Псалтыр 122 псалом

Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Сьпеў узыходжаньня. Давіда. Узрадаваўся я, калі мне сказалі: «Хадзем у Дом ГОСПАДА!»
 
Песня ўзыходжання. Давідава. Узвесяліўся я тым, што сказалі мне: «Пойдзем у дом Госпадаў».

Вось, ногі нашыя стаяць у брамах тваіх, Ерусаліме!
 
Ужо стаяць ногі нашы ў тваіх брамах, Ерузалім.

Ерусаліме! Ты пабудаваны, як горад, які злучаны разам,
 
Ерузалім, што быў пабудаваны як горад увесь заключаны ў адно цэлае.

куды ўваходзяць калены, калены ГОСПАДА, як сьведчаньне для Ізраіля, каб славіць імя ГОСПАДА,
 
Туды прыходзяць пакаленні, пакаленні Госпада, па законе Ізраэля, каб праслаўляць імя Госпада.

бо там стаяць пасады судовыя, пасады дому Давіда.
 
Бо там пастаўлены пасады суду, пасады дому Давідава.

Прасіце пра супакой для Ерусаліму! Няхай маюць дабрадзенства тыя, якія любяць цябе.
 
Прасіце таго, што [прыносіць] супакой Ерузаліму: «Хай жывуць у супакоі тыя, што любяць Цябе!

Супакой няхай будзе ў мурах тваіх, дабрабыт — у палацах тваіх.
 
Хай будзе супакой у Тваіх мурах, бяспека ў палацах Тваіх!»

Дзеля братоў маіх і бліжніх маіх кажу цяпер: «Супакой табе!»
 
Дзеля братоў маіх і блізкіх маіх прамоўлю: «Супакой Табе!»

Дзеля Дому ГОСПАДА, Бога нашага, буду шукаць дабра для цябе.
 
Дзеля дому Госпада Бога нашага буду прасіць табе дабра.