Псалтыр 22 псалом

Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Кіраўніку хору: на лад: Лань да сьвітаньня. Псальм Давідавы.
 
Кіраўніку хору. На спосаб песні «Ласіца на досвітку». Псальм Давідаў.

Божа мой, Божа мой! Чаму Ты пакінуў мяне — далёкі,ад помачы мне, ад словаў стагнаньня майго?
 
Божа, Божа мой, чаму Ты мяне пакінуў? Далёка ад збавення майго словы клічу майго.

Божа мой! — уздыхаю я ўдзень, але Ты не адгукаешся, і ўначы, ды не знаходжу патолі.
 
Божа мой — клічу ўдзень, і не чуеш, і ноччу, і няма мне супакою.

Але Ты ўсёж ёсьць Сьвяты, Ты сідзіш панад слаўленьнем Ізраіля!
 
Але ж Ты — святы, Ты жывеш у славе Ізраэля.

На Цябе спадзяваліся айцы нашыя, спадзяваліся, і Ты спасаў іх.
 
На Цябе ўсклалі надзею бацькі нашыя, усклалі надзею — і Ты вызваліў іх;

Да Цябе крычэлі яны і былі вызволены; на Цябе спадзяваліся, і не зазналі сораму.
 
і сталіся ўратаванымі; на Цябе ўсклалі надзею — і не пасаромеліся.

Я-ж чарвяк, а не чалавек, зьняважаны людзьмі і пагарджаны народам.
 
Але ж я — чарвяк, а не чалавек, зняважаны людзьмі і адрынуты народам.

Усе, што бачаць мяне, насьмяхаюцца нада мною, крывячы вусны ды ківаючы галовамі:
 
Усе, якія бачылі мяне, блюзнілі на мяне, крывячы вусны, ківалі галавою.

ён спадзяваўся на Госпада! Дык няхай спасае яго, няхай вызваляе яго, калі Яму любы!
 
«Спадзяваўся ён на Бога, хай жа вызваліць яго, няхай яго ўратуе, калі Ён спагадны да яго».

Але-ж Ты дастаў мяне із улоньня матчынага, пры грудзёх маёй маткі ляжаў я бясьпечна.
 
Бо Ты — Той, Які вывеў мяне з улоння, маё спадзяванне на грудзі маці маёй.

На Цябе я пакінены ад чэрава маткі; ад улоньня маткі маёй Ты — мой Бог!
 
На Цябе быў я пакінуты ад самага пачацця, ад улоння маці маёй Бог мой — гэта Ты.

Ня стой воддаль ад мянё, бо блізка няшчасьце, і няма абаронцы!
 
Не аддаляйся ад мяне, бо пакута ўжо блізка, бо няма таго, хто падтрымае.

Мяне абступаюць дужыя быкі, бугаі Базанскія абступаюць мяне.
 
Абступіла мяне мноства цялят, быкі басанскія акружылі мяне.

Яны разявілі ляпы свае на мяне, быццам леў дзікі, што рыкае.
 
Разяўляюць яны на мяне свае пашчы, быццам леў драпежны і рыклівы.

Я выліўся, быццам, вада, і ўсе мае косткі рассыпаліся; сэрца маё, быццам воск, растапілася ў нутры маім.
 
Нібы вада, я ўвесь выліўся, і рассыпаліся косці мае. Зрабілася сэрца маё, быццам воск, расплаўляючыся ў сярэдзіне ўлоння майго.

Дзясны мае павысахлі, быццам чарапок, язык мой прыліп да паднябеньня майго, і ў парахно сьмерці Ты кідаеш мяне.
 
Ссохлася, як цагліна, горла маё, і язык мой прыстаў да гартані маёй, у парахно смерці звёў Ты мяне.

Бо сабакі абступілі мяне, грамада злачынцаў аблягае мяне; пракалолі яны рукі й стопы мае.
 
Бо абступіла мяне мноства сабак, банда ненавіснікаў абступіла мяне.

Усё косткі мае можна-б налічыць; яны-ж глядзяць, быццам на відавішча ўглядаюцца.
 
