Псалтыр 89 псалом

Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Вучэньне Эта́на Эзрагіта.
 
Паэма. Этана Эзрахіта.

Міласэрнасьці Яговы буду апяваць вечна, ад пакаленьня ў пакаленьне буду абвяшчаць вернасьць Тваю маімі вуснамі,
 
Міласэрнасць Госпада вечна буду апяваць, з пакалення ў пакаленне абвяшчаць буду праўду Тваю вуснамі маімі.

я казаў: навекі будзе збудавана міласэрнасьць; у Нябёсах Ты ўгрунтуеш вернасьць Тваю.
 
Бо Ты сказаў: навечна збудавана міласэрнасць, у нябёсах зацвярдзіў Ты вернасць Тваю.

Я заключыў Запавет з выбра́нцам Маім, прысягнуўся Давіду, слузе Майму:
 
Пастанавіў Ты запавет выбранніку Твайму, прысягнуў Давіду, слузе Твайму:

«Навечна ўгрунтую Я Семя Тваё і Я збудую з роду ды ў род Пасад Твой.» — Зэля.
 
«Навечна зацверджу Я патомства Тваё і збудую сталец Твой з пакалення ў пакаленне».

І Нябёсы праславяць Цябе за Цудадзеі Твае, Ягова, і Тваю вернасьць у сходзе сьвятых, —
 
Нябёсы будуць вызнаваць цуды Твае, Госпадзе, і праўду Тваю на сходзе святых.

бо хто ў Небе роўны Ягове? хто роўны Ягове сярод багоў?
 
Бо хто на воблаках зраўняецца з Госпадам, хто стане падобны Госпаду паміж сыноў Божых?

Усемагутны варты вялікага страху ў нарадзе сьвятых і багавейнасьці да страху сярод усіх, хто Яго акружае.
 
Бог, годны ўшанавання на нарадзе святых, вялікі і жахлівы Ён над усімі, хто навокал Яго.

Ягова, Бог войскаў, хто такі моцны, як Ты, Ягова? І вернасьць Твая вакол Цябе.
 
Госпадзе, Божа магуццяў, хто падобны да Цябе? Магутны Ты, Госпадзе, і праўда Твая — навокал Цябе.

Ты валадарыш над лютасьцю мора. Калі ўздымаюцца хвалі ягоныя, Ты іх таймуеш.
 
Ты валодаеш гордым морам, Ты суцішваеш узбураныя хвалі яго.

Ты растаптаў Рагаў (Ягіпет), як аднаго з пабітых. Тваёю моцнай Рукою Ты расьцярушыў ворагаў Тваіх.
 
Ты стаптаў прабітага Рагаба, рукою магутнай Тваёю разагнаў непрыяцеляў Тваіх.

Твае ёсьць Нябёсы і Твая ёсьць зямля. Ты заснаваў сусьвет і ўсё, што напаўняе яго.
 
Твае нябёсы і Твая зямля, Ты заснаваў сусвет і ўсё, што яго напаўняе.

Поўнач і поўдзень, Ты іх стварыў. Табор і Ярмон урачыста радуюцца аб Імені Тваім.
 
Ты стварыў поўнач і поўдзень, Табор і Гэрмон радуюцца з Твайго імя.

Твая ўлада і мышца. Рука Твая моцная, Правіца Твая ўзьнятая.
 
Ты маеш моцнае плячо, моцная Твая правіца ўзнята.

Справядлівасьць і Суд ёсьць падмурак Пасаду Твайго. Міласэрнасьць і Праўда ідуць перад Абліччам Тваім.
 
Падмурак пасада Твайго — справядлівасць і закон. Міласэрнасць і праўда крочаць перад абліччам Тваім.

Шчасьлівы народ, які ведае гук радасьці. Яны будуць хадзіць, Ягова, у сьвятле Аблічча Твайго.
 
Шчасны той народ, што ведае кліч радасці. Ходзяць яны, Госпадзе, у святле аблічча Твайго.

Празь Імя Тваё яны ўрачыста радуюцца ўвесь дзень, і па Справядлівасьці Тваёй яны будуць узвышаны,
 
І з імя Твайго будуць радавацца цэлы дзень, і справядлівасцю Тваёй будуць узвышаны.

