Псалтыр 78 псалом

Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Навучаньне Асафа. Зважай, народзе мой, на закон мой, прыхіліце вушы свае да словаў вуснаў маіх!
 
Маскіль. Асафа. Звярні ўвагу, народзе мой, на навуку маю; схіліце вуха вашае на словы вуснаў маіх.

Адчыню я вусны мае ў прыповесьці, буду апавядаць загадкі старадаўнія.
 
Адкрыю вусны мае ў прыпавесцях, выказваць буду тое, што было скрыта ад стварэння свету.

Што чулі мы і даведаліся, і што бацькі нашыя расказалі нам,
 
Колькі ж мы пачулі і спазналі пра гэта, і продкі нашыя расказалі нам.

гэтага не схаваем ад сыноў іхніх, абвяшчаючы пакаленьню наступнаму хвалу ГОСПАДА і магутнасьць Ягоную, і цуды Ягоныя, што Ён учыніў.
 
Не ўтоім і мы ад сыноў іх, расказваючы наступнаму пакаленню пра хвалу Госпада, і пра магуцці Яго, і пра цуды Яго, якія ўчыніў.

І Ён узьняў сьведчаньне ў Якубе, і паклаў Закон у Ізраілі, пра гэта загадаў бацькам нашым, каб яны паведамілі [гэта] сынам сваім,
 
Усталяваў Ён сведчанне ў Якубе і паклаў закон для Ізраэля; як многа ўсяго загадаў Ён продкам нашым паведаміць і сынам сваім,

каб ведала пакаленьне наступнае, сыны, якія народзяцца, і каб яны ў свой час абвясьцілі [гэта] сынам сваім.
 
каб спазнала наступнае пакаленне, сыны, якія народзяцца. Уздымуцца яны і раскажуць сынам сваім,

І ўскладуць на Бога надзею сваю, і не забудуцца пра дзеяньні Божыя, і прыказаньні Ягоныя будуць захоўваць,
 
каб на Бога ўскладалі надзею сваю і каб не забываліся пра справы Божыя і каб выконвалі Яго загады.

і ня будуць падобныя да бацькоў сваіх, пакаленьня бунтаўнікоў і непакорных, пакаленьня, якое нетрывалае ў сэрцы сваім і дух іхні няверны Богу.
 
Хай не стануцца яны, як продкі іх, пакаленне непакорлівае і няўрымслівае; пакаленне, якое не ўмацавала сэрца свайго і не быў верны Богу дух яго.

Сыны Эфраіма, узброеныя лукамі, павярнулі назад у дзень бітвы.
 
Сыны Эфраіма, што нацягваюць і спускаюць лук, былі павернуты назад у дзень вайны.

Яны не захавалі запавету Божага і адмовіліся хадзіць паводле Закону Ягонага.
 
Не трымаліся яны запавету Божага і не згаджаліся жыць па законе Яго.

І забыліся пра дзеі Ягоныя і цуды, якія Ён даў ім бачыць.
 
І забыліся яны пра справы Яго і пра цуды Яго, якія паказаў ім.

Перад бацькамі іхнімі ўчыніў Ён цуды ў зямлі Эгіпецкай, на полі Цаан.
 
Уваччу продкаў іх учыніў Ён цуды ў зямлі Егіпецкай, на полі танейскім.

Ён расьсек мора і перавёў іх [праз яго], і паставіў воды, як капу.
 
Рассек Ён мора і правёў іх, і паставіў воды, быццам у бурдзюку.

І вёў іх удзень воблакам, і ўсю ноч — сьвятлом вогненным.
 
І правёў іх у воблаку на працягу дня, а на працягу ўсёй ночы ў асвятленні агню.

Ён рашчапіў скалы ў пустыні і напаіў іх, быццам з вялікай бездані,
 
Рассек Ён скалу ў пустыні і наводніў іх, быццам глыбокая бездань.

і вывеў струмяні са скалаў, і пацяклі рэкамі воды.
 
І вывеў ручаіны са скалы і выпусціў воды, быццам рэкі.

Але яны і надалей грашылі супраць Яго, бунтаваліся супраць Найвышэйшага ў сухой [зямлі].
 