Прабілі рукі мае і ногі мае, і палічыў я ўсе косці мае. Яны ж заўважылі і пачалі ўглядацца ў мяне.

Яны дзеляць вопратку маю паміж сабою і аб шаты мае кідаюць жэрабе.
 
Адзенне маё падзялілі між сабою і на вопратку маю кінулі жэрабя.

Не аддаляйся-ж ад мяне Ты, Госпадзе! Сіла мая, пасьпяшы мне на ўспамогу!
 
Але Ты, Госпадзе, не аддаляйся, цвярдыня мая, паспяшайся мне на дапамогу.

Ад мяча вырві душу маю, з моцы сабак адзінокую маю.
 
Ухавай ад меча душу маю і ад кіпцяў сабачых — адзіную маю.

Із ляпы львінае вызваль мяне і ад рагоў буйвалавых, учуўшы, спасі Ты мяне!
 
Абарані мяне ад пашчы льва, а пакорлівасць маю — ад рагоў адзінарога.

Дык апавядаціму братом маім імя Тваё, у грамадзе буду хваліці Цябе.
 
Абвяшчу імя Тваё Маім братам, пасярод святыні буду славіць Цябе.

Вы, што баіцёся Госпада, выхваляйце Яго! Чці Яго, усё насеньне Якубавае, і бойся Яго, усё насеньне Ізраіля!
 
Хваліце Яго, якія жывяце ў страху Госпада, усялякае семя Якубава ўслаўляйце Яго! Хай трымціць перад Ім кожнае семя Ізраэлева.

Бо Ён не адцураўся й не пагардзіў горам нешчасьлівага, ды не схаваў аблічча Свайго ад яго, але выслухаў яго, калі той крычэў да Яго.
 
Бо Ён не пагарджаў і не брыдзіўся жальбаю ўбогага і не адвярнуў аблічча Свайго ад яго, а калі той звяртаўся да Яго, выслухаў яго.

Праз Цябе хвала мая ў вялікім зграмаджэньні; абяцаньне маё я споўню перад абліччам тых, што баяцца Яго.
 
Дзеля Цябе пахвала мая ў вялікай святыні. Выпаўню абяцанні свае перад тымі, што баяцца Яго.

Убогія будуць есьці й насыцяцца; хваліцімуць Госпада тыя, што шукаюць Яго; няхай сэрца вашае навекі жыве!
 
Убогія будуць есці і наядуцца і будуць славіць Госпада тыя, што шукаюць Яго: «Хай жывуць сэрцы іх на векі вечныя!»

Усё межы зямлі схамянуцца й навернуцца да Госпада, і ніцма кінуцца перад Табою ўсе пляменьні паганаў.
 
Апомняцца і навернуцца да Бога ўсе ўскрайкі зямлі, і паклоняцца перад абліччам Яго ўсе плямёны паганскія.

Бо Госпада ёсьць царства, і Ён — Валадар над народамі.
 
Бо царства — Госпадава, і Ён будзе валадарыць над паганамі.

Толькі прад Ім пахіляціся будуць усё тучныя зямлі; перад абліччам Ягоным суклоняцца ўсе, што ў пыл абяртаюцца й ня ў сілах жыцьцё сваё захаваці.
 
Толькі Яму аднаму паклоняцца ўсе тыя, што спачываюць у зямлі. Перад Ім упадуць усе, якія сыдуць у прах. А душа ж мая будзе жыць для Яго,

Насеньне-ж (маё) служыціме Госпаду й будзе Гасподнім звацца навекі.
 
і нашчадкі мае будуць служыць толькі Яму. Будзе расказана пра Госпада пакаленню, якое прыйдзе,

Аб Госпадзе апавядацімуць пакаленьню, якое народзіцца, — і народу, што мае нарадзіцца, абвяшчаць будуць справядлівасьць Яго, што Ён, учыніў.
 
і абвесцяць яны справядлівасць Яго народу, які народзіцца: «Гэта ўчыніў Госпад».