Псалтыр 105 псалом
Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
Слаўце ГОСПАДА, клічце імя Ягонае! Паведамляйце між народамі пра дзеі Ягоныя!
Вызнавайце Госпада і прызывайце імя Яго, абвяшчайце між народамі пра справы Яго.
Сьпявайце Яму, выслаўляйце Яго! Размаўляйце пра ўсе цудоўныя дзеі Ягоныя!
Спявайце Яму і грайце псальмы Яму, апавядайце пра ўсе Яго цуды.
Хвалецеся імем Яго сьвятым! Няхай весяліцца сэрца тых, што шукаюць ГОСПАДА.
Пахваляйцеся іменем святым, хай цешыцца сэрца тых, што шукаюць Госпада.
Шукайце ГОСПАДА і сілу Ягоную, шукайце аблічча Ягонае заўсёды!
Шукайце Госпада і магутнасці Яго, аблічча Яго шукайце заўсёды.
Узгадвайце цудоўныя дзеі Ягоныя, якія Ён зрабіў, цуды Ягоныя і прысуды вуснаў Ягоных,
Памятайце пра цуды Яго, якія ўчыніў, знакі Яго і прысуды Яго вуснаў.
вы, насеньне Абрагама, слугі Ягонага, сыны Якуба, выбранца Ягонага!
Патомства Абрагамава, слугі Яго, сыны Якубавы, выбраннікі Яго.
Ён — ГОСПАД, Бог наш; над усёй зямлёй суды Ягоныя.
Ён, Госпад Бог наш; па ўсёй зямлі суды Яго.
Ён памятае на вякі запавет Свой, слова, якое загадаў на тысячу пакаленьняў,
Памятае Ён вечна пра Свой запавет, пра абяцанне, якое даў Ён на тысячу пакаленняў,
якое заключыў з Абрагамам, і прысягу Сваю Ісааку.
на прымірэнне, якое ўсталяваў Ён з Абрагамам, і пра прысягу Сваю Ізааку.
І паставіў Якубу як пастанову, Ізраілю — як запавет вечны,
Устанавіў Ён гэта для Якуба, як закон для Ізраэля, як вечнае прымірэнне,
кажучы: «Табе Я дам зямлю Ханаан, [пакладу] шнур спадчыны вашай»,
кажучы: «Табе дам зямлю Ханаан, як шнур спадчыны вашай»,
калі было ў іх людзей мала на лік, вельмі мала, калі яны жылі там
калі былі лікам малымі, вельмі нешматлікімі і прыхаднямі ў ёй
і пераходзілі ад народу да народу, ад [аднаго] валадарства да другога народу.
і вандравалі ад племя да племя і ад валадарства да другога народа,
Не дазваляў Ён ніякаму чалавеку прыгнятаць іх, і караў дзеля іх валадароў,
не дазволіў Ён, каб [які] чалавек крыўдзіў іх і пакараў за іх цароў:
[кажучы]: «Не чапайце памазанцаў Маіх, і прарокам Маім не рабіце благога!»
«Не чапайце намашчэнцаў Маіх і прарокам Маім не рабіце зла».
І паклікаў Ён голад на зямлю, усякую падпору хлеба зламаў,
А потым наклікаў голад на зямлю, і змарнаваў увесь запас хлеба.
і паслаў перад абліччам іхнім чалавека, які быў прададзены як нявольнік, Язэпа.
Паслаў перад імі чалавека; у няволю быў прададзены Язэп.
Зашчамілі ў кайданы ногі ягоныя, жалезам сьціснулі душу ягоную
Сціснулі кайданамі ногі яму, у жалеза ўвайшла шыя яго,
аж да часу, калі выйшла справа ягоная, слова ГОСПАДА ачысьціла яго.
пакуль не надышло слова Яго, пакуль прамова Госпада не ачысціла яго.
Валадар паслаў, каб звольніць яго; той, што пануе над народамі, вызваліў яго,
Паслаў цар і вызваліў яго, валадар народаў даў яму волю;
паставіў яго гаспадаром над домам сваім і [чалавекам], што пануе над усім даброцьцем ягоным,
устанавіў яго гаспадаром над сваім домам і князем над ўсёй сваёй маёмасцю,
каб скіроўваў князёў ягоных паводле [рашэньня] душы сваёй, і старшыняў ягоных вучыў мудрасьці.
каб вучыў ён князёў яго паводле волі сваёй і каб яго старцаў навучаў мудрасці.