бо Ты ёсьць прыгажосць сілы іхнай, і праз Добразычлівасьць Тваю будзе ўзьняты наш рог,
 
Бо Ты — аздоба магуцця іх; і ў спагаднасці Тваёй узвысіцца рог наш.

бо Ягова ёсьць наш шчыт, і Сьвяты Ізраэляў ёсьць наш Кароль.
 
Бо Госпад — шчыт наш, і ад святога Ізраэля — Валадар наш.

Некалі гаварыў Ты ў бачаньні да Сьвятога Твайго і сказаў: «Я ўчыніў дапамогу мужнаму. Я ўзвысіў выбранца з народу.
 
Калісьці ў бачанні гаварыў Ты сваім святым і сказаў: «Паклаў Я ўспамогу на моцным і ўзвысіў выбранніка з народа.

Я знайшоў Давіда, слугу Майго, Маім Сьвятым алеем Я памазаў яго,
 
Выбраў Я Давіда, слугу Свайго, намасціў Я яго святым алейкам Маім,

Рука Мая будзе цьвёрда зь ім, і Рука Мая, сапраўды, ўмацуе яго.
 
і рука Мая моцная з ім, і плячо Маё ўмацоўвае яго.

Ня пераможа яго вораг, і сын бяззаконьня ня ўцісне яго.
 
Нічога не дасягне на ім непрыяцель, і сын несправядлівасці не прыцісне яго.

І прыгнятальнікаў ягоных Я скрышу перад абліччам ягоным, і Я паражу́ нянавісьнікаў ягоных.
 
І знішчу перад абліччам яго непрыяцеляў яго, і тых, што ненавідзяць яго, змяту.

І Вернасьць Мая і Міласэрнасьць Мая зь ім, і праз Імя Маё будзе ўзьнесены рог ягоны.
 
І праўда Мая, і міласэрнасць Мая — з ім, і ў імя Маё ўзрасце сіла яго.

І Я пакладу руку́ ягоную на мора і правіцу ягоную — на рэкі.
 
І выцягну Я руку яго над морам, і над рэкамі — правіцу яго».

Ён будзе клікаць Мяне: «Ты мой Бацька, мой Бог і Скала выратаваньня майго.»
 
Ён пакліча мяне: «Ты — Бацька мой, Бог мой і прыстанішча збаўлення майго».

Сапраўды, Я дам яму першародства, стан найвышэйшага над каралямі зямлі.
 
І Я яго ўстанаўляю першародным, найвышэйшым за каралёў зямлі.

Навек Я захаваю яму Міласэрнасьць Маю, і Мой Запавет зь ім застанецца цьвёрдым.
 
Навечна захаваю ласку Сваю для яго, і запавет Мой верны для яго.

І Я падоўжу навекі насеньне ягонае, і пасад ягоны, як дні Нябёсаў.
 
І ўстанаўлю на векі вечныя патомства яго, і пасад яго, як дні неба.

Калі сыны ягоныя пакінуць Закон Мой і ня будуць хадзіць паводля Наказаў Маіх,
 
Калі б сыны яго занядбалі закон Мой і не жылі паводле Маіх прыказанняў,

калі яны зьняважаць Пастановы Мае і ня будуць трымацца Прыказаньняў Маіх,
 
калі б зневажалі пастановы Мае і не трымаліся загадаў Маіх, —

дык Я даведаюся іх у праступку іхным па́ліцай і ўдарамі няпраўду іхную,
 
наведаю Я з палкай злачынства іх, і з бічамі — несправядлівасць іх,

але Міласэрнасьці Маёй ня адвярну ад яго, і захаваю Вернасьць Маю.
 
але міласэрнасці Маёй не адвярну ад яго і не падману ў праўдзе Маёй.

Я ня пару́шу Запавету Майго і ня памяняю таго, што выйшла з Вуснаў Маіх.
 
Не парушу запавету Майго і таго, што выходзіць з вуснаў Маіх, — не змарную.

