Ты паклаў ворагаў маіх пад стопы мае.
І аперазаў Ты мяне мужнасцю для вайны, і тых, што паўсталі супраць мяне, кінуў пад мяне.
Ты прымусіў ворагаў уцякаць ад мяне, і ўсіх, што мяне ненавідзілі, вынішчыў я.
І ворагаў маіх прымусіў Ты да ўцёкаў і павынішчыў тых, што ненавідзяць мяне.
І загаласілі яны, але ня было для іх збавіцеля; яны да Госпада, але Ён ім не адгукнуўся.
Яны клікалі, і не было таго, хто збавіў бы; да Госпада, і не выслухаў іх.
Я расьцярушыў іх, як той пыл пад ветрам; як балота вулічнае, таптаў я іх.
І расцярушыў іх, як пыл па ветры, як вулічны бруд, патаптаў я іх.
Ты спас мяне ад бунтаў народных, паставіў мяне за галаву паганам. Людзі, якіх я ня ведаў, пакарыліся мне.
Выхапіў мяне ад бунту народа, паставіў мяне на чале плямёнаў. Народ, якога я не ведаў, служыць мне,
Па слыху толькі аба мне яны слухаюцца мяне; сыны чужакоў падлыгіваюць мне.
толькі вухам пачуўшы, слухаецца мяне. Сыны чужыя сталі забягаць перада мною.
Сыны чужацкія ныюць і дрыжаць у замках сваіх.
Сыны чужыя саслабелі, дрыжаць у сховішчах сваіх.
Жыве Госпад, і пахвалёна апора мая; і высака ўзвышаны Бог збаўленьня майго,
Жыве Госпад, і дабраславёны Апякун мой, і хай узвысіцца Бог збаўлення майго!
Бог, Які памсьціўся за мяне і перамог усе народы,
Бог, Які помсціш за мяне і падпарадкоўваеш мне народы, выратавальнік мой ад ворагаў маіх раз’ятраных;
вырваў мяне ў ворагаў маіх і ўзьнёс мяне над тымі, што паўсталі супраць мяне; ад чалавека гвалтоўнага збавіў мяне.
і над тымі, што паўсталі супраць мяне, Ты ўзвышаеш мяне, ад чалавека гвалтоўнага выхопліваеш мяне.
Дык буду за гэта хваліць Цябе, Госпадзе, сярод народаў і псальмы пяяці іменьню Твайму.
Дзеля таго будуць славіць Цябе, Госпадзе, паміж паганамі і імю Твайму прагавару псальм.
Бо Ты вызваліў цара Твайго і ласку даеш памазанцу Твайму, Давіду, і насеньню яго навекі.
Узвялічыў у збаўленні цара Свайго і аказаў міласэрнасць намашчэнцу Твайму Давіду і нашчадкам яго навекі».