Псалтыр 22 псалом

Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Кіраўніку хору: на лад песьні: лань на досьвітку. Псальм Давідавы.
 
Кіраўніку хору. На спосаб песні «Ласіца на досвітку». Псальм Давідаў.

Божа Мой! Божа Мой! Чаму Ты пакінуў Мяне? Далёкі ад ратунку Майго, ад слоў стагна́ньня Майго?
 
Божа, Божа мой, чаму Ты мяне пакінуў? Далёка ад збавення майго словы клічу майго.

Божа Мой! Я клічу ўдзень, і Ты ня адказваеш, і ўначы, і няма Мне супакою.
 
Божа мой — клічу ўдзень, і не чуеш, і ноччу, і няма мне супакою.

Але Ты ёсьць Сьвяты, Ты ўсьсядаеш, як на троне, на хва́лах Ізраэлявых.
 
Але ж Ты — святы, Ты жывеш у славе Ізраэля.

На Цябе спадзяваліся ба́цькі нашыя. Яны спадзяваліся, і Ты вызваляў іх.
 
На Цябе ўсклалі надзею бацькі нашыя, усклалі надзею — і Ты вызваліў іх;

Да Цябе яны гукалі і былí выратаваныя. Яны спадзяваліся на Цябе і ня былí пасаромленыя.
 
і сталіся ўратаванымі; на Цябе ўсклалі надзею — і не пасаромеліся.

Але Я чарвяк, а ня чалавек, зьнявага ў людзей і зганьбаваны народам.
 
Але ж я — чарвяк, а не чалавек, зняважаны людзьмі і адрынуты народам.

Усе, хто бачаць Мяне, насьмяхаюцца нада Мною, крывячы вусны і ківаючы галовамі.
 
Усе, якія бачылі мяне, блюзнілі на мяне, крывячы вусны, ківалі галавою.

Ён спадзяваўся на Ягову! Дык няхай выратуе Яго, няхай вызваліць Яго, калі Ён даспадобы Яму!
 
«Спадзяваўся ён на Бога, хай жа вызваліць яго, няхай яго ўратуе, калі Ён спагадны да яго».

Але ж Ты вывеў Мяне з чэрава (матчынага), Ты даў Мне надзею ля пелькаў маткі Маёй.
 
Бо Ты — Той, Які вывеў мяне з улоння, маё спадзяванне на грудзі маці маёй.

На Цябе Я пакінены ад улоньня (маткі), ад чэрава маткі Маёй Ты ёсьць Мой Бог!
 
На Цябе быў я пакінуты ад самага пачацця, ад улоння маці маёй Бог мой — гэта Ты.

Ня аддаляйся ад Мяне, бо пакуты ўжо блізка, а памочніка няма.
 
Не аддаляйся ад мяне, бо пакута ўжо блізка, бо няма таго, хто падтрымае.

Многа маладых быкоў вакол Мяне, магутныя Басанскія абступілі Мяне.
 
Абступіла мяне мноства цялят, быкі басанскія акружылі мяне.

Яны разяўляюць ляпы свае на Мяне, быццам рыкаючы леў, які рве на шматкí.
 
Разяўляюць яны на мяне свае пашчы, быццам леў драпежны і рыклівы.

Я выліты, быццам, вада, і ўсе косткі Мае рассыпаны. Сэрца Маё ёсьць, як воск, растоплена ў Маім нутры.
 
Нібы вада, я ўвесь выліўся, і рассыпаліся косці мае. Зрабілася сэрца маё, быццам воск, расплаўляючыся ў сярэдзіне ўлоння майго.

Сіла Мая высахла, як чарапок, язык Мой прыліп да паднябеньня Майго. І ў пыл сьмерці кладзеш Ты Мяне;
 
Ссохлася, як цагліна, горла маё, і язык мой прыстаў да гартані маёй, у парахно смерці звёў Ты мяне.

бо сабакі Мяне атачылі, хэўра нянавісьнікаў абступіла Мяне. Яны прабілі Рукі Мае і Стопы Мае.
 
Бо абступіла мяне мноства сабак, банда ненавіснікаў абступіла мяне.

