Псалтыр 119 псалом

Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Шчасьлівыя тыя, што шлях у іх беззаганны, што ходзяць паводле закону Госпада.
 
Шчасныя беззаганныя ў дарозе, якія ходзяць у законе Госпада.

Шчасьлівыя тыя, што пілнуюцца аб’яваў Ягоных, усім сэрцам шукаюць Яго,
 
Шчасныя, што пільнуюцца сведчанняў Яго і ўсім сэрцам імкнуцца да Яго.

крыўды ня робяць ды сьцежкамі ходзяць Ягонымі.
 
Яны не ўчыняюць несправядлівасці, і ідуць Яго шляхамі.

Ты загадаў Твае запаведзі, каб пільна іх выпаўнялі.
 
Ты загадаў ім, каб моцна пільнаваліся загадаў Тваіх.

О, каб жа мой шлях вёў цьвёрда мяне, каб уставы Тваі я заховываў!
 
О, каб трывалымі былі мае дарогі для захавання сведчанняў Тваіх.

Тады-б ня меў я сораму, на ўсе запаведзі Твае узіраючыся.
 
Тады я не пасаромлюся, калі буду зважаць на ўсе Твае загады.

Буду хваліць Цябе шчырым сэрцам, справядлівыя законы Тваі пазнаваючы.
 
Буду вызнаваць Цябе ў шчырасці сэрца, у тым, што я навучыўся судам справядлівасці Тваёй.

Уставы Тваі я буду заховываць: не пакінь мяне Ты зусім!
 
Буду захоўваць я пастановы Твае, не пакідай мяне ніколі.

Чым дзяцюк сьцежку сваю захавае ў чыстасьці? Захоўваючы водле слова Твайго.
 
Якім чынам юнак захавае чыстай дарогу сваю? Пільнуючыся слоў Тваіх.

Усім сваім сэрцам шукаю я Цябе: ня дай мне адхіліцца ад запаведзяў Тваіх!
 
Усім сэрцам маім шукаю я Цябе, зрабі так, каб я не адступіўся ад пастановаў Тваіх.

У сэрцы маім хаваю я слова Тваё, каб не зграшыць прад Табою.
 
У сэрцы сваім берагу словы Твае, каб не грашыць супраць Цябе.

Хвалю Цябе, Госпадзе; навучы мяне ўставаў Тваіх!
 
Дабраславёны Ты, Госпадзе; навучы мяне пастановам Тваім.

Вуснамі маімі абвяшчаю ўсе прысуды Тваіх вуснаў.
 
Вуснамі маімі палічыў я ўсе прысуды вуснаў Тваіх.

З шляху, што загаданы аб’явамі Тваімі, я радуюся, быццам з багацьця вялікага.
 
Адчуў я асалоду на дарозе сведчанняў Тваіх, як Тваіх найвялікшых багаццяў.

Аб запаведзях Тваіх разважаці буду й на шляхі Тваі пазіраці.
 
Спасцігаю прыказанні Твае і аглядаю шляхі Твае.

У Тваіх пастановах будзе ўцеха мая, слова Твайго нс забуду.
 
Буду захапляцца пастановамі Тваімі, не забуду словы Твае.

Рабі дабро рабу Тайму, каб жыў я, дык буду слова Твайго пілнавацца.
 
Рабі дабро слузе Твайму, і я буду жыць і пільнавацца слоў Тваіх.

Расчыні мае вочы, каб бачыў я цуды закону Твайго!
 
Раскрый вочы мае, і я буду аглядаць цуды закону Твайго.

Я госьць на зямлі; не хавай ад мяне Тваіх запаведзяў!
 
Госць я на зямлі, не хавай ад мяне загадаў Тваіх.

Зьнемаглася душа мая, імкнучыся ўсьцяж да ўставаў Тваіх.
 
Змарнела душа мая ў імкненні да судоў Тваіх у любы час.

Ты выклятым гардуном пагразіў, што ўхіляюцца ад загадаў Тваіх.
 
Паўшчуваў я пыхлівых, праклятыя, што адступаюцца ад загадаў Тваіх.

З мяне-ж зьнімі ганьбу й пагарду, бо хаваю загады Тваі.
 
Аддалі ад мяне ганьбу і пагарду, бо пільнуюся я сведчанняў Тваіх.

Хоць заселі магнаты й змаўляюцца супраць мяне, аб уставах Тваіх Твой раб разважае.
 
Калі нават князі сядзяць і гавораць супраць мяне, слуга Твой будзе спасцігаць пастановы Твае.

