Псалтыр 108 псалом

Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Сьпеў. Псальм Давіда.
 
Песня. Псальм. Давідаў.

Умацаванае сэрца маё, Божа! Буду сьпяваць і выслаўляць [Цябе] ў славе маёй!
 
Прыгатавана сэрца маё, Божа, прыгатавана сэрца маё, буду спяваць і граць псальмы. Добра, хвала мая!

Збудзіцеся, псалтыр і гусьлі! Я пабуджу сьвітаньне!
 
Прабудзіся, гуслі і цытра, абуджу я зараніцу.

Буду славіць Цябе сярод людзей, ГОСПАДЗЕ, і буду выслаўляць Цябе сярод народаў,
 
Буду вызнаваць Цябе, Госпадзе, між народамі, буду Табе граць псальмы сярод людзей,

бо па-над неба вялікая міласэрнасьць Твая, і праўда Твая — да аблокаў.
 
бо міласэрнасць Твая вялікая аж да нябёсаў і аж да воблакаў праўда Твая.

Узьвялічся па-над неба, Божа, і па-над усёй зямлёй [няхай будзе] слава Твая!
 
Падыміся над нябёсамі, Божа, і над ўсёй зямлёю — слава Твая.

Каб былі ўратаваныя ўмілаваныя Твае, збаў правіцай Тваёй і адкажы мне!
 
Каб вызваліліся ўмілаваныя Твае, дай збаўленне правіцай Тваёй і выслухай мяне.

Бог сказаў у сьвятасьці Сваёй: «Я ўзрадуюся! Я падзялю Сыхем і даліну Сукот разьмераю.
 
Прамовіў Бог у святыні Сваёй: «Узрадуюся і падзялю Сіхэм і памераю лагчыну Сукот;

Мой Гілеад, Мой Манаса, і Эфраім — моц галавы Маёй! Юда — заканадаўца Мой!
 
мой Галаад і мой Манасэс, і Эфраім — цвярдыня галавы маёй, Юда — скіпетр мой.

Мааў — міса для мыцьця Майго; на Эдом кіну сандалы Мае; над [зямлёй] Філістынскай радасна гукаць буду!»
 
Моаб — конаўка для абмывання Майго, над Ідумеяй узнясу чаравік мой, над Філістэяй усклікаць буду».

Хто ўвядзе мяне ў горад умацаваны? Хто завядзе мяне ў Эдом?
 
Хто давядзе мяне ў абаронны горад? Хто давядзе мяне аж да Ідумеі?

Ці ж ня Ты, Божа, нас пакінуў і не выходзіш, Божа, з войскамі нашымі?
 
Хіба Ты, Божа, Які адпіхнуў нас? Ці ўжо не выйдзеш, Божа, з нашымі сіламі?

Дай нам успамогу ў прыгнечаньні [нашым], бо марны ратунак чалавечы.
 
Дай нам успамогу ад прыгнёту, бо марны ратунак людскі.

З Богам мы зьявім сілу, і Ён растопча прыгнятальнікаў нашых.
 
З Богам праявім магуцце, і Ён стопча нашых непрыяцеляў.