Аднойчы Я прысягнуў у Сьвятасьці Маёй. Я Давіду ня зманю.
 
Аднойчы прысягнуў Я святасцю Маёй: не падману Давіда.

Насеньне ягонае будзе вечна, і пасад ягоны, як сонца перада Мною.
 
Патомства яго будзе трываць вечна, а пасад яго на віду ў Мяне, як сонца

Як месяц ён будзе стаяць вечна, і сьведка ў небе — верны. Зэля.
 
і як месяц моцны, стаяць будзе вечна; і сведка верны на небе.

Але (Ты), Ты адкінуў і адпіхнуў, угневаўся на памазанца Твайго,
 
Ты, аднак, адпіхнуў яго і адкінуў, вельмі разгневаўся на Свайго намашчэнца;

Ты занядбаў Запавет са слугою Тваім, Ты зга́ньбіў карону ягоную (кінуўшы яе) на зямлю.
 
парушыў запавет слугі Твайго, на знявагу аддаў яго вянец.

Ты разбурыў усе муры ягоныя, крэпасьці ягоныя абярнуў у руіны.
 
Зруйнаваў Ты ўсе муры яго, у разваліны абярнуў усе яго ўмацаванні.

Рабуюць яго ўсе, якія праходзяць дарогай. Ён стаўся пасьмешышчам для суседзяў сваіх.
 
Абрабавалі яго ўсе, што праходзілі дарогай, стаўся ён пасмешышчам для сваіх суседзяў.

Ты ўзвысіў правіцу прыгнятальнікаў ягоных. Ты парадаваў усіх ворагаў ягоных.
 
Узвысіў Ты правіцу прыгнятальнікаў яго, напоўніў радасцю ўсіх яго ворагаў.

Ты павярнуў назад вастрыё меча ягонага і ня даў яму выстаяць у бітве.
 
Ты адвёў назад лязо меча яго і не падтрымаў яго на вайне.

Ты прыпыніў бляск ягоны і пасад ягоны скінуў на зямлю.
 
Ты паклаў канец ззянню яго, і сталец яго паваліў на зямлю.

Ты скараціў дні юнацтва ягонага. Пакрыў яго сорамам. Зэля.
 
Скараціў Ты дні яго маладосці, пакрыў яго няславай.

Дакуль, Ягова, Ты будзеш хавацца няспынна, як агонь будзе пала́ць Твой гнеў?
 
Як доўга, Госпадзе, ці вечна будзеш хавацца? [Як доўга,] быццам агонь, будзе палымнець Твой гнеў?

Успомні, які кароткі мой век. На якую марнасьць стварыў Ты ўсіх сыноў чалавечых!
 
Памятай, якое кароткае маё жыццё. Дзеля якой марнасці стварыў Ты ўсіх сыноў чалавечых?

Хто ёсьць чалавек, які жыве і ня ўбачыць сьмерці? Хто выратуе душу́ сваю ад рукі шэолю? Зэля.
 
Ці ёсць хто такі, хто будзе жыць і не ўбачыць смерці, хто вырве душу сваю з рукі апраметнай?

Дзе Твае былыя міласэрнасьці, мой Госпад, якімі Ты прысягаў Давіду ў вернасьці Тваёй?
 
Дзе ж былая міласэрнасць Твая, Госпадзе, як прысягнуў Ты Давіду ў праўдзе Тваёй?

Прыпомні, мой Госпад, ганьбу на Тваіх слуг, якую я нашу ў грудзёх маіх ад усіх моцных народаў,
 
Успомні, Госпадзе, знявагі Тваіх паслугачоў; я захаваў гэта ў сэрцы маім, ад усіх паганаў,

якой ганьбяць ворагі Твае, Ягова, якой яны ганьбяць сьляды Твайго памазанца.
 
гэтым наракалі непрыяцелі Твае, Госпадзе, гэтым наракалі яны на сляды намашчэнца, якою паганяць сляды Твайго намашчэнца.

Хай будзе багаславёны Ягова ў вяках вякоў. Амін. Так, амін.
 
Дабраславёны Госпад навечна. Хай будзе [так], хай будзе!