Псалтыр 72 псалом

Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Для Салямона. Божа, дай суд Твой валадару, і праведнасьць Тваю — сыну валадара.
 
Пра Саламона. Давідаў. Божа, суд Твой перадай цару і справядлівасць Тваю сыну царскаму.

Няхай судзіць ён народ Твой у праведнасьці, і ўбогіх Тваіх — у правасудзьдзі.
 
Хай валадарыць па справядлівасці над народам Тваім, а над убогімі Тваімі па законе.

Няхай прынясуць горы супакой народу, і ўзгоркі — праведнасьць.
 
Хай горы прынясуць мір для народа, а ўзгоркі — справядлівасць.

Няхай ён судзіць убогіх з народу, выбаўляе сыноў беднякоў і скрышыць прыгнятальнікаў.
 
Ён судзіць будзе жабракоў народа і збавіць сыноў убогага і ўпакорыць паклёпніка.

Няхай баяцца Цябе пакуль будзе сонца і перад абліччам месяца з пакаленьня ў пакаленьне.
 
Будзе жыць ён разам з сонцам і пакуль свеціць месяц у пакаленні і пакаленні.

Няхай ён зыходзіць, як дождж на атаву, як кроплі дажджу, што зямля ад іх вільгатнее.
 
Сыдзе ён, быццам дождж на траву і быццам залева, што абвадняе зямлю.

Няхай закрасуе праведнік у дні ягоныя, і будзе мноства супакою, аж пакуль месяц стаіць.
 
У днях яго зацвіце справядлівасць і паўната спакою, пакуль не пагасне месяц.

І няхай ён мае ўладу ад мора да мора і ад ракі аж да краю зямлі.
 
будзе валадарыць ад мора аж да мора і ад ракі аж да ўскрайкаў сусвету.

Перад абліччам ягоным упадуць жыхары пустыні, і ворагі ягоныя будуць лізаць пыл.
 
Перад ім будуць падаць жыхары пустыні, і непрыяцелі яго лізаць будуць зямлю.

Валадары Таршышу і астравоў дары яму панясуць; валадары Шэвы і Сэвы прынясуць яму даніну.
 
Цары Тарсіса і вострава прынясуць дары, цары Арабаў і Сабы дашлюць яму падарункі.

І паклоняцца яму ўсе валадары, усе народы будуць служыць яму.
 
І паклоняцца яму ўсе цары, і ўсе народы служыць яму будуць.

Бо ён ратуе беднага, калі той галосіць, і прыгнечанага, і таго, у каго няма дапамогі.
 
Бо ён вызваліць убогага, які прызывае яго, і беднага, у якога не было ўспаможцы.

Ён літуецца над гаротным і бедным і выбаўляе душы бедакоў.
 
Пашкадуе ён беднага і ўбогага, і душы бедных ён уратуе.

Ад ашуканства і гвалту вызваляе душы іхнія, і ў вачах ягоных кроў іхняя вельмі каштоўная.
 
Уратуе ён душы іх ад прыгнёту і гвалту, і кроў іх дарагая будзе для яго.

І будзе ён жыць, і даваць яму будуць золата Шэвы, і будуць маліцца за яго заўсёды, і будуць дабраслаўляць яго ўсе дні.
 
Дык будзе жыць ён, і дадуць яму ад золата Арабіі, і будуць маліцца за яго заўсёды; цэлы дзень дабраслаўляць будуць яго.

І будзе дастатак збожжа на зямлі, на вяршынях гор; будуць шумець, як Лібан, каласы ягоныя, і мяшчане заквітнеюць, як трава на зямлі.
 
І будзе дастатак хлеба на зямлі, закалышацца ён на вяршынях гор; быццам Лібан, плод яго, і расквітнее [насельніцтва] гарадоў, быццам трава зямлі.

І будзе імя ягонае на вякі, перад абліччам сонца будзе трываць імя ягонае, і будуць дабраслаўлёныя ў ім усе народы, і будуць шчасьлівыя ў ім.
 
Хай будзе дабраславёна імя яго вечна, пакуль [свеціць] сонца, будзе жыць імя яго. І будуць дабраславёныя ў ім усе пакаленні зямныя, усе народы ўзвялічаць яго.

Дабраслаўлёны ГОСПАД Бог, Бог Ізраіля, Які Сам робіць цуды.
 
Дабраславёны Госпад Бог, Бог Ізраэля, Які сам адзін творыць цуды.

І дабраслаўлёнае імя славы Ягонай на вякі, і няхай напоўніцца славай Ягонай уся зямля! Амэн, амэн!
 
І дабраславёнае імя велічнасці Яго навечна; і напоўніцца велічнасцю Яго ўся зямля. Хай будзе так, хай будзе!

Канец малітвы Давіда, сына Есэя.
 
Скончыліся малітвы Давіда, сына Ясэева.