Псалтыр 109 псалом
Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2017
Кіраўніку хору. Давідавы. Псальм. Божа хвалы маёй, Ты ня маўчы,
Кіраўніку хору. Давідаў. Псальм. Божа хвалы маёй, не маўчы;
бо разявіліся супраць мяне вусны нясумленныя і вусны абману; яны гаварылі са мною языком ілжы
бо вусны грэшніка і вусны падступнага разяўлены на мяне. Прамаўляюць супраць мяне языкі падступныя.
і словамі нянавісьці акружаюць мяне. І яны ўзбройваюцца супраць мяне бяспрычынна.
І словам нянавісці акружылі мяне, і напалі на мяне без прычыны.
За любоў маю яны варагуюць супраць мяне. А я малюся.
За любоў маю яны варагавалі са мною; а я маліўся,
І яны плацяць мне злом за дабро, і нянавісьцю — за маю любоў.
І адплацілі мне ліхам за дабро і нянавісцю за любоў.
Пастаў над ім бязбожніка, і шатан хай стаіць праваруч яго.
Проці яго пастаў грэшніка, а праціўнік хай стане праваруч яго.
Калі ён будзе судзімы, хай ён выйдзе вінаватым, і малітва ягоная хай стане (яму) у грэх.
Калі будуць яго судзіць, хай выйдзе асуджаным, і малітва яго хай залічыцца яму за грэх.
Хай дні (жыцьця) ягонага будуць нямногія. Хай уладу ягоную возьме другі.
Хай дні яго будуць нямногія, і пасаду яго атрымае хто іншы.
Хай сыны ягоныя стануцца сіротамі, і жонка ягоная — удавой.
Хай сыны яго стануць сіротамі, а жонка яго — удавой.
Хай бадзяюцца сыны ягоныя і жабруюць, хай яны шукаюць нядаедкаў з трушчобаў сваіх.
Хай дзеці яго бадзяюцца непрыкаяныя, і хай жабруюць, і хай будуць гнаныя з руін сваіх.
Хай крэдытар забярэ ў яго ўсё, што ён мае, хай чужынцы разрабуюць плён працы ягонай.
Хай ліхвяр захопіць усю маёмасць яго, і хай чужынцы разрабуюць [плён] працы яго.
Хай ня будзе нікога, хто аказаў бы яму міласэрнасьць, хай ня будзе нікога, хто спагадаў бы ягоным сіротам.
Хай не будзе нікога, хто б праявіў міласэрнасць да яго, хай не будзе нікога, хто б злітаваўся над сіротамі яго.
Хай нашчадкі ягоныя будуць адсечаны. У наступным пакаленьні хай імя іхнае будзе сьцёрта.
Хай дзеці яго пойдуць на пагібель і хай у адзіным пакаленні знішчыцца імя яго.
Хай будзе ўспомнена перад Яговай ганебнасьць ба́цькаў ягоных, і хай ня будзе сьцёрты грэх маткі ягонай.
Хай прыйдзе на памяць правіннасць продкаў яго перад Госпадам, і грэх маці яго хай не будзе адпушчаны.
Хай яны (грахоўнасьці іхныя) будуць заўсёды перад Яговай, хай Ён адсячэ ад зямлі памяць пра іх (нашчадкаў),
Хай будуць яны заўсёды на вачах Госпада ды хай Ён сатрэ з зямлі памяць пра іх.
за тое, што ён ня думаў чыніць міласэрнасьць, але перасьледаваў чалавека, які быў бедны, убогі і са зламаным сэрцам, каб умярцьвіць яго.
За тое, што не ўспамінаў ён чыніць міласэрнасць, што пераследаваў чалавека ўбогага і жабрака, і параненага сэрцам, каб замардаваць яго.
І ён узьлюбіў пракляцьце, дык хай яно прыйдзе на яго. І як ён ня любіў багаславеньне, так хай яно будзе далёка ад яго.
І ўзлюбіў ён паклёп, дык хай спадзе на яго; не хацеў дабраславення, дык хай яно аддаліцца ад яго.
І ён апрануўся пракляцьцем, быццам ягонай адзежай, дык хай яно (пракляцьце) пранікне ў нутро ягонае, як вада, і ў косткі ягоныя, як алей.
І адзеўся ён у паклёп, як у вопратку: і няхай прасочыцца ён у нутро яго, як вада ды, быццам алей, у яго косці.
Хай яно будзе яму, як адзеньне, у якое ён апранаецца, і як пояс, якім ён заўсёды падпярэзваецца.
Хай ён будзе яму, як адзенне, што адкрывае яго, і як пояс, якім ён падпяразваецца.
Хай гэта будзе платай з боку Яговы маім няпрыяцелям і тым, якія прамаўляюць благое супраць душы маёй.
Гэта адплата тым, якія прыцясняюць мяне ў Госпадзе і якія прамаўляюць ліхое супраць душы маёй.
Але Ты, Ягова, мой Госпад, абыйдзіся са мною дзеля Імені Твайго. Паколькі міласэрнасьць Твая ёсьць добрая, выратуй мяне,
Але Ты, Госпадзе, Госпадзе, чыні разам са мной дзеля імя Твайго, вызвалі мяне, бо спагадная міласэрнасць Твая;
бо я ёсьць няшчасны і ўбогі, і сэрца маё зранена ўнутры мяне.
бо я няшчасны і бедны, і сэрца маё скалечана ўва мне.
Я брыду, быццам цень, які доўжыцца (пры заходзе). Мяне страсаюць, як саранчу (з расьліны).
Як цень, калі схіляецца, прамінуў я, трасуць мяне, як саранчу.
Калені мае ад посту хістаюцца, і цела маё схуднела (і змарнела).
Калені мае саслабелі ад посту, а цела маё схуднела без алею.
І я зрабіўся для іх пасьмешышчам. Калі яны на мяне глядзяць, дык яны ківаюць галовамі сваімі.
І я стаў для іх пасмешышчам: убачылі яны мяне і сталі ківаць галовамі сваімі.
Памажы мне, Ягова, Бог мой! Уратуй мяне паводля міласэрнасьці Тваёй,
Успамажы, Госпадзе, Божа мой, ратуй мяне дзеля Сваёй міласэрнасці.
каб яны ведалі, што ў гэтым ёсьць Твая Рука, што Ты, Ягова, гэта зрабіў.
І хай знаюць, што гэта Твая рука: Ты, Госпадзе, гэта ўчыніў.
Хай яны праклінаюць, але Ты багаслаўляй. Калі яны паўстаюць, дык хай яны будуць пасаромленыя, а слуга Твой хай радуецца.
Хай яны праклінаюць, але Ты дабраслаўляй; хай тыя, што паўстаюць супраць мяне, хай пасаромеюцца, а слуга Твой будзе весяліцца.
Хай праціўнікі мае будуць апрануты ў ганьбу, і хай яны будуць ату́лены сорамам сваім, як вопраткай.
Тыя, што шкодзяць мне, хай пакрыюцца ганьбай ды хай ахінуцца сорамам, быццам плашчом.
Я буду моцна вызнаваць славу Ягове маімі вуснамі і сярод мноства славіць Яго,
Ад душы буду вызнаваць Госпада вуснамі маімі ды сярод многіх буду славіць Яго,
бо Ён стаіць праваруч таго, хто ў бядзе, каб ратаваць яго ад тых, якія судзяць ягоную душу́.
бо стаў Ён праваруч беднага, каб збавіць яго ад тых, што судзяць душу яго.