Псалтыр 91 псалом

Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Хто жыве ў сховішчы Найвышэйшага, той прабывае ў засені Ўсемагутнага.
 
Хто жыве ў апецы Найвышэйшага і прабывае ў засені Усемагутнага,

Я скажу Ягове: «(Ты) сховішча маё і цытадэль мая, Бог мой.» На Яго я спадзяюся.
 
кажа ён Госпаду: «Ты прыпынак мой і цвярдыня мая, Божа мой; я маю надзею на Яго».

Сапраўды, Ён выратуе цябе ад сеці лаўца, ад губіцельнага мору.
 
Бо Ён Сам вызваліць цябе з пасткі паляўнічых, ад нягоднага слова.

Крылом Сваім Ён засьціць цябе, і пад крыльлем Ягоным ты знойдзеш прытулак. Шчыт і аслона ёсьць Праўда Ягоная.
 
Агорне Ён цябе Сваімі крыламі, і пад пер’ем Яго схаваешся; шчыт і заслона — праўда Яго.

Ты ня будзеш баяцца страху ноччу, ні стралы, што ўдзень ляціць,
 
Не будзеш баяцца жахаў начных, ані стралы, што ляціць удзень.

ні мору, што ў цемры бадзяецца, ні пошасьці, што пустошыць у полудзень.
 
Ані заразы, што бадзяецца ў цемры, ані пошасці, што пустошыць апоўдні.

Падзе́ подле цябе тысяча і дзесяць тысячаў праваруч ад цябе; але да цябе гэта ня наблізіцца.
 
Хоць падзе пры баку тваім тысяча, а дзесяць тысяч праваруч, ты ўсцеражэшся.

Толькі вачыма тваімі глядзець будзеш і ўбачыш расплату з бязбожнікамі.
 
Сапраўды, пабачыш на ўласныя вочы, і паглядзіш на адплату грэшнікам.

Сапраўды, Ты, Ягова, мой прытулак. (Чалавек, шчасьлівы ты, што) Найвышэйшага ты выбраў прытулкам сваім.
 
Бо Ты, Госпадзе, прыстанішча маё, учыніў ты Найвышэйшага паселішчам тваім.

Ня сустрэне цябе ліха, і ніякая пляга ня наблізіцца да жытла твайго,
 
Не падступіцца да цябе ліха і бізун не наблізіцца да палаткі тваёй,

бо Ён Ангелам Сваім дасьць загад пра Цябе сьцерагчы Цябе на ўсіх шляхах Тваіх.
 
бо загадаў Ён анёлам сваім наконт цябе, каб сцераглі цябе на ўсіх тваіх дарогах.

На руках яны панясуць Цябе, каб Ты ня выцяўся аб камень Нагою Тваёй.
 
На руках будуць насіць цябе, каб часам не скалечыў аб камень нагі сваёй.

На льва і гадзюку ты наступіш. Маладога льва і дракона ты растопчаш.
 
На змяю і яшчарку наступіш, ды растопчаш ільва і дракона.

За тое, што ён у любві прыляпіўся да Мяне, Я выратую яго, Я ўзьніму яго на нядасягальную вышыню, бо ён ведае Імя Маё.
 
Паколькі прытуліўся ён да Мяне, вызвалю яго; падтрымаю яго, бо спазнаў ён імя Маё.

Ён будзе гука́ць Мяне, і Я адкажу яму. Я буду зь ім у час ліха. Я вызвалю яго і ўслаўлю яго.
 
Будзе клікаць мяне, і Я выслухаю яго, у бядзе Я разам з ім, вырву яго і ўслаўлю яго.

Я насычу яго даўжынёй дзён (ягоных) і дам яму ўбачыць збаўленьне Маё.
 
Напоўню яго доўгасцю дзён і пакажу яму збаўленне Маё.