Але ўсё яшчэ працягвалі яны грашыць супраць Яго, да гневу ўзрушылі Узвышняга ў бязводдзі.

Яны выпрабоўвалі Бога ў сэрцах сваіх, жадаючы спажывы для душаў сваіх.
 
І спакушалі яны Бога ў сэрцах сваіх, дамагаючыся ежы для душ сваіх.

І гаварылі супраць Бога, кажучы: «Хіба Бог можа прыгатаваць стол у пустыні?»
 
І супраць Бога прамаўлялі яны, казалі: «Няўжо зможа Бог нарыхтаваць стол у пустыні?»

Вось, Ён ударыў скалу, і лінулі воды, і ручаі пацяклі. «Але ці можа Ён даць таксама хлеба і паставіць мяса для народу Свайго?»
 
Вось, ударыў Ён у скалу, і пацяклі воды, і ручаі разліліся. «Няўжо зможа Ён таксама даць хлеб і нарыхтаваць мяса народу Свайму?»

І пачуў ГОСПАД, і абурыўся, і ўзгарэўся агонь на Якуба, і ўзьняўся гнеў на Ізраіля,
 
Гэта пачуў Госпад і абурыўся, і запаліў агонь супраць Якуба, і гнеў падняўся на Ізраэля.

бо яны ня верылі Богу і не спадзяваліся на збаўленьне Ягонае.
 
Бо не паверылі яны ў Бога, не мелі надзеі ў збавенні Яго.

І Ён загадаў хмарам высока, і адчыніў дзьверы неба,
 
І вось загадаў Ён хмарам зверху і адчыніў дзверы неба,

і спаслаў дажджом ім манну, і даў ім збожжа нябеснага.
 
і паслаў ім дажджом манну для ежы, і хлеб нябесны даў ім;

Хлеб дужых еў чалавек; Ён спаслаў ім ежы ўдосталь.
 
хлеб анёльскі спажыў чалавек; паслаў Ён ежы ім у дастатку.

Ён рушыў вецер усходні ў небе і сілай Сваёю навёў вецер паўднёвы;
 
Узняў Ён усходні вецер на небе і навёў магуццем Сваім вецер паўднёвы;

і спаслаў дажджом на іх мяса, быццам пыл, і птушак крылатых — як пясок каля мора.
 
і паслаў на іх дажджом мяса, быццам пыл, і, быццам пясок марскі, — птушак крылатых:

І скінуў іх пасярод табару іхняга, навакол сялібаў іхніх.
 
І ўпалі яны пасярод іх лагера, вакол палатак іх.

І елі яны, і насыціліся добра, і тое, што яны жадалі, Ён даў ім.
 
І сталі яны спажываць, і наеліся добра, і па патрэбе іх даў Ён ім.

Яшчэ не пазбавіліся яны жаданьня свайго, яшчэ спажыва іхняя была ў вуснах іхніх,
 
Ды яшчэ не задаволіліся яны ў патрэбе сваёй, а ежа іх была яшчэ ў вуснах іх,

як гнеў Божы ўзьняўся на іх, і забіў тлустых іхніх, і юнакоў Ізраіля паваліў.
 
як загарэўся на іх гнеў Божы, і забіў Ён тлустасць іх, унівеч зрынуў абраных ізраэльцаў.

Пры ўсім гэтым яны далей грашылі і ня верылі ў цуды Ягоныя.
 
Ва ўсім гэтым грашылі яны далей, не паверылі Яго цудам.

І сканчваліся ў марнасьці дні іхнія, і гады іхнія — у страху.
 
і загубіў дні іх ў марнасці і гады іх у страху.

Калі Ён забіваў іх, яны шукалі Яго, і вярталіся, і імкнуліся да Бога,
 
Калі забіваў Ён іх, пачыналі шукаць Яго і, навернутыя, прыходзілі да Яго на досвітку.

і ўзгадвалі, што Бог — скала іхняя, і Бог Найвышэйшы — Абаронца іхні.
 
І прыпаміналі сабе, што Бог — іх Успаможца, і Бог Узвышні — іх Адкупіцель.

