Псалтыр 72 псалом

Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Салямонавы. Божа, дай суд Твой каралю і Справядлівасьць Тваю сыну караля.
 
Пра Саламона. Давідаў. Божа, суд Твой перадай цару і справядлівасць Тваю сыну царскаму.

Няхай судзіць народ Твой у справядлівасьці і ўбогіх Тваіх па праўдзе.
 
Хай валадарыць па справядлівасці над народам Тваім, а над убогімі Тваімі па законе.

Няхай прынясуць горы мір народу і ўзгоркі — справядлівасьць.
 
Хай горы прынясуць мір для народа, а ўзгоркі — справядлівасць.

Хай Ён судзіць убогіх народу. Хай Ён ратуе сыноў убогага і размяжджуліць уціскальніка.
 
Ён судзіць будзе жабракоў народа і збавіць сыноў убогага і ўпакорыць паклёпніка.

Хай будуць баяцца Цябе, пакуль будуць сонца і месяц, з роду ды ў род.
 
Будзе жыць ён разам з сонцам і пакуль свеціць месяц у пакаленні і пакаленні.

Хай сыйдзе Ён, як дождж на скошаны (луг), як лівуны, якія прамачываюць зямлю.
 
Сыдзе ён, быццам дождж на траву і быццам залева, што абвадняе зямлю.

У дні Ягоныя будзе цьвісці праведнік, і паўната міру, пакуль будзе месяц.
 
У днях яго зацвіце справядлівасць і паўната спакою, пакуль не пагасне месяц.

Хай валадарыць Ён ад мора да мора і ад ракі і да канцоў зямлі.
 
будзе валадарыць ад мора аж да мора і ад ракі аж да ўскрайкаў сусвету.

Перад Абліччам Ягоным упадуць ніцма народы пустэльняў, і ворагі Ягоныя будуць лізаць пыл.
 
Перад ім будуць падаць жыхары пустыні, і непрыяцелі яго лізаць будуць зямлю.

Каралі Тарсу і выспаў паднясуць Яму падарункі. Каралі Шэвы і Сэвы прынясуць Яму падаткі.
 
Цары Тарсіса і вострава прынясуць дары, цары Арабаў і Сабы дашлюць яму падарункі.

Усе каралі ўпадуць перад Ім нíцма; усе народы будуць Яму служыць;
 
І паклоняцца яму ўсе цары, і ўсе народы служыць яму будуць.

бо Ён вызваліць убогага, які (да Яго) моліцца, і прыгне́чанага, і (таго), які ня мае, хто б яму дапамог.
 
Бо ён вызваліць убогага, які прызывае яго, і беднага, у якога не было ўспаможцы.

Ён будзе прытулкам убогаму і таму, хто ў галечы, і ду́шы тых, хто ў галечы, Ён выратуе.
 
Пашкадуе ён беднага і ўбогага, і душы бедных ён уратуе.

Ён вызваліць душу́ іхную ад прыгнёту і гвалту, і кроў іхная ёсьць каштоўная ў Вачах Ягоных.
 
Уратуе ён душы іх ад прыгнёту і гвалту, і кроў іх дарагая будзе для яго.

(Хай) Ён будзе жыць, і (хай) дадуць Яму ад золата Шэвы. Хай будуць маліцца дзеля (у Імя) Ягонае ўсьцяж, хай будуць Яго ўвесь дзень багаслаўляць (славіць).
 
Дык будзе жыць ён, і дадуць яму ад золата Арабіі, і будуць маліцца за яго заўсёды; цэлы дзень дабраслаўляць будуць яго.

Хай будзе збытак збожжа ў зямлі, наверсе гор. Хай Ягоны плод шуміць, як лес на Ліва́не. І хай квітнее насельніцтва места, як тра́вы на зямлі.
 
І будзе дастатак хлеба на зямлі, закалышацца ён на вяршынях гор; быццам Лібан, плод яго, і расквітнее [насельніцтва] гарадоў, быццам трава зямлі.

Хай будзе Імя Ягонае наве́чна. Хай трывае Імя Ягонае перад сонцам (вечна). І хай у Ім будуць багаславёны ўсе народы, і хай яны завуць Яго шчасьлівым.
 
Хай будзе дабраславёна імя яго вечна, пакуль [свеціць] сонца, будзе жыць імя яго. І будуць дабраславёныя ў ім усе пакаленні зямныя, усе народы ўзвялічаць яго.

Хай будзе багаславёны Ягова, Бог, Які Бог Ізраэля, Які чыніць Цуды, Ён Адзіны!
 
Дабраславёны Госпад Бог, Бог Ізраэля, Які сам адзін творыць цуды.

І хай будзе багаславёным Імя Ягонае вечна. І ўся зямля хай будзе напоўнена Славай Ягонай. Амін і амін.
 
І дабраславёнае імя велічнасці Яго навечна; і напоўніцца велічнасцю Яго ўся зямля. Хай будзе так, хай будзе!

Канец малітваў Давіда, сына Ясэявага.
 
Скончыліся малітвы Давіда, сына Ясэева.