Але, аб’явы Твае — мне ўцеха, загады Тваі мне парада.
 
Бо і сведчанні Твае — асалода мая, і парада мая — пастановы Твае.

Да пылу прыліпла душа мая; ажыві мяне водле слова Твайго.
 
Прынікла да пылу душа мая, ажыві мяне паводле слова Твайго.

Апавядаў я пра сьцежкі мае, і Ты мяне выслухаў; навучы мяне ўставаў Тваіх.
 
Дарогі мае абвясціў я, і Ты выслухаў мяне, навучы мяне пастановам Тваім.

Дай зразумеці мне шлях, што запаведзі Твае вызначаюць, і я буду аб цудах Тваіх разважаць.
 
Дарогу прыказанняў Тваіх дай мне зразумець, і я буду спасцігаць цуды Твае.

Сьлязамі сплывае душа мая ад тугі; узмацуй Ты мяне водле слова Твайго!
 
Душа мая ў смутку роніць слёзы, хай кіруе мною слова Тваё.

Шлях ілжы адвярні ад мяне і даруй мне закон Твой.
 
Дарогу маны павярні ад мяне, а закон Твой дай мне прыхільна.

Я выбраў шлях праўды й уставы Тваі прад сабою паставіў.
 
Дарогу праўды выбраў я, прысуды Твае паставіў я перад сабою.

Да аб’яваў Тваіх прыляпіўся я; ня дай, Госпадзе, мне асароміцца!
 
Прынік я да сведчанняў Тваіх, Госпадзе; не пасарамаці мяне.

Шляхам запаведзяў Тваіх пабягу я, калі сэрца маё Ты пашырыш.
 
Дарогаю прыказанняў Тваіх пабягу, бо пашырыў Ты сэрца маё.

Навучы мяне, Госпадзе, шляху ўставаў Тваіх, каб я даканца яго захаваў.
 
Усталюй закон мне, Госпадзе, дарогу пастановаў Тваіх, і я трымацца буду яе заўсёды.

Дай мне розум, і буду закон Твой захоўваць і спаўняці яго ўсім сэрцам.
 
Дай мне разуменне, і я буду выконваць закон Твой і пільнавацца яго ад усяго сэрца майго.

Пастаў мяне на сьцежку запаведзяў Тваіх, бо ў гэтым уцеха мая.
 
Вядзі мяне сцежкай загадаў Тваіх, бо я жадаю яе.

Нахіляй маё сэрца да аб’яваў Тваіх, а не да карысьці.
 
Нахіні сэрца маё да сведчанняў Тваіх, а не да нажывы.

Адвярні мае вочы, каб на марнасьць ня ўзіраліся; ажыўляй мяне на шляхох Тваіх!
 
Адвярні вочы мае, каб не глядзелі на марнасць; на дарозе Тваёй ажыві мяне.

Споўні слова Тваё рабу Твайму, што дадзена тым, хто баіцца Цябе.
 
Узнаві для слугі Твайго прырачэнне Тваё; яно — дзеля ўшанавання Твайго.

Няхай абмінець мяне таньба, якое баюся, бо суды Тваі добрыя.
 
Ухілі ганьбу маю, якой я напалоханы, бо прысуды Твае спагадныя.

Запраўды, я жадаю загадаў Тваіх; ажыві мяне праўдай Тваёю.
 
Вось жа жадаю я Тваіх пастаноў: па законнасці Тваёй ажыві мяне.

Няхай прыйдзе ка мне Твая ласка, о Госпадзе, — збаўленьне Тваё водле слова Твайго,
 
Дык хай сыдзе на мяне міласэрнасць Твая, Госпадзе, збаўленне Тваё паводле Твайго прырачэння.

каб я мог даць адказ таму, хто мяне зьневажае, бо на слова Тваё спадзяюся.
 
І дам я слова ў адказ тым, якія мяне зневажаюць, бо ўскладаю я надзею на словы Твае.

Не пазбаў мае вусны слова праўды зусім, бо я на прысуд Твой чакаю
 
Не ўхіляй ніколі ад вуснаў маіх слова праўды, бо маю надзею ў рашэннях Тваіх.

і буду заўсёды закон Твой захоўваць, заўсёды й навекі,
 
І буду пільнавацца закону Твайго заўсёды, павечна і ў векі вечныя.

ды буду хадзіць па прасторы шырокім, бо шукаў я загадаў Тваіх.
 
Ды буду хадзіць прасторнай [дарогай]; бо шукаю я прыказанняў Тваіх.

