Псалтыр 3 псалом

Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Псальм Давідавы, як ён уцякаў ад Абсалёма, сына свайго:
 
Псальм Давідаў, калі ўцякаў ад свайго сына Абсалома.

Ягова! як памножыліся ўціскальнікі мае! Многа іх паўстае супраць мяне!
 
Божа, як жа многа тых, што непакояць мяне, як шмат бунтуюцца супраць мяне!

Многія кажуць душы маёй: няма яму паратунку ля Бога. (Зэля).
 
Многія вось кажуць душы маёй: «Няма яму збаўлення ў Богу».

Але Ты, Ягова, шчыт перада Мной, Ты слава мая, Ты падыймаеш галаву маю.
 
Ты ж, Госпадзе, Божа, шчыт мой, хвала мая Ты, галаву падымаеш мне ўверх.

Голасам сваім гукаю я да Яговы, і Ён чуе мяне са сьвятой гары Свае. (Зэля).
 
Клічам сваім прызываў я Госпада. І выслухаў Ён мяне з гары Сваёй святой.

Я лёг, спаў і падняўся, бо Ягова бароніць мяне.
 
Я лёг і выспаўся, устаў, бо Госпад ахоўвае мяне.

Ня палохаюся я перад дзясяткам тысячаў людзей, што абступілі мяне наўкола супраць мяне.
 
Не збаюся і тысячы людзей, што навокал мяне абступілі.

Устань, Ягова! Ратуй мяне, Бог мой! Бо Ты б’еш ворагаў маіх па сківіцах, Ты крышыш зубы бязбожнікам.
 
Узніміся, Госпадзе! Ухавай мяне, Божа мой! Бо па шчацэ даў Ты ўсім супраціўнікам маім, павыбіваў Ты зубы грэшнікам.

Ад Яговы збаўленьне, хай Тваё багаславеньне будзе над Тваім народам. (Зэля).
 
У Бога бо збаўленне, і дабраславенне Тваё Твайму народу!