Псалтыр 45 псалом

Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Кіраўніку хору. На музычных стру́мантах шошанім. Сыноў Карэявых вучэньне. Песьня любві.
 
Кіраўніку хору. На мелодыю “Лілія”. Сыноў Корэ. Маскіль, вясельная. Песня кахання.

Маё сэрца ўспыхнула добрым словам. Я распавядаю пра мае справы Каралю. Язык мой, як пяро лоўкага пісара.
 
Вымавіла сэрца маё добрае слова, распавядаю я пра творы мае цару; язык мой — пяро пісара, які спрытна піша.

Ты прыгажэйшы за сыноў чалавечых. Багада́ць вылілася праз Твае Вусны. Таму багаславіў Цябе Бог навечна.
 
Прыгажэйшы ты выглядам між сыноў людскіх, разлілася ласка на тваіх вуснах, таму дабраславіў цябе Бог павечна.

Прыперажы меч Твой, Славу Тваю і прыгажосьць (Тваю) да Паясьніцы Тваёй, Ты Ўладарны.
 
Прыперажы меч твой да паясніцы тваёй, о наймагутнейшы, — гонар твой і красу!

І прыгажосьць Твая — быць пасьпяховым! Выедзі на калясьніцы за слова праўды і ціхамірнасьці справядлівасьці! І Правіца Твая хай навучыць Цябе рэчаў, якія стра́шаць (ворага).
 
У красе тваёй выйдзі наперад, узыдзі на калясніцу дзеля праўды, літасцівасці і справядлівасці, і хай кіруе табою мужная твая правіца,

Стрэлы Твае завостраныя, яны (пратнуць) сэрцы ворагаў Караля, а народы супакорацца перад Табой.
 
народы падаюць перад табою. Стрэлы твае вострыя — у сэрцы ворагаў цара.

Пасад Твой, Божа, у вяках вякоў. Ськіпетар справядлівасьці ёсьць ськіпетар Твайго Валадарства.
 
Пасад Твой, Божа, на векі вечныя, і жазло справядлівасці — жазло валадарства Твайго.

Ты любіш Праўду і нянавідзіш бяспраўе. Таму, Божа, памазаў Цябе Бог Твой алеем радасьці больш за супольнікаў Тваіх.
 
Узлюбіў Ты справядлівасць і ўзненавідзеў беззаконне, таму намасціў цябе, Божа, Бог твой алеем радасці больш за супольнікаў тваіх.

Усё адзеньне Тваё ёсьць мірра і алёе, і касія. З палацаў са слановай косткі вяселяць Цябе лютні.
 
Міра, алой і касія — на ўсёй адзежы тваёй, з дамоў слановай косці лютні весяляць цябе.

Каралеўскія дочкі ў цябе сярод ганаровых. Стаіць праваруч Цябе каралева ў ахвірскім золаце.
 
Царскія дочкі — сярод скарбаў тваіх; стаіць царыца праваруч цябе, прыбраная ў золата з Афіра.

Слухай дочка! Глядзі і прыхілі вуха тваё, і забудзь твой народ, і дом ба́цькі твайго.
 
Слухай, дачка, глянь і нахілі вуха тваё, і забудзься пра народ твой і пра дом бацькоў тваіх,

Кароль прагне прыгажосьці тваёй, бо Ён ёсьць Госпад твой, ты пакланіся Яму.
 
цар прагне прыгажосці тваёй. Паколькі ён — валадар твой, пакланіся яму.

І дочка Тыру, (і) багацеі народу шукаюць з падарункам аблічча твайго.
 
Дачка Тыру — з падарункамі, багацеі з народа шукаюць у цябе ласкавасці.

Уся слава дочкі Караля — унутры, адзеньне ейнае з залатога гафтаваньня;
 
Надзвычайна славутая дачка цара — унутры, агорнутая залатымі тканінамі.

ва ўзорыстай адзежы вядуць яе да Караля; дзяўчаты ззаду яе, ейныя сяброўкі, іх вядуць да Цябе.
 
У шматколернай вопратцы прыводзяць яе да цара; дзевы, яе сяброўкі, следам за ёй ідуць да цябе.

Іх вядуць у радасьці і радасьці ўрачыстай, уваходзяць у харомы Караля.
 
Ідуць яны ў весялосці і радасці, прыводзяць іх у дом цара.

Замест ба́цькаў тваіх будуць твае сыны. Ты паставіш іх князямі па ўсёй зямлі.
 
Месца тваіх бацькоў зоймуць твае сыны, установіш ты іх князямі над усёй зямлёй.

Я буду ўспамінаць Імя Тваё з роду ды ў род. Таму будуць народы вызнаваць Цябе заўсёды і вечна.
 
Я зраблю памятным імя Тваё з роду ў род, і дзеля таго вызнаваць Цябе будуць народы вечна і на векі вечныя.