Я магу пералічыць усе Мае косткі. Яны глядзяць і разглядаюць Мяне (як відовішча).
 
Прабілі рукі мае і ногі мае, і палічыў я ўсе косці мае. Яны ж заўважылі і пачалі ўглядацца ў мяне.

Яны дзеляць паміж сабою вопратку Маю, і аб рызе Маёй кíдаюць жэрабя.
 
Адзенне маё падзялілі між сабою і на вопратку маю кінулі жэрабя.

Але Ты, Ягова, ня аддаляйся (ад Мяне)! Сіла Мая, пасьпяшай Мне на дапамогу!
 
Але Ты, Госпадзе, не аддаляйся, цвярдыня мая, паспяшайся мне на дапамогу.

Выратуй ад меча Душу́ Маю, ад заваладаньня сабакамі адзінокую Маю.
 
Ухавай ад меча душу маю і ад кіпцяў сабачых — адзіную маю.

Выратуй Мяне ад пашчы ільва і ад рагоў буйвалаў. Бо Ты пачуў Мяне.
 
Абарані мяне ад пашчы льва, а пакорлівасць маю — ад рагоў адзінарога.

Буду абвяшчаць Імя Тваё братом Маім, сярод сходу буду славіць Цябе.
 
Абвяшчу імя Тваё Маім братам, пасярод святыні буду славіць Цябе.

Вы, што баіцёся Ягову, усхваляйце Яго! Усё насеньне Якубавае ўсхваляйце Яго; і бойцеся Яго ўсё насеньне Ізраэля;
 
Хваліце Яго, якія жывяце ў страху Госпада, усялякае семя Якубава ўслаўляйце Яго! Хай трымціць перад Ім кожнае семя Ізраэлева.

бо Ён ня пагардзіў і ня збрыдзіўся жа́льбаю ўбогага, і ня адвярнуў Аблічча Свайго ад яго. І калі ён гукаў да Яго, выслухаў яго.
 
Бо Ён не пагарджаў і не брыдзіўся жальбаю ўбогага і не адвярнуў аблічча Свайго ад яго, а калі той звяртаўся да Яго, выслухаў яго.

Ты натхняеш мяне на славахваленьне ў сходзе вялікім. Маё ўрачыстае абяцаньне я споўню перад тымі, што баяцца Яго.
 
Дзеля Цябе пахвала мая ў вялікай святыні. Выпаўню абяцанні свае перад тымі, што баяцца Яго.

Убогія будуць есьці і наяду́цца. Будуць хваліць Ягову тыя, што шукаюць Яго. Хай вечна жыве вашае сэрца!
 
Убогія будуць есці і наядуцца і будуць славіць Госпада тыя, што шукаюць Яго: «Хай жывуць сэрцы іх на векі вечныя!»

Успомняць і наве́рнуцца да Яговы ўсе канцы зямлі, і паклоняцца перад Табою ўсе плямёны паганаў,
 
Апомняцца і навернуцца да Бога ўсе ўскрайкі зямлі, і паклоняцца перад абліччам Яго ўсе плямёны паганскія.

бо Яговы ёсьць Валадараньне, і Ён валадарыць над народамі.
 
Бо царства — Госпадава, і Ён будзе валадарыць над паганамі.

Будуць есьці і паклоняцца ўсе сытыя зямлі. Схіляцца перад Ім усе, што сходзяць у тло, і кожны, хто душу́ сваю ня можа ўтрымаць у жыцьці.
 
Толькі Яму аднаму паклоняцца ўсе тыя, што спачываюць у зямлі. Перад Ім упадуць усе, якія сыдуць у прах. А душа ж мая будзе жыць для Яго,

Нашчадкі будуць служыць Яму. І будучае пакаленьне будзе прылічана да майго Госпада.
 
і нашчадкі мае будуць служыць толькі Яму. Будзе расказана пра Госпада пакаленню, якое прыйдзе,

Яны прыйдуць і абвесьцяць Ягоную справядлівасьць народу, які народзіцца, што Ён (гэта) зрабіў.
 
і абвесцяць яны справядлівасць Яго народу, які народзіцца: «Гэта ўчыніў Госпад».