Псалтыр 129 псалом

Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Сьпеў узыходжаньня. Шмат уціскалі мяне з маладосьці маёй, — няхай скажа Ізраіль, —
 
Песня ўзыходжання. Часта нападалі на мяне з маладосці маёй; хай кажа цяпер Ізраэль,

шмат уціскалі мяне з маладосьці маёй, але мяне не перамаглі.
 
часта нападалі на мяне з маладосці маёй, але не перамаглі мяне.

На хрыбце маім аралі аратыя, праганяючы доўгія барозны свае.
 
На маёй спіне аратаі аралі, праклалі яны доўгія барозны свае.

ГОСПАД праведны, Ён расьсек вяроўкі бязбожнікаў.
 
Справядлівы ж Госпад разбіў каркі грэшнікаў.

Няхай будуць асаромленыя і адступяцца назад усе, што ненавідзяць Сыён!
 
Хай пасаромяцца і абернуцца назад ўсе тыя, што ненавідзяць Сіён.

Няхай будуць яны, як трава на даху, якая раней, чым вырвуць яе, засыхае,
 
Хай стануцца яны падобныя да травы на страсе, якая высахла раней, чым яе вырвуць,

і жнец не напоўніць ёю рукі сваёй, і вязальнік снапоў — жменяў сваіх.
 
не напоўніць ёю рукі сваёй касец, ані пазухі той, хто збірае снапы.

І ня скажа той, што міма праходзіць: «Дабраслаўленьне ГОСПАДА няхай будзе над вамі! Дабраслаўляем вас імем ГОСПАДА!»
 
І не скажуць праходзячыя міма: «Дабраславенне Госпада вам! Дабраслаўляем вас у імя Госпада!»