Псалтыр 88 псалом

Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Сьпеў. Псальм сыноў Караха. Кіраўніку хору: на лад сумны, суцішаны. Навучаньне Гэмана Эзрахі.
 
Песня. Псальм сыноў Корэ. Кіраўніку хору. Паводле «Магалат». Для спеваў. Маскіль. Гемана Эзрахіта.

ГОСПАДЗЕ, Божа збаўленьня майго! Удзень я крычу, і ўначы я перад Табою!
 
Госпадзе, Божа збаўлення майго, на працягу дня клічу, уночы малюся Табе.

Няхай прыйдзе перад аблічча Тваё малітва мая; прыхілі вуха Тваё да галашэньня майго.
 
Няхай дойдзе да Цябе малітва мая; нахілі вуха Тваё да просьбы маёй.

Бо перасычана ліхоцьцем душа мая, і жыцьцё маё дакранаецца да пекла.
 
Бо напоўнілася ліхам душа мая, і жыццё маё наблізілася да апраметнай.

Я залічаны да тых, што зыходзяць у магілу; я стаўся, як чалавек, які сілы ня мае.
 
Прыпадобнены я да тых, што сыходзяць у яму, стаўся я, як чалавек без успамогі.

Сярод памёршых, свабодны, падобны да забітых, што ляжаць у магіле, якіх Ты ўжо ня ўзгадваеш, і адсечаны яны ад рукі Тваёй.
 
Паміж мёртвымі кінутыя, — быццам забітыя, што спачываюць у магілах; пра іх Ты больш не ўспамінаеш, і яны адсечаны ад рукі Тваёй.

Ты кінуў мяне ў яму найглыбейшую, у месца цёмнае, у глыбіню.
 
Ты паклаў мяне ў яме глыбейшай, у цемры і ў цені смерці

Націснула на мяне ярасьць Твая, і ўсімі хвалямі Тваімі прыціснуў Ты мяне. (Сэлях)
 
абцяжарыў мяне гнеў Твой, і ўсе навалы Твае ўзводзіш Ты на мяне.

Ты аддаліў ад мяне знаёмых маіх, Ты зрабіў мяне агідным для іх; я зьвязаны і выйсьці не магу.
 
Аддаліў Ты знаёмых маіх ад мяне, закрыты я і не выйду;

Самлела вока маё ад пакутаў; кожны дзень я клічу Цябе, ГОСПАДЗЕ, і выцягваю да Цябе рукі мае.
 
патухлі мае вочы ад тугі. Клікаў я Цябе, Божа, цэлы дзень, выцягваў да Цябе мае рукі.

Ці Ты зробіш цуд для памёршых? Ці нябожчыкі паўстануць і будуць славіць Цябе? (Сэлях)
 
Ці для мёртвых учыніш цуды? Ці ж паўстануць прывіды і ці ж будуць вызнаваць Цябе?

Ці будзе абвешчана ў магіле міласэрнасьць Твая, і вернасьць Твая — у [месцы] загубы?
 
Ці ў магіле будзе хто распавядаць пра міласэрнасць і пра праўду Тваю — у месцы пагібелі?

Ці ў цемры даведаюцца пра цуды Твае, і пра праведнасьць Тваю — у зямлі забыцьця?
 
Ці ж будуць пазнаныя ў цемры цуды Твае, а справядлівасць Твая — у зямлі забыцця?

Але я галашу да Цябе, ГОСПАДЗЕ, і раніцаю малітва мая сустракае Цябе.
 
А я клікаў Цябе, Госпадзе, і раніцай малітва мая апярэдзіць Цябе.

Дзеля чаго, ГОСПАДЗЕ, Ты пакінуў душу маю, хаваеш аблічча Тваё ад мяне?
 
Чаму, Госпадзе, адпіхваеш душу маю і хаваеш аблічча Сваё ад мяне?

З маленства я прыгнечаны і паміраю; пераносячы жахі Твае, я зьнямогся.
 
Бедны я, набліжаюся да смерці ад юнацтва майго, перанёс я жахі Твае і стурбаваўся.

Нада мною прайшоў жар [гневу] Твайго, пагрозы Твае вынішчаюць мяне,
 
Нада мною пранесліся гневы Твае, і страхі Твае забілі мяне.

атачаюць мяне, як вада, кожны дзень, абступаюць мяне разам.
 
Пачалі кружыць яны каля мяне цэлы дзень, як вада, агарнулі мяне разам.

Ты аддаліў ад мяне тых, што любяць [мяне], і бліжніх, знаёмыя мае — у цемры.
 
Аддаліў Ты ад мяне прыяцеля і блізкага, і знаёмыя мае — у цемры.