Псалтыр 71 псалом

Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

У Цябе, Ягова, я бяру прытулак, ня дай мне быць пасаромленым вавек!
 
У Табе, Госпадзе, маю надзею: не пасаромлюся навек.

У Тваёй справядлівасьці вызвалі мяне і дай мне пазьбегнуць. Нахілі Вуха Тваё да мяне і выратуй мяне.
 
У Сваёй справядлівасці вызваляй мяне і ратуй мяне, нахілі да мяне сваё вуха і збаў мяне.

Будзь мне скалой прытулішча, куды я заўсёды мог бы схавацца. Ты загадаў мяне ўратаваць, бо Ты ёсьць мая скала і крэпасьць мая.
 
Будзь для мяне скалой абароны і ўмацаваным домам, каб збавіў Ты мяне, бо Ты цвярдыня мая і прыстанішча маё.

Божа мой, вызвалі мяне з рукі бязбожніка, з рукі крыўдніка і ўціска́льніка,
 
Божа мой, вырві мяне з рукі грэшніка і з рукі беззаконнага і несправядлівага.

бо Ты Надзея мая, Госпад мой; Ягова, Спадзяваньне маё ад юнацтва майго,
 
Бо Ты — чаканне маё, Госпадзе; Госпадзе, надзея мая ад юнацтва майго.

на Цябе апіраўся я ад улоньня маткі. Ты вывеў мяне з чэрава маткі маёй, хвала мая Табе нясупынна.
 
На Табе я ўгрунтаваўся ад нараджэння, з улоння маці маёй Ты апякун мой, для Цябе хвала мая заўсёды.

Многім я стаўся, як дзіва, але Ты ёсьць маё моцнае прыту́лішча.
 
Мо дзіўным паказаўся я для многіх, а Ты — магутны Успаможца.

Мой рот напоўнены хвалой Табе, шанаваньнем Цябе ўвесь дзень.
 
Хай напоўняцца вусны мае хвалою Тваёй, цэлы дзень — веліччу Тваёй.

Ня адпіхні мяне ў часе маёй старасьці, ня пакінь мяне пры зьнікненьні маёй сілы,
 
Не адпіхай мяне ў часіну старасці; калі саслабее магуцце маё, не пакідай мяне.

бо ворагі мае змаўляюцца супраць мяне, і тыя, што цікуюць душу маю, раюцца паміж сабою,
 
Бо намаўлялі непрыяцелі мае на мяне і тыя, што падпільноўвалі душу маю, учынілі змову,

кажучы: «Бог пакінуў яго. Перасьледуйце і схапіце яго, бо няма (ў яго) выратава́льніка».
 
кажучы: «Бог пакінуў яго! Даганіце і схапіце яго, бо няма Таго, Хто ўратуе».

Божа, ня аддаляйся ад мяне! Божа мой, пасьпяшайся мне на дапамогу!
 
Божа, не аддаляйся ад мяне, Божа мой, паспяшы мне на дапамогу.

Хай будуць пасаромлены, (і) зьнішчаны тыя, што варожа ставяцца да душы маёй. Хай будуць пакрыты сорамам і ганьбай тыя, што шукаюць мне ліха.
 
Хай пасаромяцца і знікнуць тыя, што варожа ставяцца да душы маёй; хай пакрыюцца сорамам і ганьбаю тыя, што шукаюць для мяне ліха.

А я заўсёды буду чакаць (на Цябе) і памнажаць хвалу Табе.
 
А я вось буду заўсёды спадзявацца і памнажаць буду кожную хвалу Тваю.

Мой рот будзе абвяшчаць справядлівасьць Тваю, цэлы дзень — збаўленьне Тваё, бо я ня ведаю ліку ім.
 
Вусны мае абвясцяць справядлівасць Тваю, цэлы дзень — збаўленне Тваё, бо не ведаю ёй межаў.

Я пайду ва ўладарных дзеях Яговы, майго Госпада. Я буду ўспамінаць Тваю справядлівасьць, адзіна Тваю.
 
Прыйду я да сіл Госпада; буду ўспамінаць я толькі пра Тваю справядлівасць.

Божа! Ты вучыў мяне ад юнацтва майго, і дагэтуль я Цуды Твае абвяшчаю.
 
Божа, Ты вучыў мяне ад юнацтва майго, а я аж дасюль абвяшчаю цуды Твае.

І да старасьці, і да сівíзны, Божа, ня пакідай мяне, пакуль абвяшчу (сілу) Рукі Тваёй (гэтаму) роду, усім, хто (яшчэ) прыйдзе, Тваю магутнасьць.
 
І да самай старасці і нямогласці, Божа, не пакідай мяне, аж пакуль абвяшчаць буду пра магутную руку Тваю кожнаму пакаленню, якое прыйдзе ў будучым. Сіла Твая

І Твая справядлівасьць, Божа, (дасягае аж) да Вышынí. Ты, што зрабіў вялікія ўчынкі: Божа! Хто ёсьць як Ты?
 
і справядлівасць Твая, Божа, аж да вышыняў, учыніў Ты вялікія справы: Божа, хто ж падобны да Цябе?

Ты, Які даў убачыць Мне шмат нягодаў і лíха, Ты ажывіш Мяне ізноў і вывядзеш Мяне з глыбіняў зямлі.
 
Ты паказаў мне шматлікія і ліхія беды; ды зноў ажывіў Ты мяне і з бездані зямной ізноў вывеў.

Ты памножыш велічнасьць маю і акружыш мяне, і суцешыш мяне.
 
Ты памнож велічнасць маю і, вярнуўшыся, суцеш мяне.

А я буду ўсхваляць Цябе і Праўду Тваю на псалтыры, Божа мой, і іграць Табе на гарпе, о Сьвяты Ізраэляў.
 
Я таксама буду вызнаваць Цябе, у псалтыры — праўду Тваю, Божа мой, спяваць псальмы Табе буду на гуслях, о Святы Ізраэльскі.

Будуць урачыста радавацца вусны мае, калі я буду пець і іграць Табе, і душа мая, якую Ты вызваліў.
 
Радавацца будуць мае вусны, калі буду спяваць Табе, і мая душа, якую Ты адкупіў;

Таксама язык мой будзе ўвесь дзень абвяшчаць пра справядлівасьць Тваю, бо будуць пасаромленымі, будуць пакрыты ганьбай тыя, што шукаюць майго няшчасьця.
 
але і язык мой цэлы дзень разважаць будзе пра справядлівасць Тваю, бо пасаромяцца і баяцца будуць тыя, што шукаюць ліха на мяне.