Псалтыр 58 псалом

Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Кіраўніку хору. Паводля мелёдыі: «Ня загубі». Апісаньне Давідава.
 
Кіраўніку хору. Паводле «Не руйнуй». Давідаў. Міктам.

Ці вы сапраўды нямыя? Вы павінны гаварыць праўду. Вы павінны судзіць па справядлівасьці, вы, сыны Адама.
 
Ці на самай справе, о магутныя, прамаўляеце вы справядліва, ці па праўдзе судзіце вы сыноў чалавечых?

Так, у сэрцы вы чыніце нясправядлівасьці. Гвалт вашых рук вы абдумваеце на зямлі.
 
Між іншым, чыніце вы ў сэрцы несправядлівасці, на зямлі рукі вашыя спараджаюць раз’ятранасць.

Бязбожнікі адлучаны (яшчэ) ад улоньня маткі.
 
Адлучаны грэшнікі ад улоння, зблукалі ад [самага] чэрава тыя, што прамаўляюць фальшыва.

Яд іхны падобны яду зьмяі, як у глухой кобры, якая затыкае вуха сваё,
 
Атрута іх падобная да змяінай, быццам у глухой гадзюкі, што закрывае вушы свае,

і ня чуе голасу заклінальніка, чараўніка, які дасьведчаны ў чараваньні.
 
якая не пачуе голасу заклінальнікаў і чараўніка, спрактыкаванага ў заклінанні.

Божа, скрышы ім зубы ў іхным роце! Разьбí, Ягова, ськівіцы маладым ільвам!
 
Божа, скрышы ім зубы ў іх роце, выламі клыкі ў ільвятаў, Госпадзе.

Хай яны зьнікнуць, як воды цякучыя! Калі ён нацягвае (свой лук, каб) страляць, хай стрэлы ягоныя будуць, як паламаныя.
 
Хай сплывуць яны, як вада імклівая, бы трава стаптаная, хай ссохнуць.

Хай ён счэзьне, як сьлімак, што расплываецца, хай яны ня ўбачаць сонца, як выкідак жанчыны.
 
Быццам слімак, што знікае, марнеючы, быццам выкідыш жанчыны, які не бачыць сонца.

Перш чым гаршкі вашыя адчуюць жар, яшчэ сырыя, хай Ён яго расьцярушыць.
 
Перш чым катлы вашыя адчуюць крушыннік, [што гарыць], быццам жывы, — так, быццам полымя гневу паглыне іх.

Справядлівы будзе радавацца, калі ўбачыць адпомсту. Ён будзе мыць ногі свае ў крыві бязбожніка.
 
Весяліцца справядлівы, калі ўбачыць пакаранне, ён мые свае ногі ў крыві грэшніка.

І чалавек скажа: «Сапраўды, ёсьць плод справядліваму. Сапраўды, ёсьць Бог, Які судзіць на зямлі».
 
І скажа чалавек: «Ёсць плён для справядлівага, усё ж такі ёсць Бог, Які судзіць іх на зямлі».