Псалтыр 80 псалом
Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2017
Кіраўніку хору. Паводля мелёдыі «Лілея». Сьведчаньне Асапава. Псальм.
Кіраўніку хору. Паводле «Лілея навучання». Асафа. Псальм.
Пастух Ізраэля, выслухай! Ты, што водзіш Язэпа, як авечкі; Ты, Які ўсьсядаеш на Хэрубімах, зазьзяй!
Ты, што пасвіш Ізраэля, зважай! Ты, што вядзеш, бы авечку, род Язэпа; Ты, што сядзіш на херубіне,
Перад Яхрэмам, Бэньямінам і Манасай пабудзі сілу Тваю і прыйдзі выратаваць нас.
заззяй перад Эфраімам, Бэньямінам, Манасам. Узруш сілу Тваю і прыйдзі, каб збавіць нас.
Божа, вярні нас на пачатковае правільнае мейсца! і зазьзяй Абліччам Тваім, так будзем мы выратаваны.
Божа, навярні нас, прасвятлі аблічча Тваё, і мы будзем збаўлены.
Ягова, Божа войскаў, дакуль будзеш Ты няздаволены пры малітве народу Твайго?
Госпадзе Божа магуццяў, як доўга будзеш гневацца на малітву народа Твайго?
Ты накарміў іх хлебам сьлёзным і напаіў іх сьлязьмі ў вялікай меры.
Накарміў Ты нас хлебам слёз і напаіў нас багата слязамі.
Ты зрабіў нас прадметам сваркі з суседзямі нашымі, і ворагі нашыя кпяць над намі.
Зрабіў Ты нас прадметам спрэчак суседзяў нашых, і ворагі нашыя кпілі з нас.
Божа войскаў, вярні нас на пачатковае правільнае мейсца! і зазьзяй Абліччам Тваім, так будзем мы выратаваны.
Божа магуццяў, навярні нас, прасвятлі аблічча Тваё, і мы будзем збаўлены.
Ты вынес зь Ягіпту вінаградную лазу. Ты выгнаў паганаў і пасадзіў яе.
Перанёс Ты вінаград з Егіпта, выгнаў паганаў, а яго пасадзіў.
Ты прыгатаваў перад ёй мейсца, і яна пусьціла карані і яна напоўніла зямлю.
Ты ачысціў для яго месца, укараніў яго і ён напоўніў зямлю.
Горы былі пакрыты ейным ценем, і гольлі ейныя, як кедры Божыя.
Пакрыліся горы ценем яго, а галінамі яго — кедры Божыя.
Яна пусьціла сваё гольле аж да мора, а парасткі свае да ракі (Яўтрат).
Працягнуў ён парасткі свае аж да мора, і аж да ракі — атожылкі свае.
Чаму Ты разбурыў сьцены ейныя, так што абшчыпваюць яе ўсе, хто ідзе па дарозе каля яе?
Чаму ж разбурыў Ты агароджу яго, і абіраюць яго ўсе, што міма ідуць дарогай?
Лясны вепр падкопвае яе, і зьвер польны аб’ядае яе.
Падкапаў яго дзік з лесу, і адзінокі звер пааб’ядаў яго.
Божа войскаў, павярніся! Просім Цябе, зірні зь нябёсаў і ўбач! І адведай гэты вінаграднік!
Божа магуццяў, навярніся, глянь з неба і пабач, і наведай гэты вінаграднік.
Абарані тое, што насадзіла Правіца Твая, і Сына (Чалавечага), Якога Ты зрабіў моцным для Сябе.
І заапякуйся тым, што насадзіла Твая правіца, і над сынам чалавечым, якога Ты ўмацаваў для Сябе.
Ён агнём апа́лены, абсе́чаны. Хай яны загінуць ад дакору Аблічча Твайго.
Яго спалілі агнём і перакапалі; ад вымовы Тваёй яны загінуць.
Хай будзе Рука Твая над Чалавекам Правіцы Тваёй, над Сынам Чалавечым, Якога Ты зрабіў Сабе Моцным,
Хай будзе рука Твая над чалавекам правіцы Тваёй, над сынам чалавечым, якога Ты ўмацаваў для Сябе.
мы ж ад Цябе ня адступіліся. Ажыві нас, і мы будзем Імя Тваё прыклікаць.
Ужо больш не адступімся ад Цябе, Ты ажывіш нас, і імю Твайму будзем усклікаць.
Ягова, Божа войскаў, вярні нас на пачатковае правільнае мейсца! і зазьзяй Абліччам Тваім, так будзем мы выратаваны.
Госпадзе, Божа магуццяў, навярні нас і акажы нам спагаднасць, і будзем збаўлены.