1 да Фесаланікійцаў 1 разьдзел
Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2017
Павал і Сілуан, і Цімахвей — царкве тэссалонцаў у Богу Бацьку і Госпадзе Ісусе Хрысьце: Багадаць вам і мір ад Бога Бацькі нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
Паўла, і Сіліван, і Цімафей Тэсалонскай царкве ў Богу Айцу і Госпадзе Ісусе Хрысце: ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага, і Госпада Ісуса Хрыста.
Дзякуем Богу заўсёды за ўсіх вас, успамінаючы пра вас у малітвах нашых,
Дзякуем Богу заўсёды за вас усіх, успамінаючы пра вас безупынна ў малітвах нашых,
нясупынна ўспамінаючы вашу дзею веры і працу любові, і цярплівасьць надзеі на Госпада нашага Ісуса Хрыста перад Богам і Бацькам нашым,
памятаючы дзейнасць веры вашай, працу любові і трываласць надзеі ў Госпадзе нашым Ісусе Хрысце перад Богам і Айцом нашым,
(і) ведаючы, любасныя браты, пра вашае выбраньне Богам.
ведаючы, улюбёныя Богам браты, выбранне ваша,
Бо нашае Дабравесьце было ў вас ня толькі ў слове, але і ў сіле і ў Духу Сьвятым, і з поўным перакананьнем; і вы ведаеце, якімі мы былí паміж вамі дзеля вас.
бо дабравешчанне наша не было да вас толькі ў словах, але ў сіле і ў Духу Святым ды ў шматлікіх сведчаннях, бо ж самі ведаеце, якімі мы былі ў вас для вас.
І вы сталіся насьлядоўнікамі нам і Госпаду, прыняўшы слова пры вялікім уціску, але з радасьцю Духа Сьвятога,
І вы сталіся паслядоўнікамі нашымі і Госпада, прыняўшы слова ў горы вялікім з радасцю Духа Святога,
праз што вы сталі прыкладам для ўсіх веручых у Македоніі і Ахайі.
і так вы сталіся ўзорам усім верным у Мацэдоніі і Ахаі.
Бо ад вас пранеслася Слова Госпада ня толькі ў Македоніі і Ахайі, але і ва ўсякім мейсцы (чутка) пра вашу веру ў Бога прайшла настолькі моцна, што нам няма патрэбы (яшчэ) што-небудзь расказаваць.
Бо ад вас разышлося слова Божае не толькі ў Мацэдоніі і Ахаі, але ва ўсякае месца дайшла вера ваша ў Бога, так што нам няма патрэбы гаварыць пра гэта.
Бо самі (людзі) распавядаюць пра нас, які ўваход мы мелі да вас, і якім чынам вы навярнуліся ад балванаў да Бога, каб служыць Богу жывому і праўдзіваму
Бо самі людзі абвяшчаюць пра нас, якое прыняцце мелі мы ў вас ды як вы навярнуліся да Бога ад ідалаў, каб служыць Богу жывому і праўдзіваму
і чакаць Сына Ягонага зь Нябёсаў, Якога Ён уваскрасіў зь мёртвых, — Ісуса, Які збаўляе нас ад гневу, які надыходзіць.
і чакаць Сына Яго з неба, Якога Ён уваскрасіў з мёртвых, Ісуса, Які ратуе нас ад будучага гневу.