Псалтыр 141 псалом

Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Псальм Давіда. ГОСПАДЗЕ, клічу Цябе! Пасьпяшайся да мяне! Прыхілі вуха на голас мой, калі клічу да Цябе!
 
Псальм. Давідаў. Госпадзе, клічу я Цябе, хутка памажы мне; паслухай голасу майго, калі прызываю Цябе.

Няхай будзе малітва мая як кадзіла перад абліччам Тваім, а ўзьніманьне рук маіх — як дар вечаровы!
 
Хай малітва мая накіруецца да Цябе, як кадзіла, а паднятыя рукі мае, як вячэрняя ахвяра.

Пастаў, ГОСПАДЗЕ, варту вуснам маім, захоўвай дзьверы губаў маіх!
 
Пастаў варту, Госпадзе, для вуснаў маіх, сторажаў ля дзвярэй вуснаў маіх.

Ня дай прыхіліцца сэрцу майму да словаў ліхіх, да чыненьня справаў бязбожных з людзьмі злачыннымі, і няхай ня буду я есьці ласункі іхнія.
 
Не схілі сэрца майго да слова злачыннага дзеля прыдумлення бязбожных задумаў з людзьмі, якія чыняць несправядлівасць; і не буду есці прыватных страў іх.

Няхай б’е мяне праведнік, [бо гэта] міласэрнасьць; няхай карае мяне, [бо гэта] алей для галавы, які не пашкодзіць галаве маёй; бо малітва мая — супраць ліхоты іхняй.
 
Хай мяне ўдарыць Справядлівы ў міласэрнасці і паўшчувае мяне; алей жа грэшніка хай не намасціць галавы маёй, бо нават малітва мая супраць ліхадзействаў іх.

Няхай будуць скінутыя ў рукі Скалы судзьдзі іхнія, і пачуюць яны словы мае, бо яны прыемныя.
 
Кінутыя ў ліхія рукі суддзяў сваіх пачуюць словы мае, бо яны былі лагоднымі.

Быццам нехта трушчыць і сячэ [дровы] на зямлі, так сыплюцца косткі нашыя ў пашчу пекла.
 
Як кавалкі ад рассякання і ўзорвання на зямлі, рассыпаны косці іх па цяснінах пекла.

Але да Цябе, ГОСПАДЗЕ, Госпадзе мой, вочы мае; у Табе я маю надзею, не зруйнуй Ты душы маёй.
 
Бо да Цябе, Госпадзе, Госпадзе, [звяртаю] вочы мае; да Цябе прыбег я; не губі душы маёй.

Захавай Ты мяне ад пасткі, што яны наставілі на мяне, ад сіла, [што наставілі] злачынцы.
 
Сцеражы мяне ад сіла, якое наставілі на мяне, і ад спакусаў тых, што чыняць несправядлівасць.

Няхай патрапяць усе разам бязбожнікі ў сеці свае, а я абміну іх.
 
Хай грэшнікі ўсе разам паўпадаюць у свае петлі і дай, каб я выйшаў цэлы.