Да Рымлянаў 1 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2017
Паўла, раб Ісуса Хрыста, пакліканы Апостал, прызначаны для Дабравешчаньня (Жывога) Бога,
Паўла, слуга Ісуса Хрыста, пакліканы Апостал, прызначаны на абвяшчэнне Евангелля Божага,
якое Ён раней абяцаў праз Прарокаў Сваіх у Пісаньнях сьвятых:
якое ўжо раней абяцаў Бог праз Сваіх прарокаў у святых Пісаннях
пра Сына Ягонага, Які нарадзіўся ад насеньня Давідавага па целу,
пра Сына Свайго, Які целам стаўся з семя Давіда
(і Які) па сіле (і) па духу сьвятасьці адкрыўся Сынам Бога цераз уваскрасеньне із мёртвых — Ісуса Хрыста, Госпада нашага.
і ўстаноўлены Сынам Божым у магутнасці згодна Духу Святому праз уваскрэсенне мёртвых праз Ісуса Хрыста, Госпада нашага.
Цераз Каторага мы атрымалі Багадаць і Апостальства дзеля паслушэнства веры ўва ўсіх народах у імя Ягонае,
Праз Яго атрымалі мы ласку і Апостальства дзеля паслухмянасці ў веры ўсіх народаў у імя Яго,
сярод каторых знаходзіцеся і вы, пакліканыя Ісусам Хрыстом.
сярод якіх знаходзецеся і вы, пакліканыя Ісусам Хрыстом,
Усім, што знаходзяцца ў Рыме, любасным Бога, пакліканым сьвятым: Багадаць вам і мір ад Бога Бацькі нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
усім, што ў Рыме, улюбёным Богам, пакліканым святым: ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Ісуса Хрыста!
Найперш (я) дзякую Богу майму цераз Ісуса Хрыста за ўсіх вас, таму што ваша вера абвяшчаецца ўва ўсім сьвеце.
Найперш дзякую Богу майму праз Ісуса Хрыста за ўсіх вас, бо пра веру вашу гавораць ва ўсім свеце;
Сьведка ж мой — Бог, Якому служу (я) духам маім у Дабравесьці Сына Ягонага, што (я) безупынна ўспамінаю вас,
сведка мне Бог, Якому служу духам маім, абвяшчаючы Евангелле Сына Яго, як я несупынна ўспамінаю вас,
заўсёды ў малітвах маіх просячы, калі волі Бога будзе заўгодна цяпер нарэшце прыйсьці да вас.
у малітвах маіх заўсёды просячы, каб з волі Божай урэшце атрымалася аднойчы прыйсці да вас.
Бо вельмі хачу ўбачыць вас, каб перадаць вам пэўны духовы дар для ўмацаваньня вашага,
Я прагну бачыць вас, каб перадаць вам падарунак духоўны і падмацаваць вас,
гэта значыць суцешыцца разам з вамі верай вашай, а таксама і маёй.
гэта значыць суцешыцца супольна з вамі верай, вашаю і маёю.
Ня хачу ж каб вы ня ведалі, браты, што я шмат разоў меў намер прыйсьці да вас, але сустракаў перашкоды нават да гэтага часу, каб мець нікаторы плод і сярод вас, як і ў іншых народаў.
Хачу, браты, каб вы ведалі, што я часта збіраўся наведаць вас, каб мець нейкі плод і ў вас, як і ў іншых народаў, але меў перашкоды аж дасюль.
Я даўжнік і эллінам, і барбарам, і мудрым, і няразумным.
Я даўжнік грэкаў і барбараў, як мудрых, так і неразумных.
Што тычыць мяне, то я гатоў дабравесьціць і вам, што ў Рыме,
Дык, наколькі ад мяне залежыць, я гатовы несці добрую вестку і вам, тым, што ў Рыме.
бо я ня саромеюся Эвангельля Хрыстовага: бо сіла Бога ёсьць на збаўленьне кожнаму веручаму: па першае жыду́, а потым (і) элліну.
Бо не саромеюся Евангелля Хрыстова: яно ёсць моц Божая на збаўленне кожнаму верніку, перш юдэю, і грэку.
Бо праведнасьць Божая ў ім выяўляецца ад веры да веры, як напісана: праведны вераю жыць будзе.
Бо ў ім аб’яўляецца справядлівасць Божая, з веры да веры, як напісана: «Справядлівы з веры жыць будзе».
Бо гнеў Бога адкрываецца зь неба на ўсякую бязбожнасьць і няправеднасьць людзей, якія заціскаюць праўду няправеднасьцяй.
Бо гнеў Божы аб’яўляецца з неба на ўсякую бязбожнасць і несправядлівасць людзей, што несправядлівасцю праўду заціскаюць,
Што можна ведаць пра Бога, яўна для іх, таму што Бог паказаў ім.
