Псалтыр 9 псалом
Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2017
Кіраўніку хору: на лад песьні: Памры за сына. Псальм Давідавы.
Кіраўніку хору. На мелодыю «Мут лабэн». Псальм Давідаў.
Буду славіць Ягову ад усяго сэрца; усе цуды Твае абвяшчаціму.
АЛЕФ. Буду славіць Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім, распавядаць пра ўсе цуды Твае.
У Табе буду радавацца і весяліцца, выслаўляціму Імя Тваё, о, Найвышэйшы,
Буду цешыцца і радавацца ў Табе, буду спяваць псальмы імю Твайму, Найвышэйшы!
бо ворагі мае ўцякаюць, спатыкаюцца і гінуць перад Абліччам Тваім.
БЭТ. Калі ворагі мае паварочваюць назад, знясільваюцца яны і гінуць перад абліччам Тваім.
Бо Ты ўчыніў суд мой і справу маю завяршыў; Ты сядзіш на Пасадзе, як справядлівы Судзьдзя.
Бо ўчыніў Ты суд мой і справу маю; сеў Ты на пасадзе, Суддзя справядлівы.
Ты ўгнявіўся на паганаў, зьнішчыў бязбожнага; імя іхнае зруйнаваў на вякі вякоў.
ГІМЭЛЬ. Ты ўгнявіўся на паганаў, знішчыў бязбожнага; імя іх зруйнаваў назаўсёды і на векі вечныя.
Ворагі зьнішчаны — руіна навекі; і месты разбурыў Ты, счэзла і памяць аб іх.
Ворагі знішчаны, сталася спусташэнне вечнае, і гарады зруйнаваў Ты: згінула памяць пра іх з імі разам.
Але Ягова прабывае на векі; Ён прыгатаваў Пасад Свой дзеля суду.
ГЭ. Госпад жа вечна трывае, прыгатаваў Ён на суд пасад Свой.
І Ён будзе судзіць гэты сьвет паводля справядлівасьці, і будзе судзіць народы паводля праўды.
І Сам будзе судзіць увесь свет па праўдзе, судзіць будзе народы паводле справядлівасці.
І будзе Ягова прытулкам для прыгнечаных, прытулкам у час тугі.
ВАЎ. І будзе Госпад прыстанішчам для прыгнеценага, прыстанішчам у час тугі, у трывозе.
І будуць спадзявацца на Цябе тыя, што ведаюць Імя Тваё, бо Ты, Ягова, ня пакідаеш тых, хто шукае Цябе!
І будуць спадзявацца на Цябе тыя, што спазналі імя Тваё, бо Ты не пакінуў тых, што шукаюць Цябе, Госпадзе.
Сьпявайце хвалу Ягове, Які жыве на Сыёне, апавядайце між народамі ўчынкі Ягоныя!
ДЗАЙН. Спявайце псальмы Госпаду, Які жыве на Сіёне, абвяшчайце пра дзейнасць Яго між паганаў.
Бо Той, Хто спаганяе за кроў, успомніў пра іх: Ён ня забыўся пра плач прыгнечаных.
Бо Той, Хто спаганяе за кроў, успомніў пра іх, не забыўся на плач убогіх.
Зьлітуйся нада мною, Ягова! Глянь на бядоту маю ад маіх нянавісьнікаў, — Ты, што падыймаеш мяне ад брамаў сьмерці,
ГЭТ. Злітуйся нада мной, Госпадзе, паглядзі на прыгнёт мой ад ворагаў маіх, — Ты ўзносіш мяне ад брамы смерці,
каб я абвяшчаў усю хвалу Тваю ў брамах дачкі Сыёнавай і радаваўся са збаўленьня Твайго.
ТЭТ. каб абвясціў я ўсю хвалу Тваю пры браме дачкі Сіёна, каб радаваўся з дапамогі Тваёй.
Паўваліваліся пагане ў яму, што самі выкапалі; у сетку, што ўкрадкам паставілі, ублуталася нага іхная.
Уваліліся пагане ў яму, якую зрабілі, у пастцы, што схавалі, заблыталася нага іх саміх.
Ягова даў спазнаць Сябе, учыніўшы суд; ва ўчынках рук сваіх заблытаўся бязбожнік. (Зэля).
Госпад даў спазнаць Сябе, учыніўшы суд; у справах рук сваіх заблытаўся грэшнік.
Няхай сыйдуць грэшнікі ў пекла, усе народы, што забываюць Бога.
ЁД. Няхай сыдуць грэшнікі ў пекла, усе пагане, што на Бога забываюцца.
Бо ня на векі будзе забыты ўбогі, і надзея няшчасьлíвых ня згіне назаўсёды.
КАФ. Бо не да канца будзе забыты ўбогі; спадзяванне ўбогага не згіне ў вечнасці.
Паўстань, Ягова, ня дай чалавеку здабыць перавагу; хай будуць суджаны пагане перад Абліччам Тваім.
Уздыміся, Госпадзе, хай не ўзвышаецца чалавек; хай будуць суджаны пагане перад абліччам Тваім.
Навядзі, Ягова, страх на іх! няхай пазнаюць пагане, што яны людзі! (Зэля).
Пастаў, Госпадзе, жах над імі, хай ведаюць пагане, што яны — людзі.