Псалтыр 41 псалом
Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2017
Кіраўніку хору. Псальм Давідавы.
Кіраўніку хору. Псальм Давідаў.
Шчасьлівы той, хто зважае на мізэрнага. У дзень ліхí вызваліць яго Ягова.
Шчасны той, хто спачувае няшчаснаму. У дзень ліхі вызваліць яго Госпад.
Ягова зьберажэ яго і захавае яго ў жыцьці. І будзе ён шчасьлівы на зямлі. І Ты ня аддасі яго на волю ворагаў ягоных.
Госпад ухавае яго і ажывіць яго, і шчасным зробіць яго на зямлі, не аддасць яго на волю непрыяцеляў яго.
Ягова падтрымае яго на ложку не́мачы ягонай. Ты пераменіш ўсю пасьцель ягоную, калі ён будзе хворы.
Госпад прынясе яму ўспамогу на ложа пакуты яго; Ты перавернеш яго пасцель у немачы яго.
Я, я сказаў: «Ягова, будзь літасьцівы да мяне! Вылячы душу́ маю, бо зграшыў я перад Табою».
Кажу я: «Госпадзе, пашкадуй мяне, ацалі душу маю, бо зграшыў я Табе!»
Ворагі мае кажуць пра мяне благое: «Калі ён памрэ і зьгіне імя ягонае?»
Непрыяцелі мае ліха кажуць пра мяне: «Калі ж памрэ ён і калі прападзе імя яго?»
І калі хто прыходзіць наведаць мяне, ён кажа няпраўду. Сэрца ягонае напоўнена злосьцяй; і як выйдзе вонкі, дык ла́е мяне.
І калі хто прыходзіць наведаць мяне, то кажа ўсякія недарэчнасці. Сэрца яго збірае сабе правіннасці, і, выйшаўшы вонкі, ён пачынае плявузгаць.
Аб’яднаўшыся шэпчуцца ўсе мае нянавісьнікі супраць мяне. Яны намышляюць супраць мяне лíха:
Поруч усе непрыяцелі мае шэпчуць супраць мяне, яны задумваюць усякае ліха супраць мяне:
«ліхая хвароба вылілася на яго. І той, хто зьлёг, болей ня ўстане».
«Сурокі прычапілася да яго», або: «Той, хто хворы залёг, той не здолее падняцца».
Нават чалавек, які жыў мірна са мною, на якога я спадзяваўся, які еў мой хлеб, падняў супраць мяне пяту.
Але нават чалавек, з якім я жыў у супакоі, якому я давяраў, які есць хлеб мой, пяту падняў супраць мяне.
Але Ты, Ягова, будзь літасьцівы да мяне і падымі мяне, і я ім адплачу.
Ты ж, Госпадзе, злітуйся з мяне і абудзі мяне, і аддам я ім.
Праз тое я пазна́ю, што Ты маеш спрыяньне да мяне, калі вораг мой ня будзе мець нада мною перамогі.
Па тым пазнаю я, што Ты спагадаеш мне, калі не будзе смяяцца непрыяцель мой з мяне.
А мяне, у маёй чысьціні, Ты трымаеш проста і ставіш мяне перад Абліччам Тваім навечна.
Ты падтрымаў мяне дзеля бязвіннасці і паставіў мяне перад Табою навек.
Хай будзе багаславёны Ягова, Бог Ізраэля, ад вечнасьці і ў вечнасьць! Амін. Так, амін!
Дабраславёны Госпад, Бог Ізраэля, ад веку і аж да веку. Хай жа будзе, хай будзе.