Псалтыр 12 псалом
Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
Кіраўніку хору: на актаву. Псальм Давіда.
Кіраўніку хору. На актаву. Псальм Давідаў.
Збаў, ГОСПАДЗЕ, бо ня стала багабойных, бо верныя зьніклі сярод сыноў чалавечых.
Выратуй мяне, Госпадзе, бо святы знямогся, бо мала стала верных сярод сыноў чалавечых.
Марнасьць прамаўляе кожны да бліжняга, вуснамі лісьлівымі і сэрцам дваістым гавораць.
Хлусліва прамаўляе кожны да блізкага свайго; падступнымі вуснамі з крывадушным сэрцам гавораць.
Няхай адсячэ ГОСПАД усе вусны лісьлівыя, язык, што дзёрзка прамаўляе,
Вынішчыць Госпад усе вусны падступныя і язык напышлівы [тых],
тых, якія кажуць: «Языком нашым пераможам, вусны нашыя з намі! Хто гаспадар для нас?»
якія кажуць: «Языком сваім сябе ўзвялічым, вусны нашыя — пры нас; хто гаспадар над намі?»
«За злачынствы супраць прыгнечаных, за стогны ўцісканых паўстану цяпер, — кажа ГОСПАД, — пастаўлю ў бясьпецы таго, на якога дыхаюць [пагрозай]».
«Дзеля ўціскання гаротных ды ўздыхання ўбогіх паўстану цяпер, — кажа Госпад: — выратую таго, кім пагарджаюць».
Словы ГОСПАДА — чыстыя словы, срэбра ў горне ад зямлі ачышчанае, сямікроць ператопленае.
Словы Госпада — словы чыстыя, срэбра, што выпрабавана агнём, ад зямлі ачышчанае, сямікратна ачышчанае.
Ты, ГОСПАДЗЕ, абарані іх, захавай іх ад пакаленьня гэтага на вякі.
Ты, Госпадзе, абароніш нас і ад гэтага роду навек захаваеш.
Навокал ходзяць бязбожнікі, бо сярод сыноў чалавечых узвысіліся найбольш нягодныя.
Бязбожнікі ходзяць навокал, калі нягоднікі ўзвышаюцца сярод сыноў чалавечых.