Псалтыр 74 псалом
Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
Навучаньне Асафа. Чаму Ты, Божа, нас назаўсёды адкінуў? Чаму ўзгарэўся гнеў Твой на авечак чарады Тваёй?
Маскіль. Асафа. Чаму, Божа, Ты адпіхнуў нас да скону, няўжо ўзгарэўся гнеў Твой на авечак пашы Тваёй?
Узгадай пра грамаду Тваю, якую Ты здаўна набыў, якую бароніш, як кій спадчыны Сваёй, гару Сыён, на якой Ты жывеш!
Успомні пра сход Твой, якім Ты завалодаў ад пачатку. Ты адкупіў жазло спадчыны Тваёй, гару Сіён, на якой Ты пасяліўся.
Зьвярні стопы Твае да таго, што загінула назаўсёды, усё панішчыў вораг у сьвятыні.
Узнясі крокі Твае да вечных руін: усё знішчыў непрыяцель у святыні.
Рыкаюць ненавісьнікі Твае пасярод [намёту] спатканьня Твайго; паставілі на знак [гэтага] знакі свае.
Равуць тыя, што ненавідзяць Цябе, пасярод сходу Твайго; усклалі яны знакі свае як знакі [перамогі].
Яны падобны да тых, што падымаюць у гушчары лясным сякеру,
Яны прыпадобнілі сябе да тых, што высока ўзносяць сякеру ў лясным гушчары.
і цяпер усе рэзьбленыя рэчы ў [сьвятыні] бярдышамі і молатамі крышаць.
Разбілі яны дзверы яе ўшчэнт; зруйнавалі бердышамі і сякерамі.
Яны пусьцілі з агнём сьвятыню Тваю, [кінуўшы] на зямлю, апаганілі сялібу імя Твайго.
Падпалілі яны агнём свяцілішча Тваё, ганебна скінулі на зямлю хорам імя Твайго;
Сказалі ў сэрцы сваім: «Усё зруйнуем дазваньня!»; папалілі ўсе [месцы] спатканьня з Богам на зямлі.
прамовілі яны ў сэрцы сваім: «Знішчым іх усіх разам». Спалілі яны ўсе святыні Божыя на зямлі.
Знакаў нашых ня бачым мы болей; няма больш прарока, і нікога няма, хто б ведаў, як доўга гэта будзе.
Знакаў нашых мы не бачым, ужо няма прарока, і няма ў нас таго, які б ведаў, як доўга гэта будзе.
Як доўга, Божа, будзе зьневажаць прыгнятальнік? Ці заўсёды вораг будзе пагарджаць імем Тваім?
Дакуль жа, Божа, будзе здзекавацца непрыяцель? Ці ж вечна будзе знеслаўляць праціўнік імя Тваё?
Чаму Ты стрымліваеш руку Тваю і правіцу Тваю? Вым яе з-за пазухі Тваёй і ўдар!
Чаму ж Ты адводзіш руку Тваю і трымаеш правіцу Тваю за пазухай Тваёй?
Бог ёсьць Валадар мой заўсёды, Які збаўленьне дае на зямлі.
Але ж Бог — наш цар спрадвеку, учыніў Ён збаўленні пасярод зямлі.
Ты моцай Тваёй разьдзяліў мора, скрышыў галовы цмокаў у водах.
Ты рассек мора магуццем Тваім, сцёр галовы драконаў у водах.
Ты раструшчыў галаву левіятану, аддаў яго на ежу народу, што жыве ў пустыні.
Ты растаптаў галовы Левіятана, аддаў яго на ежу марскім страшыдлам.
Ты расьсек крыніцу і ручай, Ты высушыў рэкі магутныя.
Ты прабіў крыніцы і ручаі; Ты высушыў велічныя рэкі.
Твой ёсьць дзень, і Твая ёсьць ноч; Ты ўмацаваў сьвятло і сонца.
Твой дзень і Твая ноч; Ты змайстраваў свяцілы і сонца.
Ты назначыў усе межы зямлі; лета і зіму — Ты іх уфармаваў.
Ты ўсталяваў усе межы зямлі, лета і зіму — Ты стварыў гэта.
Памятай пра гэта: вораг зьневажае ГОСПАДА, і народ бязглузды пагарджае імем Тваім!
Помні пра гэта: непрыяцель зняважыў Госпада, і народ неразумны зняславіў імя Тваё.
Не аддавай хеўры [гэтай] душу туркаўкі Тваёй; не забудзь назаўсёды грамаду прыгнечаных Тваіх.
Не аддавай звярам душы тых, што вызнаюць Цябе, і не забудзь навечна пра душы бедных Тваіх.
Узглянь на запавет Твой, бо цёмныя месцы зямлі напоўненыя сялібамі гвалту.
Зірні на запавет, бо сховы зямныя поўныя прыбежышчаў гвалту.
Няхай не вяртаецца ўцісьнёны асаромленым, няхай бедныя і прыгнечаныя хваляць імя Тваё!
Хай пакорлівы не вяртаецца пасаромленым; бедны і ўбогі хай хваляць імя Тваё.
Паўстань, Божа! Змагайся ў справе Тваёй! Узгадай, што бязглузды ганьбіць Цябе кожны дзень.
Уздыміся, Божа, будзь суддзёю ў справе Тваёй; памятай пра ганьбаванні Твае, якія цэлы дзень спараджае неразумны.
Не забудзь голас ненавісьнікаў Тваіх, гармідар тых, якія паўстаюць супраць Цябе, што ўсьцяж узьнімаецца!
Не забывайся на галасы непрыяцеляў Тваіх; заўсёды ўздымаецца гоман праціўнікаў Тваіх.