Псалтыр 74 псалом
Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2017
Навука Асапава. Чаму Ты, Божа, адкінуў нас назаўсёды, і чаму тлее гнеў Твой на авечкі па́сты Тваёй?
Маскіль. Асафа. Чаму, Божа, Ты адпіхнуў нас да скону, няўжо ўзгарэўся гнеў Твой на авечак пашы Тваёй?
Успомні збор (люду) Твайго, які Ты прыдбаў перш пачатку часу, вызваліў, як народ уласнасьці (Тваёй), гары Сыён, на якой Ты пасяліўся.
Успомні пра сход Твой, якім Ты завалодаў ад пачатку. Ты адкупіў жазло спадчыны Тваёй, гару Сіён, на якой Ты пасяліўся.
Падымі Стопы Твае да вечных руінаў. Усё ў Сьвятыні вораг разбурыў.
Узнясі крокі Твае да вечных руін: усё знішчыў непрыяцель у святыні.
Рыкаюць праціўнікі Твае пасярод сходаў Тваіх. Яны паставілі іхныя знакі, як азнакі.
Равуць тыя, што ненавідзяць Цябе, пасярод сходу Твайго; усклалі яны знакі свае як знакі [перамогі].
Ён вядомы, як той, хто падымае сякеру на гушчар лесу;
Яны прыпадобнілі сябе да тых, што высока ўзносяць сякеру ў лясным гушчары.
і цяпер яны разьбіваюць усе ягоныя рэзьбы (упрыгожаньні) сякерамі і молатамі.
Разбілі яны дзверы яе ўшчэнт; зруйнавалі бердышамі і сякерамі.
Яны ўрынулі ў агонь Сьвятыню Тваю, Сялібу Імені Твайго апаганілі да гру́нту.
Падпалілі яны агнём свяцілішча Тваё, ганебна скінулі на зямлю хорам імя Твайго;
Яны сказалі ў сэрцы сваім: «Мы зруйнуем іх усіх ра́зам». Яны спалíлі ўсе мясьціны сходаў Божых у зямлі.
прамовілі яны ў сэрцы сваім: «Знішчым іх усіх разам». Спалілі яны ўсе святыні Божыя на зямлі.
Мы больш ня бачым нашых знакаў. Няма больш прарока, і няма сярод нас нікога, хто б ведаў, дакуль (гэта будзе).
Знакаў нашых мы не бачым, ужо няма прарока, і няма ў нас таго, які б ведаў, як доўга гэта будзе.
Дакуль, Божа, бу́дзе зьняважаць уціска́льнік, ці вечна будзе вораг зьняважаць Тваё Імя?
Дакуль жа, Божа, будзе здзекавацца непрыяцель? Ці ж вечна будзе знеслаўляць праціўнік імя Тваё?
Чаму Ты стрымліваеш Руку́ Тваю і Правіцу Тваю? Вымі яе са сховішча вопраткі Тваёй і зрабі ім канец!
Чаму ж Ты адводзіш руку Тваю і трымаеш правіцу Тваю за пазухай Тваёй?
Але Бог ёсьць Кароль мой здаўна, Які чыніць збаўленьні сярод зямлі.
Але ж Бог — наш цар спрадвеку, учыніў Ён збаўленні пасярод зямлі.
Ты разьдзяліў сілаю Тваёю мора, Ты патрушчыў галовы драконаў у водах.
Ты рассек мора магуццем Тваім, сцёр галовы драконаў у водах.
Ты раструшчыў галовы лявіятану, аддаў яго на ежу народу пустэльняў.
Ты растаптаў галовы Левіятана, аддаў яго на ежу марскім страшыдлам.
Ты высек крыніцу і паток. Ты высушыў рэкі мнагаводныя.
Ты прабіў крыніцы і ручаі; Ты высушыў велічныя рэкі.
Твой дзень, і ноч таксама Твая. Ты прыгатаваў сьвятло і сонца.
Твой дзень і Твая ноч; Ты змайстраваў свяцілы і сонца.
Ты ўсталяваў усе межы зямлі. Ты ўтварыў лета і зіму́.
Ты ўсталяваў усе межы зямлі, лета і зіму — Ты стварыў гэта.
Ты помні гэта: вораг зьняважыў Ягову. І няразумны народ зьняславіў Імя Тваё.
Помні пра гэта: непрыяцель зняважыў Госпада, і народ неразумны зняславіў імя Тваё.
Ня аддай душы Тваёй галубіцы зьверу. Жыцьцё ўбогіх Тваіх ня забудзь навечна!
Не аддавай звярам душы тых, што вызнаюць Цябе, і не забудзь навечна пра душы бедных Тваіх.
Зірні на Запавет, бо цёмныя мейсцы зямлі ёсьць поўныя прытонаў гвалту.
Зірні на запавет, бо сховы зямныя поўныя прыбежышчаў гвалту.
Ня дай уцісьнёнаму вярнуцца асаромленым. Гаротны і ўбогі хай славяць Імя Тваё.
Хай пакорлівы не вяртаецца пасаромленым; бедны і ўбогі хай хваляць імя Тваё.
Паўстань Божа! Вядзі справу Тваю! Помні зьнявагі на Цябе, якія чыніць няразумны ўвесь дзень.
Уздыміся, Божа, будзь суддзёю ў справе Тваёй; памятай пра ганьбаванні Твае, якія цэлы дзень спараджае неразумны.
Ня забудзь голасу Тваіх супраціўнікаў. Бунт тых, якія паўстаюць супраць Цябе, нясупынна ўзьнімаецца.
Не забывайся на галасы непрыяцеляў Тваіх; заўсёды ўздымаецца гоман праціўнікаў Тваіх.