Псалтыр 79 псалом
Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2017
Псальм Асапавы. Божа, пагане ўвайшлі ў Тваю спадчыну, апаганілі Тваю Сьвятую Сьвятыню, Ярузалім ператварылі ў руіны,
Псальм. Асафа. Божа, увайшлі паганы ў Тваю спадчыну, зганьбілі месца святое Тваё, Ерузалім пераўтварылі ў руіны.
трупы рабоў Тваіх аддалі на ежу птушкам нябесным, це́лы сьвятых Тваіх дзікім зьвярам зямлі.
Трупы слуг Тваіх аддалі на ежу птушкам нябесным, целы святых Тваіх — звярам зямным.
Яны пралілí іхную кроў, як ваду, навакол Ярузаліму, і ня было каму іх пахаваць.
Разлілі іх кроў, нібы ваду, вакол Ерузаліма, не было каму заняцца пахаваннем.
Мы сталі га́ньбаю суседзям нашым, пасьмешышчам і наруганьнем для тых, хто акаляе нас.
Сталі мы ганьбаю суседзям нашым, здзекам і пасмешышчам для тых, што нас акружаюць.
Дакуль, Ягова, Ты будзеш гневацца бязупынна? (і) рэўнасьць Твая будзе пажыраць, як агонь?
Дакуль жа, Госпадзе? Ці вечна будзеш гневацца? Няўжо ўспыхне, як агонь, рэўнасць Твая?
Вылі гнеў Твой на пага́наў, якія Цябе ня ведаюць, на каралеўствы, якія Імя Тваё ня прызываюць,
Вылі гнеў Твой на паганаў, якія Цябе не прызналі, і на царствы, якія не прызывалі імя Твайго.
бо яны зжэрлі Якуба і жытло ягонае спустошылі.
Бо яны зжэрлі Якуба, і сталец яго кінулі.
Ня ўспомні нам грахоў (нашых) папярэднікаў. Як хутчэй хай сустрэнуць нас Твае спачуваньні, бо мы вельмі (бедныя і) паніжаныя.
Не ўспамінай правіннасці продкаў нашых, няхай апярэдзіць нас міласэрнасць Твая, бо сталіся мы вельмі беднымі.
Дапамажы нам, Божа збаўленьня нашага, дзеля Славы Імя Твайго. Вызвалі нас і даруй нам грахі нашыя дзеля Імя Твайго.
Падтрымай нас, Божа збаўлення нашага дзеля славы імя Твайго і вызвалі нас; і будзь міласцівы да грахоў нашых дзеля імя Твайго.
Дзеля чаго казаць паганам: «дзе Бог іхны?» Хай Ён стане вядомым сярод паганаў; сярод паганаў перад вачыма нашымі (цераз) помсту за пралітую кроў Ягоных слугаў.
Чаму гавораць між паганамі: «Дзе іх Бог?» Хай стане вядомай між народаў перад вачамі нашымі помста крыві слуг Тваіх, якая вылілася.
Хай прыйдзе прад Аблічча Тваё стогн вязьня. Паводля велічы Пляча Твайго Ты захавай сыноў сьмерці.
Хай дойдзе да Цябе стогн вязняў, згодна з магуццем рукі Тваёй пакінь жывымі сыноў смерці.
І вярні нашым суседзям сямікроць у ўлоньне іхнае іхную зьнявагу, чым яны Цябе зьнява́жылі, мой Госпад.
І адгадзі суседзям нашым у сем разоў у нутро іх знявагу, якою зняважылі Цябе, Госпадзе.
А мы, Твой народ і авечкі Тваёй пасты, будзем вечна вызнаваць Табе хвалу, з пакаленьня ў пакаленьне пераказаваць хвалу Тваю.
Мы ж, Твой народ і авечкі Тваёй пашы, вызнаваць будзем Цябе век, з пакалення ў пакаленне будзем апавяшчаць Тваю хвалу.