Псалтыр 90 псалом

Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Малітва Масея, чалавека Божага. Госпадзе мой, Ты быў нам прыстанішчам з роду ды ў род.
 
Маленне Майсея, чалавека Божага. Госпадзе, Ты стаўся нам прыстанішчам з пакалення ў пакаленне.

Перш чым паўсталі горы, і Ты стварыў зямлю і сусьвет, і ад вечнасьці ў вечнасьць Ты — Бог.
 
Перш чым паўсталі горы і нарадзілася зямля і сусвет, і спакон вякоў, і на век Ты — Бог.

Ты вяртаеш чалавека ў парахно і кажаш: «Вяртайцеся, сыны чалавечыя!» —
 
Ты вяртаеш чалавека ў парахно і Ты сказаў: «Сыны чалавечыя, вярніцеся».

бо тысяча гадоў у Тваіх вачах, як дзень учарашні, калі ён прайшоў, і, як варта начная.
 
Бо тысяча гадоў перад вачамі Тваімі, як учарашні дзень, які прамінуў, і начная варта.

Ты зносіш іх (як) паводкай. Яны як сон, як трава, якая раніцай вырастае,
 
Ты аддаляеш іх, і стануць яны сном:

раніцай яна расьце і цьвіце, а вечарам вяне і засыхае,
 
зранку — як трава, што прабіваецца, зранку цвіце і вырастае, вечарам вяне і ссыхае.

бо мы зьнікаем ад гневу Твайго, а ад лютасьці Тваёй мы разьбітыя.
 
Бо мы марнеем ад гневу Твайго і ў абурэнні Тваім стурбаваліся.

Ты бяззаконьні нашыя паклаў перад Табой, тайнае нашае перад сьвятлом Аблічча Твайго.
 
Ты паставіў несправядлівасці нашыя перад вачамі Тваімі, цёмныя справы нашыя — у святле аблічча Твайго.

Усе дні нашыя зьнікаюць ад гневу Твайго. Мы каратаем гады нашыя, як уздых.
 
Бо ўсе нашы дні прамінаюць у гневе Тваім, спыняюцца гады нашыя, быццам дыханне.

Дзён гадоў нашых — семдзясят гадоў, а пры большай моцы — восемдзясят гадоў, а лепшая пара іхная — цяжкая праца і не́марасьць, бо яны хутка праходзяць і мы адлятаем.
 
Колькасць нашых гадоў — семдзесят або, у здароўі, восемдзесят, а большая частка іх — праца і марнасць, бо хутка праходзяць, а мы адлятаем.

Хто ведае сілу гневу Твайго і лютасьці Тваёй, якая адпавядае страху перад Табой?
 
Хто зразумеў вялікасць Твайго гневу і сілу абурэння Твайго?

Зьлічаць дні нашыя навучы нас так, каб прыдбаць нам сэрца мудрае.
 
Навучы нас лічыць дні нашы так, каб прывялі мы сэрца да мудрасці.

Абярніся, Ягова! Дакуль? І суцешы слугаў Тваіх.
 
Павярніся, Госпадзе, дакуль жа яшчэ? І будзь жа спагадны для сваіх паслугачоў.

Насыці нас ра́ніцай Міласэрнасьцю Тваёй, і мы будзем радавацца і весяліцца ўсе дні нашыя.
 
Напоўні нас уранку міласэрнасцю Тваёй, і мы ўзрадуемся і пацешымся праз усе дні нашы.

Суцешы нас адпаведна дням, колькі Ты гнуў нас, адпаведна гадам, калі мы бачылі ліха.
 
Павесялі нас за тыя дні, у якія прыніжаў нас, за гады, калі мы бачылі ліха.

Хай будзе вачавідным слугам Тваім Твой Чын і Слава Твая над сынамі іхнымі.
 
Хай адкрыецца слугам Тваім учынак Твой, а аздоба Твая — сынам іх.

Прыгажосьць Госпада майго, Бога нашага, хай будзе над намі. І справу рук нашых умацуй Ты над намі. Сапраўды, справу рук нашых Ты ўмацуй.
 
Хай будзе велічнасць Госпада Бога нашага над намі, і справы рук нашых умацуй над намі, і справу рук нашых умацуй.