Аб аб’явах Тваіх прад царамі я буду казаці й не паўстыдаюся.
 
Буду гаварыць пра прыказанні Твае перад царамі і не пасаромеюся.

Уцеху мець буду ў запаведзях Тваіх, бо мне яны любы.
 
І буду захапляцца загадамі Тваімі, бо люблю іх.

І ўздымаць буду рукі мае да запаведзяў Тваіх, што мне любы, ды аб уставах Тваіх разважаці.
 
Падымаю рукі мае да загадаў Тваіх, якія люблю; і буду спасцігаць пастанаўленні Твае.

Успомні Ты слова да раба Твайго, на якое сказаў спадзяваціся мне.
 
Помні пра слова Тваё слузе Твайму, якім Ты даў мне надзею.

То-ж пацеха мая ў нядолі маёй, што слова Тваё ажыўляла мян.
 
Яно пацешыла мяне ў прыніжэнні маім, бо слова Тваё ажывіла мяне.

Гордыя вельмі нада мною зьдзёкаваліся; я-ж ад закону Твайго ня ўхіляўся.
 
Пыхліўцы кпяць з мяне нахабна, але я ад закону Твайго не адступаю.

Успамінаў я, о Госпадзе, суды Тваі спрад вякоў, і гэта было мне пацехай.
 
Помню і пра адвечныя суды Твае, Госпадзе, і яны цешаць мяне.

гнеў палючы мяне агарнуў на бязбожных, што кідаюць закон Твой.
 
Абурэнне апанавала мяне праз грэшнікаў, што пакідаюць закон Твой.

Уставы Тваі гімнам сталіся мне там, дзе жыву, як прыблуда.
 
Песнямі сталіся для мяне пастановы Твае ў месцы падарожжа майго.

Імя Тваё, Госпадзе, я ўначы ўспамінаў і закон Твой заховываў.
 
І ноччу помню я імя Тваё, Госпадзе, і буду пільнавацца закону Твайго.

Гэта сталася мне, бо загадаў Тваіх пілнаваўся.
 
Гэта сталася са мною, што стаў выконваць я прыказанні Твае.

Я сказаў: Мая доля, о Госпадзе, — Тваё слова заховываць.
 
Доля мая — Госпад: паабяцаў я пільнавацца слоў Тваіх.

Усім сэрцам прасіў я ласкі ў Цябе; будзь мне ласкаў паводле слова Твайго.
 
Звярнуўся я малітоўна да аблічча Твайго ад усяго сэрца майго; злітуйся нада мной паводле Твайго прырачэння.

Разважаў я аб сьцежках маіх і стопы мае скіраваў да аб’яваў Тваіх.
 
Абдумваю я шляхі свае і павяртаю ногі свае да Тваіх сведчанняў.

І сьпяшаўся я й не марудзіў, загады Тваі выпаўняючы.
 
Паспяшаўся і не замарудзіў, каб пільнавацца загадаў Тваіх.

Сеці бязбожных аблуталі мяне, ды закону Твайго не забыўся я.
 
Аплялі мяне кругом путы грэшнікаў, а закону Твайго я не забыўся.

Сярод ночы ўстаю я, каб славіць Цябе за суды Тваі справядлівыя.
 
Устаю апоўначы, дзякаваць Табе за прысуды справядлівасці Тваёй.

Я таварыш для ўсіх, што баяцца Цябе ды загадаў Тваіх пілнуюцца.
 
Я саўдзельнік усіх тых, што шануюць Цябе і пільнуюцца прыказанняў Тваіх.

Ласкавасьцяй Тваёй, Госпадзе, поўніцца зямля; навучы-ж Ты мяне ўставаў Тваіх!
 
Поўная зямля міласэрнасці Тваёй, Госпадзе; навучы мяне пастановам Тваім.

Дабро Ты зрабіў рабу Твайму, Госпадзе, паводле слова Твайго.
 
Дабрадзейства даў Ты слузе Твайму, Госпадзе, паводле слова Твайго.

Добрай развагі й пазнаньня мяне навучы, бо я запаведзям Тваім веру.
 
Дабрачыннасці, разважнасці і веданню навучы мяне, бо паверыў я загадам Тваім.

Перш, чым я стаўся спакораным, я блукаўся; цяпер слова Тваё я хаваю.
 
Перш чым быў прыніжаны, блудзіў я, цяпер жа буду трымацца прырачэння Твайго.

Ты ласкавы і добры, дык мяне навучы уставаў Тваіх!
 
Добры Ты і дабрачынны, навучы мяне пастановам Тваім.

