Псалтыр 130 псалом

Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Песьня ўзыходжаньня. З глыбіняў я гукаю Цябе, о Ягова.
 
Песня ўзыходжання. З глыбіняў прызываю я Цябе, Госпадзе;

Мой Госпад! пачуй голас мой! Няхай Вушы Твае будуць уважлівымі да голасу маленьня майго.
 
Госпадзе, выслухай голас мой. Хай будуць вушы Твае нахілены да голасу малення майго.

Калі Ты, о Ягова, мой Госпад, будзеш па́мятаць грахі, хто выстаіць?
 
Калі будзеш аглядаць несправядлівасці, Госпадзе, хто ж вытрымае?

Але ў Цябе дараваньне, каб баяліся Цябе.
 
Бо ў Цябе — адпушчэнне [грахоў], каб мы шанавалі Цябе.

Я спадзяюся на Ягову. Спадзяецца душа мая. І я чакаю на Слова Ягонае.
 
Пакладаюся на Госпада; трымалася душа мая слова Яго;

Душа мая чакае на майго Госпада больш, чым вартаўнікі ра́ніцу, (больш чым) вартаўнікі ра́ніцу.
 
усклала надзею душа мая ў Госпадзе больш, чым вартаўнікі світання.

Хай Ізраэль спадзяецца на Ягову, бо ў Яговы — міласэрнасьць, і шчодрасьць збаўленьня ў Яго.
 
Хай ускладзе надзею Ізраэль у Госпадзе, бо ў Госпада — міласэрнасць і шчодрае адкупленне — у Яго.

І Ён збавіць Ізраэль ад усіх бяззаконьняў ягоных.
 
І Ён адкупіць Ізраэль ад усіх несправядлівасцей яго.