Псалтыр 28 псалом

Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Давіда. Да Цябе, ГОСПАДЗЕ, я клічу. Скала мая, не маўчы на мой [кліч], каб праз маўчаньне Тваё ня стаўся я падобным да тых, якія зыходзяць у магілу.
 
Давідаў. Да Цябе, Госпадзе, усклікаю; Божа мой, не будзь бязмоўным перада мною, і я ніколі не буду падобны да тых, што сыходзяць у магілу.

Пачуй голас маленьня майго, калі я галашу да Цябе, калі ўзьнімаю рукі мае да давіру сьвятыні Тваёй.
 
Выслухай голас малення майго, калі ўсклікаю да Цябе, калі ўздымаю рукі мае да святой святыні Тваёй.

Не цягні мяне [да загубы] разам з бязбожнікамі і злачынцамі, якія кажуць: «Супакой» бліжнім сваім, а ў сэрцах сваіх ліхое [маюць].
 
Не прыцягвай мяне разам з грэшнікамі і з тымі, што чыняць несправядлівасць. Яны размаўляюць мірна з блізкім сваім, але ж ліха ў сэрцы іх.

Дай ім паводле справаў іхніх і паводле ліхоты ўчынкаў іхніх; паводле таго, што рабілі рукі іхнія, дай ім; аднагародзь ім за тое, што зрабілі яны.
 
Дай ім паводле спраў іх і паводле нягоднасці вымыслаў іх. Паводле справы рук іх адплаці ім, аддай ім адплату іх.

Бо яны не разумеюць справаў ГОСПАДА і ўчынкаў рук Ягоных, дык Ён зруйнуе іх і не адбудуе.
 
Паколькі не разумеюць яны спраў Госпада і справу рук Яго, зруйнуй іх і не аднаўляй.

Дабраслаўлёны ГОСПАД, бо Ён пачуў голас маленьня майго.
 
Дабраславёны Госпад, бо выслухаў голас малення майго.

ГОСПАД — моц мая і шчыт мой; на Яго спадзявалася сэрца маё, і Ён дапамог мне; і ўзрадавалася сэрца маё, і сьпевам маім буду славіць Яго.
 
Госпад — памочнік мой і абаронца мой, у Ім знайшло надзею сэрца маё, і ў песні маёй адкрыюся Яму.

ГОСПАД — моц для нас; Ён — апора збаўленьня памазанца Ягонага.
 
Госпад — цвярдыня народа Свайго і збавеннае прыбежышча намашчэнца Свайго.

Збаў народ Твой і дабраславі спадчыну Тваю; пасьві іх і ўзьнімі іх на вякі.
 
Збаў Твой народ і дай дабраславенне нашчадкам Тваім, і пасві іх і ўзвышай іх на векі вечныя.