І яны лісьлівілі Яму вуснамі Сваімі, і языком сваім хлусілі перад Ім,
 
І ўгаворвалі Яго вуснамі сваімі і хлусілі Яму сваім языком.

і сэрца іхняе не было трывалым у Ім, і не былі яны верныя запавету Ягонаму.
 
Бо сэрца іх не было праўдзівым з Ім, і не былі яны вернымі ў запавеце Яго.

А Ён, спагадлівы [да іх], дараваў ім беззаконьне іхняе і ня зьнішчыў іх, і неаднакроць спыняў гнеў Свой, і не абуджаў усю ярасьць Сваю,
 
Ён, аднак, быў міласэрны і спагадны да несправядлівасці і не губіў іх. Часта адводзіў Ён Свой гнеў і не палаў на поўню ў Сваім абурэнні.

бо памятаў, што яны — цела, вецер, які адыходзіць і ня вернецца.
 
І прыпамінаў сабе, што яны — толькі цела, подых імклівы і незваротны.

Як часта яны бунтаваліся супраць Яго ў пустыні, засмучалі Яго ў [зямлі] бязьлюднай!
 
Колькі разоў раздражнялі Яго ў пустыні, да гневу ўзбуджалі Яго ў бязводдзі!

І зьвярталіся, і выпрабоўвалі Бога, і абражалі Сьвятога Ізраіля.
 
І зноў спакушалі Бога і раздражнялі Святога Ізраэлева.

Ня памяталі яны рукі Ягонай, дня, калі Ён іх вызваліў ад прыгнёту,
 
Не ўспаміналі яны пра руку Яго, пра дзень, калі адкупіў Ён іх з рукі пераследніка.

калі знакі Свае рабіў у Эгіпце, і цуды Свае на полі Цаан.
 
Калі падаў Ён у Егіпце знакі Свае і цуды Свае ў полі танейскім.

І Ён перамяніў рэкі іхнія і ручаіны іхнія ў кроў, што не маглі піць,
 
Ператварыў Ён у кроў рэкі іх і ручаі іх, каб не пілі.

спаслаў на іх мухаў, што іх кусалі, і жабаў, што іх губілі.
 
Наслаў на іх мух, і тыя кусалі іх, і жабаў, і тыя губілі іх.

І аддаў вусеням ураджаі іхнія, а працу іхнюю — саранчы.
 
На ўраджай іх напусціў вусеняў, а плады працы іх аддаў саранчы.

Пабіў градам вінаградныя лозы іхнія, фігавыя дрэвы іхнія — шэраньню.
 
Градам знішчыў вінаграднікі іх, а морвы іх — маразамі.

І аддаў граду скаціну іхнюю, а статкі іхнія — маланкам.
 
І аддаў граду жывёлу іх, а статкі іх — полымю агністаму.

І спаслаў на іх жар гневу Свайго, абурэньне, і ярасьць, і трывогі, навалу злых анёлаў.
 
Наслаў на іх полымя гневу Свайго; раз’ятранасць, пагрозлівасць і прыцясненне — насланне ліхіх анёлаў.

Выпрастаў сьцежку гневу Свайму, не захоўваў ад сьмерці душы іхнія, і жыцьцё іхняе пошасьці аддаў.
 
Даў вольны шлях гневу Свайму, не ўхаваў ад смерці душы іх і жыццё іх спыніў.

І забіў усіх першародных у Эгіпце, пачаткі сілы ў намётах Хама.
 
І выгубіў Ён усё першароднае ў зямлі Егіпецкай, парасткі ствалоў іх у палатках Хама.

І вывеў, як авечак, народ Свой, і вёў іх, як статак, праз пустыню.
 
Ён правёў, як авечак, народ Свой, і правёў іх, быццам статак, па пустыні.

І вёў іх у бясьпецы, і яны не палохаліся, а ворагаў іхніх мора накрыла.
 
І вывеў іх у спадзяванні, і яны не баяліся, а непрыяцеляў іх пакрыла мора.