Гардуны ілжу плялі на мяне; я-ж усім сэрцам загадаў Тваіх пілнаваўся.
 
Пыхліўцы плануюць подступы на мяне, а я ўсім сэрцам выконваю прыказанні Твае.

Атупела ў іх сэрца, як тук; я-ж законам Тваім пацяшаю сябе.
 
Атлусцела сэрца іх, быццам тук, а я захапляюся законам Тваім.

Добра мне сталася, што я спакарнеў, каб вучыцца ўставаў Тваіх.
 
Добра для мяне, што быў я прыніжаны, каб навучыўся пастановам Тваім.

Закон вуснаў Тваіх для мяне больш варты, чым тысячы золата ды серабра.
 
Лепш для мяне закон вуснаў Тваіх, чым тысячы золата і срэбра.

Рукі Твае стварылі мяне й спасобілі мяне; дай жа мне розум навучыцца ўставаў Тваіх!
 
Рукі Твае стварылі мяне і аформілі мяне; дай мне разуменне, і я навучуся загадам Тваім.

Тыя, што баяцца Цябе, убачаць мяне ды ўцешацца, бо я чакаю на слова Тваё.
 
Тыя, што шануюць Цябе, убачаць мяне і ўзвесяляцца, бо трывала ўсклаў я надзею на словы Твае.

Ведаю, Госпадзе: суды Тваі — справядлівыя, і справядліва караў Ты мяне.
 
Спазнаў я, Госпадзе, што прысуды Твае — справядлівасць, і па справядлівасці прынізіў Ты мяне.

Ласка Твая няхай будзе пацехаю мне водле слова Твайго да раба Твайго.
 
Калі будзе міласэрнасць Твая, каб суцешыць мяне, паводле прырачэння Твайго слузе Твайму.

Міласэрдзе Тваё няхай зыйдзе ка мне, каб я жыў, бо закон Твой — пацеха мая.
 
Спашлі на мяне ласкі Твае, каб я мог жыць, бо закон Твой — асалода мая.

Гордым няхай будзе сорам за тое, што бяз прычыны ўціскалі мяне; я-ж аб загадах Тваіх разважаю.
 
Хай пасаромеюцца пыхліўцы, бо падступна прыгняталі яны мяне, я буду спасцігаць прыказанні Твае.

Няхай да мяне навернуцца тыя, што баяцца Цябе, што ведамы ім аб’явы Твае.
 
Хай павернуцца да мяне тыя, што шануюць Цябе, і тыя, што пазналі сведчанні Твае.

Сэрца маё беззаганным хай будзе ў уставах Тваіх, каб мне ня быць асаромленым.
 
Хай будзе сэрца маё беззаганнае ў пастановах Тваіх, і не пасаромлюся.

Ташнуе душа мая па збаўленьні Тваім; на слова Тваё спадзяюся.
 
Марнее, [прагнучы] збаўлення, душа мая, і трывала ўскладаю я надзею на слова Тваё.

Ташнуюць вочы мае па слове Тваім ды пытаюцца: Калі-ж Ты пацешыш мяне?
 
Тупеюць вочы мае, [шукаючы] прырачэння Твайго, кажучы: «Калі Ты суцешыш мяне?»

Я стаўся, як мех скураны ды ў дыме; але ўставаў Тваіх не забыўся.
 
Бо стаў я, як мех [скураны] у дыме, пастановаў жа Тваіх не забыўся.

Колькі дзён жыцьця йшчэ рабу Твайму? Калі зробіш Ты суд над тымі, што ўціскаюць мяне?
 
Колькі дзён слугі Твайго? Калі ўчыніш суд над пераследнікамі маімі?

Выкапалі гордыя яму для мяне, але гэта пярэчыць закону Твайму.
 
Накапалі для мяне ям пыхліўцы, і яны — не паводле закону Твайго.

Усё Твае запаведзі — праўда; бязьвінна ўціскаюць мяне, дык Ты памажы мне!
 
Усе загады Твае — справядлівасць; падступна яны пераследы мне чынілі: успамажы мне.

Чуць-што ня вынішчылі мяне на зямлі; я-ж не адступаўся ад загадаў Тваіх.
 
Ледзь не забілі яны мяне на зямлі, але я не пакінуў прыказанняў Тваіх.

Праз міласэрнасьць Тваю захавай мне жыцьцё, і буду пілнавацца аб’яваў вуснаў Тваіх.
 
Паводле міласэрнасці Тваёй ухавай мяне жывым, а я захаваю напамінанні Твае.

