Псалтыр 43 псалом

Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Судзі мяне, Божа, і барані мяне ў справе маёй супраць народу небагабойнага! Ад чалавека крывадушнага і беззаконнага збаў Ты мяне!
 
Судзі мяне, Божа, і аддзялі справу маю ад народа несвятога; вырві мяне ад чалавека несправядлівага і хітрага.

Бо Ты — Бог мой, апора мая. Чаму Ты пакінуў мяне? Чаму я ў суме хаджу ад уціску ворагаў?
 
Бо Ты — Бог прыстанішча майго; чаму ж Ты мяне адкінуў і чаму крочу я сумны, а вораг чыніць мне пераслед?

Спашлі сьвятло Тваё і праўду Тваю, каб вялі мяне і прывялі на гару сьвятую Тваю і да сялібы Тваёй,
 
Пашлі святло Тваё і праўду Тваю, хай яны вядуць мяне і хай завядуць мяне на святую гару Тваю і ў шаты Твае.

каб я прыйшоў да ахвярніка Божага, да Бога радасьці і пацяшэньня майго, і на гусьлях буду славіць Цябе, Божа, мой Божа!
 
І пайду я да ахвярніка Божага, да Бога весялосці ў радасці маёй. І буду вызнаваць Цябе на гуслях, Божа, Божа мой!

Чаму ты сумуеш, душа мая? Чаму ў-ва мне ты трывожышся? Бо яшчэ будзеш славіць Яго, збаўленьне аблічча майго і Бога майго!
 
Чаму ты смутная, душа мая, і чаго трывожышся ўва мне? Май надзею ў Богу, бо я ўсё роўна буду вызнаваць Яго: «Збаўленне аблічча майго» і «Бог мой».