І прыйшлі яны да межаў сьвятасьці Ягонай, да гары, што набыла правіца Ягоная;
 
І ўвёў іх у межы пасвячэння Свайго, на гару, якую здабыла правіца Яго.

і Ён выгнаў перад абліччам іхнім народы, і кінуў шнур, [каб падзяліць] спадчыну іхнюю, і пасяліў у намётах іхніх калены Ізраіля.
 
І адрынуў перад імі паганаў, і падзяліў ім зямлю шнуром спадчыны, і даў пакаленням ізраэльскім жыць у палатках іх.

Але яны выпрабоўвалі Бога Найвышэйшага і бунтаваліся супраць Яго, і сьведчаньняў Ягоных не захоўвалі,
 
Ды спакушалі і раздражнялі яны Бога Узвышняга і сведчанняў Яго не захоўвалі.

і яны адступаліся і здраджвалі, як і бацькі іхнія, выварочваліся, быццам той лук здрадлівы.
 
І адступалі, і крывадушнічалі, як і бацькі іх, пераварочваліся назад, як крывы лук,

І яны злавалі Яго ўзгоркамі сваімі, і балванамі сваімі раздражнялі Яго.
 
да гневу ўзбуджалі Яго ўзгоркамі сваімі, і балванамі сваімі справакавалі Яго да рэўнасці.

Пачуў [гэта] Бог і абурыўся, і вельмі пагрэбаваў Ізраілем.
 
Пачуў Бог і ўзгарэўся гневам, і рэзка адцураўся Ізраэля.

І Ён пакінуў сялібу ў Шыло, намёт, у якім жыў сярод людзей;
 
І адкінуў Ён паселішча Сіло, палатку, дзе пасяліўся сярод людзей.

і аддаў у палон моц Сваю, і славу Сваю — у рукі прыгнятальніка.
 
І аддаў у палон магуцце Сваё і аздобу Сваю — у рукі непрыяцеля.

І аддаў пад меч народ Свой, і на спадчыну Сваю абурыўся.
 
І замкнуў Ён мячом народ Свой, і на спадчыну Сваю абурыўся.

Юнакоў ягоных агонь зьядаў, і дзяўчаты ягоныя не былі ўшанаваныя.
 
Юнакоў іх зжор агонь, а дзяўчаты іх — не замужам.

Сьвятары ягоныя падалі ад мяча, і ўдовы ягоныя ня плакалі.
 
Святары іх палеглі ад меча, і ўдовы іх не былі аплаканыя.

І быццам зо сну прачнуўся Госпад, як той волат, якога віно разьвесяліла,
 
І падняўся Госпад, як быццам ад сну, нібы волат, закамянелы ад віна.

і Ён выбіў прыгнятальнікаў дашчэнту, на вечную ганьбу аддаў іх.
 
І ўдарыў на ворагаў сваіх з заплечча і справіў ім вечную ганьбу.

І Ён адкінуў намёт Язэпа, і ня выбраў калена Эфраіма,
 
І пакінуў Ён палатку Язэпа, і не абраў сабе пакалення Эфраіма.

а выбраў калена Юды, гару Сыён, якую палюбіў.
 
Але абраў сабе пакаленне Юды, гару Сіён, якую ўзлюбіў.

І пабудаваў Ён як [пад неба] высокую сьвятыню Сваю; і як зямлю заснаваў яе на вякі.
 
І збудаваў, як найвышэйшае свяцілішча Сваё, так і зямлю, якую ўстанавіў навечна.

І выбраў Давіда, слугу Свайго, і ўзяў яго ад абораў авечых.
 
І выбраў Давіда слугою Сваім, і выставіў яго ад статкаў авечых,

Ад котных авечак забраў яго, каб пасьвіў Якуба, народ Ягоны, і Ізраіля, спадчыну Ягоную.
 
ад акочаных [авечак] прыняў яго, пасвіць Якубаў народ Свой і Ізраэлеву спадчыну Сваю.

І ён пасьвіў іх у беззаганнасьці сэрца свайго, і ў разважлівасьці рук сваіх вадзіў іх.
 
І пасвіў іх у бязвіннасці сэрца свайго і ў мудрасці рук сваіх вадзіў іх.