Навекі, о Госпадзе, слова Тваё сцьверджана на небе!
 
Навечна, Госпадзе, слова Тваё ўсталявана на небе.

Ад роду ды ў род трывае праўда Твая; паставіў Ты зямлю, і яна стаіць.
 
На ўсе пакаленні — праўда Твая; умацаваў Ты зямлю, і яна трывае.

Водле волі Тваёй стаяць яны да сяньня, бо ўсё гэта служкі Тваі.
 
Паводле прысудаў Тваіх трывае яна сёння, бо ўсё служыць Табе.

Калі-б Твой закон ня быў мне пацехай, даўно-бы я згінуў у нядолі маёй.
 
Каб закон Твой не быў мне асалодай, тады я адразу прапаў бы ў прыніжанасці маёй.

Па век не забудуся загадаў Тваіх, бо імі захаваў Ты жыцьцё мне.
 
Век не забуду прыказанні Твае, бо праз іх ажывіў Ты мяне.

Я — Твой! Спасі Ты мяне! Бо спаўняю загады Тваі.
 
Я Твой, збаў мяне, бо адшукаў я прыказанні Твае.

Заеліся бязбожныя загубіць мяне; я-ж углыбляюся ў пастановах Тваіх.
 
Цікуюць на мяне грэшнікі, каб загубіць мяне, я зразумеў сведчанні Твае.

Я бачыў канец усіх чыста рэчаў; але запаведзь Твая ня мае канца.
 
Я ўбачыў абмежаванасць любой дасканаласці; загад Твой — бязмежна шырокі.

Як я люблю закон Твой! Увесь дзень ён у думцы маёй!
 
Як жа палюбіў я закон Твой, Госпадзе; цэлы дзень — роздум мой [пра яго].

Я зрабіўся мудрэйшым за ворагаў маіх праз закон Твой, бо ён заўсёды са мною.
 
Закон Твай зрабіў мяне разумнейшым за непрыяцеляў маіх, бо ён са мною навечна.

Я мудрэйшы за ўсіх, што вучылі мяне, бо аб’явы Твае ў думках маіх.
 
Стаўся я мудрэйшым за ўсіх тых, што вучылі мяне, бо сведчанні Твае — роздум мой.

Разважнейшы я, чым старыя, бо хаваю загады Тваі.
 
Разумею я лепш за старцаў, бо выконваю прыказанні Твае.

Ад усякай сьцяжынкі благой я ўстрымліваў стопы мае, каб захоўваць слова Тваё.
 
Ад усякай ліхой дарогі ўстрымліваю я ногі мае, каб упільнавацца слова Твайго.

Ад Тваіх пастановаў я ня ўхіляўся, бо Ты мяне навучаў.
 
Ад прысудаў Тваіх я не ўхіляюся, бо Ты навучыў мяне.

Як салодкі словы Твае паднябеньню майму, саладзей за мёд вуснам маім!
 
Якія ж салодкія для паднябення майго прырачэнні Твае, лепш за мёд — для вуснаў маіх!

Праз запаведзі Твае разумным я зрабіўся, дык ненавіджу кожын шлях ілжывы.
 
Праз прыказанні Твае атрымаў я разуменне; таму ненавіджу любую дарогу маны.

Слова Тваё — сьветач для стоп маіх і сьвятло на сьцежцы маёй.
 
Паходня для ног маіх — слова Тваё і святло сцежкі маёй.

Я пакляўся захоўваць прысуды справядлівасьці Тваёй і спаўняю гэта.
 
Даю я прысягу і пастанаўляю пільнавацца прысудаў справядлівасці Тваёй.

Я цяжка прыгнечаны; Госпадзе, ажыві міяне водле слова Твайго!
 
Прыніжаны я вельмі, Госпадзе; ажыві мяне паводле слова Твайго.

Хай будуць Табе даспадобы, о Госпадзе, самахвотныя жэртвы вуснаў маіх. Ты-ж мяне навучы ўставаў Тваіх.
 
Хай будуць пажаданымі добразычлівасці вуснаў маіх, Госпадзе, і прысудам Тваім навучы мяне.

Жыцьцё маё ўсьцяж нашу я ў руцэ у маёй, ды закону Твайго не забываюся.
 
Жыццё маё заўсёды ў небяспецы, а законаў Тваіх я не забываюся.

Бязбожнікі сець мне наставілі, ды я ня ўхіліўся ад загадаў Тваіх.
 
Грэшнікі паставілі пастку на мяне, а я не зблудзіў ад прыказанняў Тваіх.

