Псалтыр 94 псалом
Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
Божа помсты, ГОСПАДЗЕ, Божа помсты, зазьзяй!
Бог помстаў, Госпадзе! Божа, Бог помстаў, заззяй!
Узьніміся, Судзьдзя зямлі, аднагародзь пыхліўцам за тое, што зрабілі яны!
Узвысся Ты, што судзіш зямлю, аддай заплату пыхлівым.
Дакуль бязбожнікі, ГОСПАДЗЕ, дакуль бязбожнікі будуць радавацца?
Дакуль жа бязбожнікі, Госпадзе, дакуль жа бязбожнікі будуць задавацца?
[Дакуль] будуць плявузгаць, прамаўляць дзёрзка? [Дакуль] будуць гаварыць усе злачынцы?
Будуць вымаўляць і прамаўляць нахабствы, будуць выхваляцца ўсе тыя, што чыняць несправядлівасць?
Яны крышаць народ Твой, ГОСПАДЗЕ, прыціскаюць спадчыну Тваю.
Прыніжаюць яны, Госпадзе, народ Твой, прыгнятаюць спадчыну Тваю.
Удоваў і прыхадняў мардуюць і сіротаў забіваюць,
Удаву і прыхадня забіваюць і сірот мардуюць.
і кажуць: «Ня ўбачыць гэтага ГОСПАД, і не даведаецца Бог Якуба!»
І кажуць яны: «Не бачыць Госпад, не разумее Бог Якубаў».
Зразумейце, бязглуздыя з народу! І калі, бязглуздыя, паразумнееце?
Зразумейце, неразумныя ў народзе, бязглуздыя, калі паразумнееце?
Ці ж Той, Які вуха стварыў, не пачуе? Ці ж Той, Які вока ўфармаваў, ня ўбачыць?
Ці ж Той, Хто насадзіў вуха, не пачуе? Або Той, што сфармаваў вока, не ўбачыць?
Ці ж Той, Які навучае народы, ня будзе караць, Той, Які вучыць чалавека ведам?
Ці ж Той, Хто спасцігае народы, не выкрые, Той, Хто вучыць чалавека разуменню?
ГОСПАД ведае думкі чалавечыя, што яны — марнасьць.
Госпад ведае думкі людзей, што яны марныя.
Шчасьлівы чалавек, якога Ты, ГОСПАДЗЕ, навучаеш і вучыш яго Закону Твайму,
Шчасны той чалавек, якога ўдасканальваеш Ты, Госпадзе, і паводле закону Твайго навучаеш яго,
каб быў ён у супакоі ў дні ліхія, пакуль выкапаны будзе дол для бязбожніка.
каб даць адпачыць яму ад ліхіх дзён, пакуль выкапаюць магілу для грэшніка.
Бо не адкіне ГОСПАД народ Свой, і спадчыну Сваю не пакіне.
Бо не адкіне Госпад свайго народа і не пакіне спадчыны сваёй.
Бо вернецца суд да праведнасьці, і пойдуць за ім усе правыя сэрцам.
Бо суд вернецца да справядлівасці, і пойдуць за ёю ўсе, хто праўдзівага сэрца.
Хто за мяне супраць злачынцаў паўстане? Хто заступіцца за мяне супраць тых, што робяць злачынства?
Хто стане за мяне супраць ліхадзеяў або хто стане разам са мною супраць тых, што чыняць несправядлівасць?
Калі б ГОСПАД ня быў успамогай мне, хутка душа мая пасялілася б у [месцы] маўчаньня.
Каб Госпад не ўспамог, хутка душа мая апынулася б у краіне маўклівасці.
Калі я сказаў: «Хістаецца нага мая!», міласэрнасьць Твая, ГОСПАДЗЕ, умацавала мяне.
Калі гавару я: «Нага мая хістаецца», міласэрнасць Твая, Госпадзе, падтрымлівае мяне.
Калі мноства цяжкіх думак у нутры маім, пацяшэньні Твае падбадзёрваюць душу маю.
Калі мноства турбот маіх у сэрцы маім, Твае суцяшэнні ўзвесяляюць маю душу.
Ці ж можа таварышаваць з Табою пасад загубы, які чыніць ліхоцьце супраць пастановы [Тваёй]?
Ці ж будзе з Табою сябраваць пасад несправядлівасці, які пад выглядам прыказання творыць пакуту?
Яны зьбіраюцца супраць душы праведніка і кроў нявінную асуджаюць.
Яны накідваюцца на душу справядлівага і асуджаюць кроў бязвінную.
Але ГОСПАД стаўся ўмацаваным замкам для мяне, і Бог мой — скалой прыстанішча майго.
І стаўся мне Госпад абаронаю і Бог мой — скалою прыстанішча майго;
І зьверне Ён на іх злачынства іхняе, і ў ліхоце іхняй вынішчыць іх; вынішчыць іх ГОСПАД, Бог наш.
і аддасць Ён ім іх несправядлівасць і ў ліхадзейнасці іх знішчыць іх. Знішчыць іх Госпад Бог наш.