Псалтыр 115 псалом

Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Ня нам, ГОСПАДЗЕ, ня нам, але іменьню Твайму дай Ты славу дзеля міласэрнасьці Тваёй, дзеля праўды Тваёй!
 
Не нам, Госпадзе, не нам, але імю Свайму дай хвалу за Тваю міласэрнасць і за Тваю праўду.

Навошта казаць паганам: «Дзе ж Бог іхні?»
 
Чаму мелі б казаць паганы: «Дзе ж Бог іх?»

А Бог наш у небе; усё, што Яму даспадобы, Ён робіць.
 
Бог наш на небе, усё, што захацеў, зрабіў.

Ідалы іхнія — срэбра і золата, творы рук чалавечых.
 
Ідалы іх срэбра і золата, стварэнне людскіх рук.

Маюць вусны, і не гавораць; маюць вочы, і ня бачаць;
 
Вусны маюць, ды не гавораць, вочы маюць, ды не бачаць.

маюць вушы, і ня чуюць, маюць ноздры, і нюху няма;
 
Вушы маюць, ды не чуюць, ноздры маюць, ды не адчуваюць паху.

рукі ў іх, і ня мацаюць; ногі ў іх, і ня ходзяць; і не выказваюцца горлам сваім.
 
Рукі маюць, ды не ўспрымаюць на дотык, ногі маюць, ды не ходзяць; горлам сваім не пададуць голасу.

Няхай стануцца падобнымі да іх тыя, што іх робяць, усе, што на іх спадзяюцца.
 
Будуць падобныя да іх тыя, што майструюць іх [балванаў], і ўсе, што вераць у іх.

Ізраілю, спадзявайся на ГОСПАДА. Ён — дапамога іхняя і шчыт іх!
 
Дом Ізраэля мае надзею ў Госпадзе: Ён іх успамога і абарона.

Доме Аарона, спадзявайся на ГОСПАДА. Ён — дапамога іхняя і шчыт іх!
 
Дом Аарона мае надзею ў Госпадзе: Ён іх успамога і абарона.

Вы, што ГОСПАДА баіцёся, спадзявайцеся на ГОСПАДА. Ён — дапамога іхняя і шчыт іх!
 
Тыя, што шануюць Госпада, ускладаюць надзею на Госпада: Ён іх успамога і абарона.

ГОСПАД памятае пра нас. Ён будзе дабраслаўляць, Ён будзе дабраслаўляць дом Ізраіля, Ён будзе дабраслаўляць дом Аарона,
 
Госпад памятаў пра нас і будзе дабраслаўляць нас: будзе дабраслаўляць Ён дом Ізраэля, будзе дабраслаўляць Ён дом Аарона,

Ён будзе дабраслаўляць тых, што баяцца ГОСПАДА, разам малых і вялікіх.
 
будзе дабраслаўляць Ён усіх, хто шануюць Госпада, — як малых, так і вялікіх.

Няхай памножыць вас ГОСПАД, вас і сыноў вашых.
 
Хай Госпад памнажае вас, вас і сыноў вашых.

Дабраслаўлёныя вы ГОСПАДАМ, Які стварыў неба і зямлю.
 
Дабраславёныя вы Богам, Які стварыў неба і зямлю.

Неба — неба ГОСПАДА, а зямлю Ён даў сынам чалавечым.
 
Нябёсы, нябёсы — у Бога, зямлю ж даў для сыноў чалавечых.

Ня мёртвыя хваляць ГОСПАДА, ня ўсе тыя, што зыходзяць у [месца] маўчаньня,
 
Не мёртвыя хваліць будуць Цябе, Госпадзе, ані ўсе тыя, што сыходзяць у маўчанне,

але мы будзем дабраслаўляць ГОСПАДА ад цяпер і на вякі. Альлелюя!
 
а мы, жывыя, дабраслаўляем Госпада з гэтага [часу], цяпер і вечна.