Пастановы Твае я прыняў, о Госпадзе, як вечную спадчыну, бо яны радасьць сэрца майго.
 
Сведчанні Твае — спадчына мая навечна, бо яны — радасць сэрца майго.

Нахіляю я сэрца к таму, каб заўсёды паводле Тваіх пастаноў паступала яно аж да канца.
 
Схіліў я сэрца маё, каб чыніць пастановы Твае вечна, да канца.

Двудушных я ненавіджу, а закон Твой люблю.
 
Ненавіджу я двудушных, а люблю закон Твой.

Ты — заслона мая і мой шчыт, на слова Тваё спадзяюся.
 
Ты покрыва і шчыт мой, трывала ўсклаў я надзею на слова Тваё.

Адыдзеце ад мяне, беззаконныя, каб я запаведзі Бога майго мог захаваць.
 
Адхіліцеся ад мяне ліхадзеі, і буду я выконваць загады Бога майго.

Падтрымай Ты мяне водле слова Твайго, каб я жыў, і ня дай асароміцца мне за надзею маю.
 
Падтрымай мяне паводле прырачэння Твайго, і я буду жыць; і не пасарамаці мяне ў чаканні маім.

Узмацуй мяне, каб я быў захаваны, каб усьцяж разважаць мне аб уставах Тваіх.
 
Падмацуй мяне, і буду збаўлены, і буду захапляцца пастановамі Тваімі заўсёды.

Адапхнеш Ты ўсіх, што ўхіляюцца ад уставаў Тваіх, бо ілжа іх няплодная.
 
Адцураешся Ты ўсіх адступнікаў ад пастановаў, бо задума іх — мана.

За смоль Ты ўважаеш усіх беззаконных зямлі; за тое-ж я ўзьлюбіў аб’явы Твае.
 
За шлак лічыш Ты ўсіх грэшнікаў зямлі; таму палюбіў я сведчанні Твае.

Дрыжыць ад страху цела маё прад Табою, і прысудаў Тваіх я баюся.
 
Трымціць ад страху Твайго цела маё; баюся я судоў Тваіх.

Пілнаваўся я права й справядлівасьці; не аддай Ты мяне ў рукі ворагаў!
 
Учыніў я суд і справядлівасць; не выдавай мяне тым, што ўзводзяць паклёп на мяне.

За раба Твайго заступіся дзеля збаўленьня яго; ня дай гардуном уціскаць мяне.
 
Забяспеч слугу свайго дабром, каб не ўзводзілі паклёп на мяне пыхліўцы.

Зьнемагаюць вочы мае, выглядаючы помачы Тваёй і прысуду Твайго справядлівага.
 
Вочы мае стамляюцца ад чакання дапамогі Тваёй і справядлівых прырачэнняў Тваіх.

Учыні з рабом Тваім водле ласкі Тваёй, навучы Ты мяне пастановаў Тваіх.
 
Учыні са слугой Сваім паводле міласэрнасці Тваёй і навучы мяне пастановам Тваім.

Я-ж раб Твой: дай Ты мне розум, каб пазнаў аб’явы Твае.
 
Слуга Твой я; дай мне разуменне, каб ведаў я сведчанні Твае.

Пара ўжо дзеяць за Госпада: яны нарушылі Твой закон.
 
Пара дзейнічаць, Госпадзе, бо расцерушылі закон Твой.

Дык за тое й люблю я запаведзі Твае больш, чым золата, чыстае золата.
 
Дзеля таго люблю я загады Твае больш за чыстае золата,

Дзеля тога справядлівымі лічу ўсе загады Тваі, кожную-ж сьцежку ілжы ненавіджу.
 
таму кіраваўся я ва ўсім прыказаннямі Тваімі, узненавідзеў любую дарогу маны.

Дзіўныя аб’явы Твае, і душа мая іх хавае.
 
Дзівосныя сведчанні Твае, трымалася іх душа мая.

Адкрыцьце слоў Тваіх асьвятляе, разумнымі робіць прастакоў.
 
Абвяшчэнне слоў Тваіх прасвятляе і дае разуменне малым.

Расчыняю я вусны мае і ўздыхаю, бо прагну я запаведзяў Тваіх.
 
Раскрываю вусны мае і ўцягваю паветра, бо прагну загадаў Тваіх.

Павярніся ка мне і будзь мне ласкавы, як ласкавы для тых, што любяць імя Тваё.
 
Павярніся да мяне і злітуйся нада мной паводле прысуду Твайго для тых, што любяць імя Тваё.

