Псалтыр 110 псалом

Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Псальм Давіда. Сказаў ГОСПАД Госпаду майму: «Сядзь праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх як падножжа пад стопы Твае!»
 
Давідаў. Псальм. Сказаў Госпад Госпаду майму: «Сядзь праваруч Мяне, аж дакуль пакладу непрыяцеляў Тваіх пад ногі Твае».

Кій моцы тваёй пашле ГОСПАД з Сыёну: «Мей уладу сярод ворагаў тваіх!»
 
Жазло магуцця Твайго вышле Госпад з Сіёна: «Валадар Ты сярод непрыяцеляў Тваіх!

Народ твой у дзень магутнасьці тваёй ахвотна зьбярэцца ў аздобе сьвятой; як раса з улоньня сьвітаньня будзе маладосьць твая.
 
За Табою першынства ў дзень магуцця Твайго, у ззянні святым, з улоння на досвітку нарадзіў я Цябе».

Прысягнуў ГОСПАД і не раскаецца: «Ты — сьвятар на вякі паводле парадку Мэльхісэдэка».
 
Прысягнуў Госпад і не пашкадуе: «Ты святар навекі на ўзор Мэльхісэдэха».

Госпад праваруч цябе ў дзень гневу Свайго скрышыць валадароў,
 
Госпад праваруч Цябе: у дзень гневу Свайго зрыне Ён цароў.

будзе судзіць народы, усё напоўніць трупамі, скрышыць галаву, што пануе над многімі землямі.
 
Ён будзе судзіць народы: будзе поўна трупаў, зрыне Ён галовы на зямной прасторы.

Са струменя нап’ецца ў дарозе і дзеля таго ўзвысіць галаву.
 
Па дарозе нап’ецца з ручая і дзеля таго падыме галаву.