І прыйшоў Ізраіль у Эгіпет, і Якуб пасяліўся ў зямлі Хама.
І ўвайшоў Ізраэль у Егіпет, і Якуб стаў прыхаднем у зямлі Хама.
І [Бог] зрабіў вельмі плодным народ Свой, і зрабіў яго мацнейшым за прыгнятальнікаў ягоных.
І Ён размножыў вельмі народ Свой і зрабіў яго мацнейшым за яго непрыяцеляў.
Зьмяніў сэрца іхняе, каб ненавідзелі народ Ягоны, каб змовіліся супраць слугаў Ягоных.
І павярнуў Бог іх сэрца, каб у нянавісці мелі народ Яго і каб хітрасць чынілі супраць слуг Яго.
Ён паслаў Майсея, слугу Свайго, Аарона, якога выбраў Сабе.
Паслаў Ён Майсея, слугу Свайго, Аарона, якога абраў.
Ён зьявіў праз іх знакі Свае і цуды Свае ў зямлі Хама.
Паклаў Ён на іх словы знакаў Сваіх і цудаў у зямлі Хама.
Ён паслаў цемру, і зрабілася цёмна, і не маглі працівіцца слову Ягонаму.
Наслаў цемру і зрабіў цёмна, але яны працівіліся словам Яго.
Ён перамяніў воды іхнія ў кроў, і памерлі рыбы іхнія.
Перамяніў воды іх у кроў і вынішчыў іх рыбаў.
Напоўнілася зямля іхняя жабамі, нават у спальнях валадароў іхніх.
Спарадзіла іх зямля жабаў аж да пакояў цароў іх.
Сказаў, і наляцелі мухі і камары ў-ва ўсіх межах іхніх.
Сказаў Ён, і прыляцела хмара мух, і скініфы — па ўсіх межах іх.
Ён даў ім [замест] дажджу град, полымя агню на зямлю іхнюю.
Учыніў Ён ім град замест дажджу і агонь палымяны ў зямлі іх.
Пабіў вінаградныя лозы іхнія і дрэвы фігавыя, і паламаў дрэвы ў межах іхніх.
Пабіў вінаград іх і фігі іх і панішчыў дрэвы ў іх межах.
Сказаў, і прыйшла саранча, і хрушчоў безьліч,
Сказаў, і нахлынула саранча і вусені, якім не было падліку.
і яны паелі ўсе расьліны ў зямлі іхняй, і паелі плады палёў іхніх.
І пажэрла яно ўсю траву ў іх зямлі, і пажэрла яно плод зямлі іх.
Ён пабіў усіх першародных у зямлі іхняй, зачаткі ўсёй сілы іхняй.
І пабіў усіх першародных у зямлі іх, пачаткі ўсёй сілы іх.
А іх вывеў са срэбрам і золатам, і не было ў каленах іхніх нядужага.
І вывеў іх з серабром і золатам, і не было ў іх пакаленні хворага.
Радаваўся Эгіпет з выхаду іхняга, бо ахапіў іх страх перад імі.
Узвесяліўся Егіпет з выхаду іх, бо паў на іх страх дзеля Ізраэльцаў.
Ён хмару разгарнуў, як заслону, і агонь, каб ноч асьвятляць.
Расцягнуў Ён хмару, нібы покрыва, і агонь, каб свяціў ім уночы.
Зажадалі, і прывёў перапёлак, і хлебам нябесным насычаў іх.
Прасілі, і прыляцела перапёлак, і хлебам з неба карміў іх.
Ён рашчапіў скалу, і лінулі воды, і ракой пацяклі па сухой [зямлі].
Рассек скалу, і паплылі воды, і пацяклі рэкі ў пустыню.
Бо Ён узгадаў слова сьвятое Сваё да Абрагама, слугі Свайго,
Бо помніў Ён Сваё святое слова да Абрагама, слугі Свайго.
і вывеў народ Свой у радасьці, выбранцаў Сваіх — са сьпяваньнем.
І вывеў Свой народ у радасці, выбраннікаў Сваіх — з весялосцю.
І даў ім зямлю народаў, і набытак народаў успадкаемілі яны,
І даў ім землі паганаў, і авалодалі яны працаю народаў,
каб захоўвалі пастановы Ягоныя і законаў Ягоных трымаліся. Альлелюя!
каб захоўвалі прыказанні Яго і законы Яго выконвалі. Алілуя.