Стопы мае ўмацуй Ты ў слове Тваім і ня дай беззаконьню мной заўладаць.
 
Накіроўвай крокі мае паводле прырачэння Твайго, і не запануе нада мною аніякая несправядлівасць.

Збаў Ты мяне ад уціску людзкога, каб загадаў Тваіх пілнавацца мне.
 
Адкупі мяне ад паклёпаў людскіх, каб пільнаваўся я прыказанняў Тваіх.

Асьвяці Ты раба Твайго сьвятлом аблічча Твайго і навучы Ты мяне ўставаў Тваіх.
 
Прасвятлі аблічча Тваё на слугу Твайго і навучы мяне пастановам Тваім.

З вачэй маіх сьлёзы патокам плывуць, бо закону Твайго не захоўваюць людзі.
 
Ручаі слёз выцякаюць з вачэй маіх, бо не пільнуюцца яны закону Твайго.

Ты праведны, Госпадзе, і суды Тваі справядлівыя.
 
Справядлівы Ты, Госпадзе, і праўдзівы суд Твой.

Аб’явы Твае, што Ты запаведаў, справядлівыя й шчырая праўда.
 
Перадаў Ты ў справядлівасці сведчанні Твае ў чыстай праўдзе.

Зьядае мяне руплівасьць мая, бо забылі словы Твае маі ворагі.
 
Марнуе мяне руплівасць мая, бо забываюцца пра словы Твае непрыяцелі мае.

Слова Тваё выспрабавана, дык затое раб Твой узьлюбіў яго.
 
Прырачэнне Тваё надзвычай агністае, і слуга Твой палюбіў яго.

Малы я й годны пагарды, а загадаў Тваіх я не забываюся.
 
Малюсенькі я і занядбаны, прыказанняў Тваіх не забыўся.

Справядлівасьць Твая — справядлівасьць навекі, і закон Твой — праўда.
 
Твая справядлівасць — вечная справядлівасць, і закон Твой — праўда.

Туга ды гора спаткалі мяне; запаведзі Твае — патоля мая.
 
Бяда і ўціск наваліліся на мяне, загады Твае — асалода мая.

Справядлівасьць аб’яваў Тваіх трывае навекі; дай мне ўразуменьне, каб мне жыці.
 
Сведчанні Твае — вечная справядлівасць; дай мне разуменне, і я буду жыць.

З усяго сэрца гукаю я, пачуй мяне, Госпадзе! Бо ўставы Тваі я заховываю.
 
Крычу я ад усяго сэрца майго: выслухай мяне, Госпадзе; выканаць хачу пастановы Твае.

Цябе я клічу: памажы Ты мне, каб я захаваў уставы Тваі!
 
Крычу я да Цябе: збаў мяне, і буду выконваць загады Твае.

Перад досьвіткамі крычу я, чакаючы на слова Тваё.
 
Апярэджваю я раніцу і клікаю, трывала ўскладаю надзею на словы Твае.

Вочы мае апярэджваюць варту начную, каб мне заглыбляцца ў слове Тваім.
 
Апярэдзяць вочы мае світанне, каб абдумаць мне прырачэнні Твае.

Пачуй мой голас з ласкі Тваяе; ажыві мяне, Госпадзе, водле ўставаў Тваіх.
 
Пачуй голас мой паводле міласэрнасці Тваёй, Госпадзе, паводле прысуду Твайго ажыві мяне.

Падыходзяць тыя, што сочаць мяне падступна; бо ад закону Твайго адступіліся.
 
Наблізіліся тыя, што пераследуюць мяне ў ліхасці, але ад закону Твайго аддаліліся яны.

Ты-ж блізкі, о Госпадзе, і ўсе Твае запаведзі — праўда.
 
Блізка Ты, Госпадзе, і ўсе загады Твае — праўда.

Здаўна мне ведама з аб’яваў Тваіх, што яны ўгрунтаваны навекі.
 
Ад пачатку даведаўся я пра сведчанні Твае, што заснаваў Ты іх навечна.

Глянь на нядолю маю і вызваль мяне, бо я пра закон Твой ніколі не забываўся.
 
Паглядзі на прыніжэнне маё і вырві мяне; бо закону Твайго я не забыўся.

Заступіся за справу маю і збаў Ты мяне, паводле слова Твайго мяне ажыві.
 
Рассудзі справу маю і адкупі мяне, пры дапамозе прырачэння Твайго ажыві мяне.

Ад бязбожных жа помач далёка, бо яны аб уставы Тваі ня пытаюцца.
 
