Псалтыр 120 псалом

Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Сьпеў узыходжаньня. Да ГОСПАДА я клікаў у бядзе маёй, і Ён адказаў мне.
 
Песня ўзыходжання. Паколькі я ў бядзе, то паклікаў Госпада, і Ён выслухаў мяне.

ГОСПАДЗЕ, вызваль душу маю ад вуснаў хлусьлівых, ад языка здрадлівага.
 
Божа, вызвалі душу маю ад вуснаў маны, ад языка падступнага.

Што дасьць табе і якую карысьць прынясе язык здрадлівы?
 
Што яшчэ даць табе ці што яшчэ дадаць да цябе, язык падступны?

Вострыя стрэлы волата і вугольле ядлоўцавае.
 
Вострыя стрэлы волата з вуглямі ядлаўцовымі.

Гора мне, што я жыву ў Мэшэха, што я пасяліўся каля намётаў Кедару!
 
Гора мне, што я чужы ў Масоку, пасяліўся ля палатак Кедара!

Вельмі доўга душа мая жыла сярод тых, што ненавідзяць супакой.
 
Доўга пражыла душа мая з тымі, што ненавідзяць супакой.

Я — [сам] супакой; але, як толькі прамоўлю, яны [пачынаюць] вайну.
 
Я быў супакоетворцам; але калі прамаўляў, яны нападалі на мяне.