Псалтыр 84 псалом
Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
Кіраўніку хору: на лад Гітыт. Сыноў Караха. Псальм.
Кіраўніку хору. Паводле «Выціскальняў». Сыноў Корэ. Псальм.
Як умілаваныя сялібы Твае, ГОСПАД Магуцьцяў!
Якія ж мілыя паселішчы Твае, Госпадзе магуццяў!
Прагне і тужыць душа мая па панадворках ГОСПАДА; сэрца маё і цела маё весяляцца ў Богу Жывым.
Тужыць і рвецца душа мая ў палац Госпада, сэрца маё і цела маё ўзрадаваліся Богу жывому.
Нават птушка адшукала дом, ластаўка — гняздо для сябе, дзе птушанятак сваіх укладае: каля ахвярнікаў Тваіх, ГОСПАД Магуцьцяў, Валадар мой і Бог мой!
Нават верабей знаходзіць сабе дом і ластаўка гняздо сабе, каб уладкаваць птушанят сваіх: ахвярнікі Твае, Госпадзе магуццяў, Валадару мой і Божа мой!
Шчасьлівыя тыя, што жывуць у Доме Тваім, заўсёды яны [ўзносяць] хвалу Табе. (Сэлях)
Шчасныя тыя, што жывуць у доме Тваім: век будуць яны славіць Цябе.
Шчасьлівы чалавек, сіла якога ў Табе, і ў сэрцы якога дарога [да Цябе]!
Шчасны той чалавек, у якога ёсць успамога ад Цябе; размясціў ён у душы нябесныя шляхі:
Праходзячы далінаю дрэваў бальзамовых, яны адкрываюць крыніцы, і дождж раньні пакрывае яе дабраслаўленьнем.
Праходзячы сухой лагчынаю, яны робяць яе крыніцаю, бо ранні дождж дабраславеннем зросіць яе.
Ідуць яны ад сілы да сілы, і прыходзяць да Бога на Сыён.
Пойдуць яны з сілы ў сілу, убачыцца [імі] Бог багоў на Сіёне.
ГОСПАДЗЕ, Божа Магуцьцяў, пачуй малітву маю! Прыхілі вуха, Божа Якуба! (Сэлях)
Госпадзе, Божа магуццяў, выслухай малітву маю; прыхіні вуха, Божа Якубаў.
Божа, шчыце наш! Зірні і паглядзі на аблічча памазанца Твайго!
Глянь, Божа, наш абаронца, ды глянь на аблічча намашчэнца Твайго!
Бо [адзін] дзень на панадворку Тваім лепшы за тысячу [іншых]; я выбіраю стаяць каля парога ў Доме Божым, чым жыць у намётах беззаконьня.
Бо мілейшы адзін дзень у палатцы Тваёй за тысячу! Хачу лепш стаяць на парозе дома Бога майго, чым жыць у палатках грэшнікаў.
Бо ГОСПАД Бог ёсьць сонца і шчыт; ГОСПАД дае ласку і славу, і не адмовіць дабра аніякага тым, якія ў беззаганнасьці ходзяць.
Бо Госпад Бог ёсць сонца і шчыт; ласку і славу дасць Госпад; Ён не забярэ дабра ў тых, што жывуць у бязвіннасці.
ГОСПАД Магуцьцяў! Шчасьлівы чалавек, які на Цябе спадзяецца!
Госпадзе магуццяў, шчасны той чалавек, які ўскладае надзею на Цябе!