Далёка збаўленне ад грэшнікаў, бо яны не адшукалі пастановаў Тваіх.

Міласэрдзе Тваё вялікае, Госпадзе; па ўставам Тваім ажыві Ты мяне.
 
Вялікая Твая, Госпадзе, міласэрнасць, паводле прысуду Твайго ажыві мяне.

Многа такіх у мяне, што мяне ўціскаюць ды крыўдзяць; ды ад аб’яваў Тваіх я не адступаўся.
 
Многа пераследуючых мяне і засмучаючых мяне; ад напамінаў Тваіх я не ўхіляюся.

Я бачыў адступнікаў і чуў агіду да іх, бо яны не захоўвалі слова Твайго.
 
Бачу я адступнікаў і брыджуся, бо прырачэнняў Тваіх яны не берагуць.

Глянь, Госпадзе, як я люблю загады Тваі; паводле ласкі Тваёй мяне ажыві.
 
Госпадзе, люблю Твае прыказанні, з міласэрнасці ўхавай мяне жывым.

Аснова слова Твайго ёсьць праўда, і ўсякі устаў Твой навек справядлівы.
 
Аснова слоў Тваіх — праўда, і вечныя ўсе прысуды справядлівасці Тваёй.

Князі ганяюць мяне бяз прычыны, але сэрца маё дрыжыць перад словам Тваім.
 
Князі чыняць пераслед мне без прычыны, а сэрца маё шануе слова Тваё.

Цешуся я з Твайго слова, як той, хто прыдбаў вялічэзну карысьць.
 
Весялюся з прырачэнняў Тваіх, як тыя, што натрапілі на вялікую здабычу.

Ілжу ненавіджу я й брыджуся ёю, закон Твой люблю.
 
Ненавіджу я ману і брыджуся; але Твой закон люблю.

Сямкротна ў дзень хвалю я Цябе за ўставы Тваі справядлівыя.
 
Сем разоў на дзень хвалю Цябе за справядлівыя прысуды Твае.

Вялікі спакой даеш Ты тым, што любяць закон Твой, і яны не спаткнуцца.
 
Шчодры супакой тым, што любяць закон Твой, і няма для іх спакушэння.

Спадзяюся я, Госпадзе, на збаўленьне Тваё, бо хадзіў я паводле загадаў Тваіх.
 
Маю надзею на дапамогу Тваю, Госпадзе, і выконваю загады Твае.

Захоўвала душа мая аб’явы Твае, і крэпка я іх улюбіў.
 
Дапільнавалася душа мая сведчанняў Тваіх, і палюбіў я іх надзвычайна.

Зохоўваю я загады Тваі ды аб’явы Твае, бо ўсе сьцежкі мае прад Табою.
 
Выконваю прыказанні Твае і сведчанні Твае, бо ўсе дарогі мае на віду ў Цябе.

Няхай дойдзе мой плач да аблічча Твайго, о Госпадзе! Водле слова Твайго Ты муд-рым мяне ўчыні.
 
Хай наблізіцца маленне маё да Цябе, Госпадзе; згодна з словам Тваім дай мне разуменне.

Няхай прыйдзе маленьне маё прад аблічча Тваё! Водле слова Твайго ратуй Ты мяне!
 
Хай дойдзе да Цябе маленне маё; паводле прырачэння Твайго вызвалі мяне.

Із вуснаў маіх паліецца хвала, бо Ты вучыш мяне пастановаў Тваіх.
 
Выпусцяць гімн вусны мае, калі навучыш мяне пастановам Тваім.

Будзе язык мой пяяці аб слове Тваім, бо ўсе загады Тваі справядлівыя.
 
Хай апявае язык мой прырачэнне Тваё, бо ўсе загады Твае — справядлівасць.

адсутнічае
 
Хай рука Твая станецца такой, каб успамагала мне, бо выбраў я прыказанні Твае.

Я прагну, о Госпадзе, спасеньня Твайго, і закон Твой — патоля мне.
 
Запрагнуў я збаўлення Твайго, Госпадзе, і закон Твой — асалода мая.

Хай душа мая жыве, каб хваліць Цябе, і суды Тваі хай памогуць мне.
 
Хай жыве душа мая і хваліць Цябе, і прысуды Твае ўспамагаюць мне.

Я заблудзіўся; як авечку, што згубілася, шукай Ты раба Твайго, бо загадаў Тваіх я не забываўся.
 
Блукаю я, як авечка, што прапала; шукай слугу Твайго, бо загадаў Тваіх я не забываюся.