Псалтыр 48 псалом

Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Песьня. Псальм сыноў Карэявых.
 
Песня. Псальм. Сыноў Корэ.

Вялікі ёсьць Ягова і надзвычайна слаўны ў месту нашага Бога на гары Ягонай Сьвятасьці.
 
Вялікі Госпад і праслаўлены вельмі ў горадзе нашага Бога.

Прыгожа ўзвышаецца радасьць усёй зямлі, гара Сыён, паўночная мяжа, места вялікага Караля.
 
Святая гара Яго, прыгожы ўзгорак — радасць усёй зямлі. Гара Сіён, скрай поўначы, горад вялікага Валадара.

Бог у харомах Ягоных вядомы як няпрыступнае прыстанішча.
 
Бог у дамах яго вядомы зрабіўся як прыстанішча.

Дык вось! сабраліся каралі, разам падыйшлі,
 
Бо сышліся цары, сабраліся, як адзін.

і як убачылі — зьдзівіліся, спалохаліся і паўцякалі.
 
Калі ж самі ўбачылі, так здзівіліся, што стрывожыліся і ўцяклі.

Дрыгота ахапіла іх там, боль, як тую парадзіху.
 
Страх напаў там на іх і боль, быццам у парадзіхі.

Ве́трам усходнім Ты скрышыў караблі тарсіскія.
 
Ветрам усходнім скрышыў Ты караблі Тарсіскія.

Як мы чулі, так мы ўбачылі ў месту Яговы войскаў, у месту нашага Бога: Бог умацуе яго навечна. Зэля.
 
Так, як мы спачулі, так і пабачылі ў горадзе Бога Магуццяў, у горадзе нашага Бога, Бог заснаваў яго навек.

Божа, мы думалі пра Тваю міласэрнасьць пасярод Тваёй Сьвятыні.
 
Мы разважаем, Божа, пра Тваю міласэрнасць пасярод святыні Тваёй.

Як Імя Тваё, Божа, так і слава Твая да краёў зямлі. Правіца Твая поўная справядлівасьці.
 
Як імя Тваё, Божа, так і хвала Твая — да ўскрайкаў зямлі. Правіца Твая поўная справядлівасці.

Хай радуецца гара Сыён. Хай радуюцца дочкі Юды дзеля судоў Тваіх.
 
Хай весяліцца гара Сіён, хай радуюцца дочкі Юды з прычыны Тваіх судоў.

Абыдзіце вакол Сыёну; акружэце яго; палічэце ягоныя вежы;
 
Абыдзіце Сіён наўкола і абдыміце яго, палічыце яго вежы.

накіруйце сэрца вашае на ягонае ўмацаваньне; разгледзьце палацы ягоныя, каб вы маглі аб гэтым расказаць наступнаму пакаленьню;
 
Адчуйце сэрцам вашым магуцце яго і прабяжыцеся ўздоўж дамоў яго, каб расказаць іншаму пакаленню.

бо Гэты Бог ёсьць наш Бог на векі вякоў. Ён будзе нас ве́сьці і пасьля сьмерці.
 
Бо гэта і ёсць Бог, Бог наш навечна і на векі вечныя; Ён павядзе нас праз вякі.