бо, што магчыма ведаць пра Бога, ім яўна, бо Бог ім гэта аб’явіў.
Бо (быццам) нябачныя Ягоныя (уласьцівасьці), г.зн.: вечная сіла Ягоная і Боскасьць, ад стварэньня сусьвету будучы разглядаемымі зьяўляюцца бачнымі стварэньням (чалавекам), каб быць ім няапраўданымі.
Ды ад стварэння свету нябачнае Божае і спрадвечная Яго магутнасць і Боскасць выяўляюцца розуму праз тое, што створана, так што яны не могуць апраўдацца.
Таму што, пазнаўшы Бога, яны ня праславілі (Яго), як Бога, і ня праявілі (Яму) удзячнасьці, але ўзганарыліся ў думках сваіх, і прыцемрылася няразумнае сэрца іхнае.
Бо калі Бога пазналі, не ўславілі Яго як Бога і не дзякавалі, але марнаваліся ў думках сваіх, і прыцемрылася неразумнае сэрца іх.
Маючы сябе за мудрых, здурнелі
Кажучы аб сабе, што яны мудрыя, сталіся дурнымі,
і замянілі Славу нясьмяротнага Бога на выяву абраза́ сьмяротнага чалавека і птушак, і чацьвераногіх (жывёлін), і паўзуноў.
нават славу незнішчальнага Бога замянілі на падобнасць вобразу знішчальнага чалавека, і птушак, і чатырохногіх, і гадаў.
Пагэтаму і аддаў іх Бог у пажадлівасьцях іхных сэрцаў нячыстасьці: апаганьваць целы свае між сабою.
Дзеля таго аддаў іх Бог у пажадлівасці сэрцаў іх нячыстасці, каб між сабою паганілі целы свае.
Яны замянілі праўду Бога ілжою і пакланіліся, і служылі стварэньню замест Стварыўшага, Каторы багаслаўлёны ў вяках (вякоў). Амін.
Бо праўду Божую замянілі на зман і пакланяліся і служылі стварэнню замест Творцы, Які дабраславёны навечна. Амін.
Пагэтаму аддаў іх Бог ганьбе распуснай зацятасьці. Таму і жанчыны іхныя замянілі прыроднае карыстаньне на супрацьпрыроднае.
Таму аддаў іх Бог ганебным жарсцям. Жанчыны іх замянілі натуральныя зносіны на праціўныя прыродзе.
Падобна (гэтаму) і мужчыны, адхіліўшы прыроднае карыстаньне жаночага полу, распаляліся ў пахацінстве сваім адзін на воднага, мужчыны з мужчынамі чынячы сорам і атрымоўваючы належную адплату за сваю аблуду ў самых сабе.
Падобна і мужчыны, кінуўшы натуральныя зносіны з жанчынай, загарэліся пажадлівасцю адзін да аднаго, мужчыны з мужчынамі сорам робячы і атрымоўваючы для саміх сябе належную адплату за сваю распусту.
І, як яны ня ўважалі за патрэбнае мець ў пазнаньні Бога, (то) Бог аддаў іх бязглуздаму розуму чыніць няпрыстойшчыны,
А таму, што не імкнуліся пазнаць Бога, аддаў іх Бог бязглуздаму розуму, каб рабілі тое, што не належыцца,
(яны) напоўненыя ўсялякай няправеднасьцю, блудадзействам, дрэннасьцю, хцівасьцю, зласьлівасьцю, поўныя зайздрасьці, забойства, сваркі, хітрыні, злога подступу (каварнасьці), пляткары,
і напоўнены яны ўсякаю нягоднасцю, чужаложствам, ліхасцю, хцівасцю, непрыстойнасцю, поўныя зайздрасці, забойства, звадкі, ашуканства, злосці,
паклёпнікі, боганянавісьнікі, нахабныя, ганарліўцы, хвалькі, вынаходнікі зла, бацькам няпаслухмяныя,
плеткары, паклёпнікі, ненавіснікі Бога, крыўдзіцелі, самахвалы, пыхліўцы, выдумшчыкі ліхога, непаслухмяныя бацькам,
бязглуздыя, няверныя, бяссардэчныя, нязгодлівыя, няміласэрныя.
неразумныя, падступныя, бессардэчныя, бязлітасныя і неміласэрныя.
Яны, пазнаўшы справядлівасьць Бога, што тыя, хто чыніць такое, варты сьмерці, ня толькі гэта робяць, але і пахваляюць тых, хто (гэтак) робяць.
Яны, хоць ведаюць суд Божы, што тыя, якія такое робяць, вартыя смерці, ды не толькі самі так робяць, але і ўхваляюць тых, што так робяць.