Псалтыр 39 псалом
Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
Кіраўніку хору. Едутуну. Псальм Давіда.
Кіраўніку хору. Ідытун. Псальм Давідаў.
Я сказаў: «Буду захоўваць шлях мой, каб не саграшыць языком маім! Буду захоўваць вусны мае вуздою, пакуль бязбожнік перада мною».
Я буду пільнаваць дарогі мае, каб не правініцца языком маім; пастаўлю я ахову вуснам маім, пакуль грэшнік стаіць перада мной.
Я зьнямеў у маўчаньні; маўчаў пра добрае, але боль мой нішчыў [мяне].
Я знямеў у маўчанні і не гаварыў нават пра дабро, і пакута мая аднавілася.
Распалілася сэрца маё ў нутры маім; ва ўздыханьні маім запалаў агонь, і я прамовіў языком маім.
Разгарэлася ўва мне сэрца маё; і ў роздумах маіх запалаў агонь.
Дай мне ведаць, ГОСПАДЗЕ, канец мой і меру дзён маіх, якая яна. Дай мне ведаць, які я нетрывалы!
Загаварыў я языком сваім: «О, Госпадзе, дай мне пазнаць канец свой і які лік дзён маіх, каб усвядоміць, наколькі кароткае жыццё маё».
Вось, на [некалькі] пядзяў Ты даў дні мае, і век мой — як нішто перад Табою! Толькі ўсякай марнасьцю ёсьць кожны чалавек, [нават] у сіле. (Сэлях)
Вось жа вызначыў Ты дні мае на некалькі корхаў, і прамежак жыцця майго — нішто прад Табою. Бо кожны чалавек — як суцэльная марнасць.
Толькі як здань ходзіць чалавек, [і ёсьць] толькі марнасьцю; ён трывожыцца, прагавіта зьбірае і ня ведае, хто забярэ гэта.
Бо быццам цень праходзіць чалавек. Бо марна мітусіцца ён; збірае скарб і не ведае, хто атрымае яго.
І цяпер, на што [яшчэ] я спадзяюся, Госпадзе? Надзея мая ў Табе!
А цяпер чаго я чакаю, Госпадзе? Надзея мая — у Табе.
Ад усіх правінаў маіх выратуй мяне; на ганьбаваньне ад бязглуздых ня стаў мяне.
Вырві мяне ад усіх правіннасцей маіх, не выстаўляй мяне на пасмешышча неразумнаму.
Я зьнямеў, не адчыняю вуснаў маіх, бо Ты зрабіў гэта.
Анямеў я і не адкрыю вуснаў маіх, бо Ты так учыніў.
Забяры ад мяне караньне Тваё, ад удараў рукі Тваёй я зьнікаю.
Здымі з мяне пакаранне Тваё, гіну я ад удару рукі Тваёй.
Дакараньнем за беззаконьне Ты караеш чалавека і нявечыш, як ад молі, прагненьні ягоныя. Толькі марнасьцю ёсьць кожны чалавек! (Сэлях)
Ушчуваннем за правіннасць пакараў Ты чалавека і ўчыніў так, што змарнелі, быццам ад молі, усе памкненні яго. Бо марнасць — кожны чалавек.
Пачуй малітву маю, ГОСПАДЗЕ, і прыхілі вуха да ляманту майго! Не маўчы на сьлёзы мае, бо я прыхадзень у Цябе і пасяленец, як і ўсе бацькі мае.
Выслухай маленне маё, Госпадзе, лямантаванне маё ўспрымі вушамі. Не будзь глухім да слёз маіх, бо я — прыхадзень у Цябе, вандроўнік, як усе продкі мае.
Не ўглядайся на мяне, каб я павесялеў перад тым, як зыйду, і ня будзе мяне!
Адступі ад мяне, каб я перадыхнуў перад тым, як адыду і больш мяне не будзе.